25 красавiка 2024, Чацвер, 20:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

FT: Санкцыі супраць РФ патрэбныя не толькі Украіне, але і Еўразвязу

8
FT: Санкцыі супраць РФ патрэбныя не толькі Украіне, але і Еўразвязу

Абарона еўрапейскай свабоды, росквіту і ладу жыцця патрабуе жорсткага адпору ўмяшанню Расеі.

Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін не ўтойвае сваю пагарду да заходняга лібералізму. Гэтак жа і яго правыя сябры ў Еўропе не ўтойваюць свайго захаплення прэзідэнтам Расеі і ягонай палітыкай. Кожны з бакоў адмаўляе, што гэтая сувязь выходзіць за межы палітычных поглядаў і выліваецца ў таемнае расейскае фінансаванне правых радыкальных сіл.

Аднак, урады краін-чальцоў ЕЗ, іх спецслужбы і судовыя следчыя не вераць гэтым запэўненням. Аб гэтым піша Financial Times, (пераклад - zn.ua) нагадваючы, што на мінулым тыдні стала вядома аб тым, што ў Мілане адкрылі справу аб міжнародным выпадку карупцыі.

Гэта адбылося пасля таго, як BuzzFeed апублікавала артыкул пра тое, што кіроўная ў Італіі партыя «Ліга» хацела атрымаць дзясяткі мільёнаў еўраў ад нелегальнай угоды з расейскай нафтавай кампаніяй. Лідар партыі Матэа Сальвіні, які адыгрывае ключавую ролю ў незвычайным папулісцкім урадзе краіны, адмаўляе, што зрабіў нешта незаконнае.

Калі абмеркаванне пагаднення і адбывалася, яно не мела вынікаў. Аднак, італійскі выпадак трывожна падобны на брудныя справы, якія вялі лідары аўстрыйскай «Партыі свабоды» з Масквой. Яны таксама абмяркоўвалі з расейскім бокам фінансавую падтрымку для аўстрыйскай палітычнай сілы. Скандал прывёў да краху кіроўнай кааліцыі ў Вене, якую сфармавала «Партыя свабоды».

У адрозненне ад савецкіх часоў, калі Масква спадзявалася толькі на «карысных ідыётаў» у заходніх камуністычных партыях, РФ пад кіраўніцтвам Пуціна супрацоўнічае з правымі і левымі радыкаламі, а таксама з рухамі, накіраванымі супраць істэблішменту. Масква нарошчвае сувязі і збірае кампрамат на ключавых палітыкаў. Кожны тыдзень хвалі прапаганды і фальшывых навін льюцца з пуцінскай Расеі ў краіны ЕЗ. Мэты цалкам празрыстыя: пасеяць раскол у еўрапейскім грамадстве, дэмаралізаваць грамадства, падарваць веру ў ліберальныя палітычныя сістэмы і каштоўнасці, прасоўваць русафільскія тэндэнцыі і падарваць аб'яднаны фронт, які ЕЗ стварыў супраць Масквы пасля анэксіі ўкраінскага Крыму ў 2014 годзе і пачатку расейскай вайны супраць Украіны на Данбасе.

Дзеля справядлівасці варта адзначыць, што праблемы еўрапейскіх дэмакратый, гэтак жа як і амерыканскіх, у асноўным «дамарошчаныя». Расея не стварыла іх, яна іх толькі эксплуатуе. Больш за тое, у краінах, такіх як Італія, жаданне зблізіцца з Масквой уласцівае не толькі правым радыкалам, хаця «Ліга» зайшла далей, чым хто-небудзь іншы, падпісаўшы пакт аб супрацоўніцтве з партыяй «Адзіная Расія». Яно распаўсюджанае ва ўсім палітычным спектры і карыстаецца падтрымкай італійскага бізнэсу таксама.

Разам з тым, вось антылібералізму ўяўляе пагрозу для сярэдняга еўрапейскага палітычнага парадку і дабрабыту еўрапейскага грамадства. Урад ЕЗ, яго інстытуты і юрыдычныя сістэмы могуць і павінны пастарацца, каб адбіць гэтыя атакі. Перш за ўсё, яны не павінны вагацца з прыцягненнем правых палітыкаў і партый да адказнасці, калі яны парушаюць закон у фінансавым полі або ўсякім іншым. Па-другое, яны павінны стварыць больш моцныя і больш сістэмныя захады для супрацьстаяння дэзінфармацыі, якую распаўсюджваюць Расея і ўнутраныя правыя радыкалы. А таксама трэба навучыць грамадзян распазнаваць фальшывыя навіны. І нарэшце санкцыі Еўразвязу супраць Расеі павінны заставацца ў дзеянні датуль, пакуль Масква не спыніць дэстабілізацыю Украіны. Абарона еўрапейскай свабоды, росквіту і ладу жыцця патрабуе жорсткага адпору як правым радыкалам, так і ўмяшанню Расеі.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках