24 красавiка 2024, Серада, 17:32
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Сказалі, што акумулятарным заводам займаецца Генпракуратура і Акадэмія навук»

4
«Сказалі, што акумулятарным заводам займаецца Генпракуратура і Акадэмія навук»
ФОТА: «БЕЛСАТ»

Берасцейскія актывісты выклікалі на дыван кіраўніцтва вобласці.

Гэта ўжо другая сустрэча. На першай кіраўнік Берасцейскага аблвыканкама Анатоль Ліс паабяцаў праверыць усе факты правапарушэнняў. Сёння Ліса на сустрэчы не было, паведамляе «Радыё Свабода».

Другая сустрэча праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода каля Берасця з кіраўніцтвам вобласці пачалася а 10 гадзіне 17 ліпеня і прадаўжалася да 12.00. На ёй адсутнічаў кіраўнік вобласці Анатоль Ліс. Як патлумачылі актывістам у аблвыканкаме, ён не змог прыйсці, бо заняты.

Адзін з праціўнікаў будаўніцтва завода, Дзмітрый Бекалюк, распавёў, што актывісты пачулі ад уладаў.

«Першы намеснік кіраўніка аблвыканкама быў, прадстаўнік «Водаканала», кіраўнік аховы навакольнага асяроддзя вобласці, прадстаўнікі ЖКГ, цэнтру эпідэміялогіі і гігіены, іншыя чыноўнікі, - распавёў Дзмітрый Бекалюк. - Мы зноў агучылі ўсе нашы пытанні наконт гэтага завода. Нам пра вынікі праверкі так нічога і не сказалі. Быў наш маналог. Сказалі, што інфармацыя прымаецца да ведама, будзе праверка. Сказалі таксама, што цяпер ідзе праверка Генпракуратуры, якая вывучае працэс будаўніцтва завода. Генпракуратура прыцягнула да гэтага Акадэмію навук і іншыя ўстановы. Я прасіў даць нам адказы на пытанні, якія мы задавалі кіраўніку аблвыканкама Анатолю Лісу на першай сустрэчы. Сказалі, што адказу даць не могуць. Ніякіх адказаў мы не пачулі наогул. Нас слухалі, запісвалі і ўсё».

Першая сустрэча праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода каля Берасця з кіраўніцтвам берасцейскага аблвыканкама прайшла 12 чэрвеня. Яна таксама прадаўжалася некалькі гадзін. Падчас гутаркі з актывістамі Ліс паабяцаў праверыць усе факты парушэнняў, агучаныя наведвальнікамі. Праз тры дні пасля сустрэчы з імі Анатоль Ліс падпісаў распараджэнне аб спыненні будаўніцтва завода і правядзенні праверкі.

28 чэрвеня стала вядома пра затрыманне ўладальніка акумулятарнага завода каля Берасця, бізнэсоўца Віктара Лемяшэўскага. Праз пяць дзён пасля гэтага Генеральная пракуратура паведаміла, што супраць Лемяшэўскага і шэрагу ягоных падначаленых завялі крымінальныя справы за дачу хабару. На гэты момант бізнэсовец знаходзіцца ў СІЗА КДБ у Менску.

Нягледзячы на арышт Віктара Лемяшэўскага і праверку Генпракуратуры, берасцейскія актывісты прадаўжаюць кругласутачнае дзяжурства каля будынку завода, а таксама штотыднёвыя акцыі пратэсту на галоўнай плошчы абласнога цэнтра. У мінулую нядзелю 14 ліпеня на плошчу да будынка аблвыканкама выйшлі больш за сто чалавек. Са слоў актывістаў, пратэсты будуць спыненыя толькі пасля поўнага закрыцця прадпрыемства.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках