18 красавiка 2024, Чацвер, 6:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Святаслаў Вакарчук: Хачу прывесці ў Раду моладзь, каб змяніць Украіну

8
Святаслаў Вакарчук: Хачу прывесці ў Раду моладзь, каб змяніць Украіну
Святаслаў Вакарчук

Лідар партыі «Голас» распавёў пра прыклад Бенджаміна Франкліна для ўкраінскіх палітыкаў.

Украінскі рок-музыка, лідар гурту «Акіян Эльзы» Святаслаў Вакарчук, які стварыў сваю палітычную партыю «Голас» у сярэдзіне траўня, пазмагаецца за дэпутацкі мандат на маючых адбыцца парламенцкіх выбарах ва Украіне. У інтэрв'ю DW ён распавёў, чаму наважыў вярнуцца ў палітыку, якія мэты ставіць перад сабой яго партыя і ці будзе ён працягваць займацца музыкай.

- Святаслаў, вы адзін з самых яркіх выканаўцаў украінскай сцэны, навошта вы адмаўляецеся ад гэтага дзеля палітыкі?

- Я ад гэтага не адмаўляюся. Калі б мы жылі ў такой краіне, як Нямеччына, ці Вялікабрытанія, ці, напрыклад, ЗША, дзе вось ужо сотні гадоў існуюць устояныя правілы, справядлівасць і роўнасць, то тады для музыкі было б лепш спяваць, а для палітыка - займацца палітыкай. Але мы ва Украіне.

Паглядзім на прыклад іншых краін у самым пачатку станаўлення іх незалежнасці. Скажам, Амерыка канца 18-га стагоддзя. Тады Бенджамін Франклін, які быў напраўду навукоўцам і ніколі не хацеў станавіцца палітыкам, быў гатовы адмовіцца ад сваёй навукі і задавальнення ад яе, каб пабудаваць сваю краіну. Гэта прыклад для мяне і ўсіх нас.

Сёння няма музыкаў, адвакатаў, лекараў, або, да прыкладу, фермераў. Яны ўсе - украінцы, якім трэба будаваць краіну. 28 гадоў мы чакалі, што палітыкі нешта зменяць, але гэтага не адбылося. Зараз надышла чарга нам. І я спадзяюся зрабіць усё магчымае, зрабіць як мага больш. Калі я ўбачу, што мая місія выканана, я буду вельмі шчаслівы вярнуцца на сцэну і быць проста музыкам.

Між тым я не адмаўляюся ад музыкі. Калі мой расклад і абавязак дазволяць мне, я буду час ад часу даваць канцэрты.

- Ці страціла Украіна шанец наблізіцца да Еўропы пасля Еўрамайдана?

- Шанец ёсць заўсёды. Мы маглі зрабіць усё лепш, але я спадзяюся, што лепшае яшчэ наперадзе.

- Ці мяркуеце вы, што Еўропа падвяла Украіну?

- Вы пытаецеся, ці не падвялі нас? Глядзіце, лепшы сябар Украіны - гэта Украіна. Мы цэнім усю дапамогу, якую нам аказваюць еўрапейскія партнёры.

Мы ведаем, што без еўрапейскай падтрымкі мы б нават не былі там, дзе мы цяпер. Таму мы хочам сказаць дзякуй нашым еўрапейскім партнёрам. Поспех Украіны - не толькі яе поспех, але і ўсёй Еўропы ў будучыні. Таму што еўрапейскія каштоўнасці і барацьба за іх ідуць тут, ва Украіне.

- Вы не шкадуеце, што не сталі балатавацца ў прэзідэнты?

- Я заўсёды раблю тое, што ўважаю найбольш лагічным і эфектыўным. Я думаю, што балатавацца ў дэпутаты парламента і прывесці ўсіх гэтых маладых людзей са мной, каб змяніць краіну праз парламент - гэта найбольш эфектыўны спосаб. Фактычна парламент з'яўляецца сёння найбольш уплывовым і эфектыўным палітычным утварэннем, якое сапраўды можа дапамагчы змяніць Украіну.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках