29 сакавiка 2024, Пятніца, 1:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Стары Ольса» знайшоў застольную песню, якая гучала ў Нясвіжскім замку

2
«Стары Ольса» знайшоў застольную песню, якая гучала ў Нясвіжскім замку

16 лістапада пройдзе канцэрт да 20-годдзя гурта сярэднявечнай музыкі.

Перад канцэртам да 20-годдзя гурта сярэднявечнай музыкі "Стары Ольса" яе лідар Зміцер Сасноўскі распавёў kp.by, чаму калектыву яшчэ на шмат гадоў дастаткова песень са старажытнага «Полацкага сшытка»

- На лістападаўскім канцэрце мы пакажам кампазіцыі, якія гурт запісваў для альбомаў, а яшчэ тыя, якія ў альбомы не ўвайшлі, але на канцэртах выконваліся. Успомнім і рэчы накшталт песні «Пена піва», што не гучалі ўжо гадоў дзесяць. Будуць і новыя знаходкі - «Песня пра штурм замка Пулін», застольная песня XVIII стагоддзя «Курдыш», якая гучала толькі ў Нясвіжскім замку. Можа, пакажам фрагмент аўдыёспектаклю «Ладдзя Роспачы» паводле Уладзіміра Караткевіча, які ў свой час запісалі.

- Вы кажаце пра знаходкі. А за 20 гадоў «Старога Ольсы» яны сустракаюцца гэтак жа часта?

- Мала таго - іх становіцца больш. Мы пачыналі ў 1999 годзе са стылізацый пад эпоху Рэнесансу акурат таму, што не знаходзілі досыць гістарычнага матэрыялу. А цяпер стылізацыя нам не патрэбная. За гэтыя два дзясяткі гадоў многія архівы адкрыліся, матэрыялы адтуль выкладваюць у інтэрнэт. І ад гісторыкаў рэгулярна атрымліваем творы беларускай гістарычнай музычнай спадчыны - прычым нярэдка з нотамі і апісаннем. А ёсць яшчэ знакаміты сярэднявечны зборнік «Полацкі сшытак», які кожны музыка можа інтэрпрэтаваць па-свойму. Толькі з ім можна працаваць яшчэ не адно дзесяцігоддзе! У дадатак існуюць «Віленскі сшытак», пяснярскі «Аршанскі сшытак» з цалкам згубленымі нотамі...

- Што вам здаецца галоўным укладам «Старога Ольсы» ў нашу музычную культуру?

- Па-першае, вяртанне айчыннага гераічнага эпасу - гаворка пра традыцыйную музыку гараджан і вышэйшага саслоўя. Скажам, тое, што гучала ў замках. Па-другое, адкрыццё унікальнага ўсходнееўрапейскага спалучэння музыкі розных саслоўяў, перыядаў і нацыянальнасцяў. Творы траплялі ў гарады ў яшчэ архаічнай народнай манеры. Потым музыка развівалася сярод мяшчан і шляхты, па-ранейшаму натхняючы каранямі. Вядома, што лютністы (а гэта ўжо еўрапейскі інструмент) у XVI стагоддзі пісалі варыяцыі на народныя песні. Далей развіццё ішло ў сувязі і ў спалучэнні з еўрапейскай музыкай - гэта значыць у нас было сваё разуменне Рэнесансу і барока. Так, скажам, еўрапейскі танец «Бергамазка» стаў папулярным і ў нашых краях пад назвай «Пагамошка».

- За дваццаць гадоў вы выдалі чатыры кнігі пра гісторыю нашай музычнай культуры. Можа, рыхтуеце новы том да юбілею гурта?

- Задумак для навуковых кніг шмат. Цікава звярнуцца да складанага працэсу таго, як эпас з народнай культуры трапляў у вышэйшае саслоўе, а музычны імпарт з Еўропы, які культываваўся ў вярхах, ішоў у народ. Там ён дажыў да нашага часу. Іншая справа, што вяртанне гістарычнай памяці праз кнігу, лагічнае мысленне значна складаней, чым шмат у чым інтуітыўная музыка. Таму, дарэчы, у свой час з усіх галін ад гісторыі і археалогіі да іканаграфіі, якія цікавілі мяне я і абраў яе. Напэўна, кіруючыся прыкладна такімі адчуваннямі, напісаў мастацкую прозу - раман пра князя Вітаўта. Там, вядома, нямала дэталяў і з гісторыі музыкі.

- Фестывалі сярэднявечнай музыкі, як правіла, праходзяць у гістарычных месцах. Якія пляцоўкі вам запомніліся?

- Нядаўна прыехалі са славацкага Удгарда, дзе сцэна стаяла паміж двума гарамі і рэчкай. Вада ледзяная, але мы там рэгулярна купаліся. А ў свой час два польскія канцэрты «Стары Ольса» граў на рэканструкцыях сапраўдных дракары - велізарных ладдзях: у Лодзі судна стаяла на рацэ, а ў Оліне - проста ў Балтыйскім моры.

Падчас амерыканскіх гастроляў нас добра прымаюць у пратэстанцкіх і каталіцкіх прыходах. Неяк у Мэрылэндзе пазнаёміліся з мясцовым пастарам Рычардам. Яму спадабаўся наш кавер на біс на знакаміты Highway to Hell («Дарога ў Пекла») групы AC/DC. Пастар прапанаваў выступіць у ягонай царкве. Мы здзівіліся: «А вы тэкст гэтай песні памятаеце?..» Пастар Рычард праверыў у інтэрнэце: «Усе окей, без праблем».

- «Стары Ольса» акурат збіраецца ў чарговы тур па ЗША - ужо пяты...

- І мы аб'ехалі ледзь не ўсю Амерыку - рознымі маршрутамі ад Ціхага акіяна да Атлантыкі і назад. Часта выступалі на рэнесансных фестывалях - гэта 4 - 5 выхадаў у дзень па паўгадзіны кожны з сярэднявечнай поп-музыкай і танцамі. У кансерваторыях гралі па два аддзяленні камернай музыкі рэнесансу і барока.

Квіткі на касавыя канцэрты «Старога Ольсы» ў канцэртных залах, універсітэтах (выступы ў апошніх у ЗША ўважаюцца за вельмі прэстыжныя) каштуюць $10 - 40, але ў гарадскіх парках, у бібліятэках уваход вольны. Праўда, большасць прыбыткаў музыка ў ЗША ў кожным выпадку атрымлівае не ад ганарараў, а ад продажу дыскаў і атрыбутыкі. Вядома, на такіх канцэртах мы шмат расказваем пра сярэднявечную музыку, якой у ЗША амаль няма. Тым больш выкананай на інструментах - копіях старадаўніх, у блізкай да аўтэнтычнай манеры.

Юбілейны канцэрт гурта сярэднявечнай музыкі "Стары Ольса" пройдзе 16 лістапада ў Палацы прафсаюзаў. Пачатак а 19.00. Кошт квіткоў - 19 - 33 рублі. Тэлефон для даведак: (8-044) 551-77-06, (8-029) 851-77-06

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках