29 сакавiка 2024, Пятніца, 9:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Шэсць бізнэс-гісторый, калі ўлады выкарыстоўвалі грыф «Для службовага карыстання»

6
Шэсць бізнэс-гісторый, калі ўлады выкарыстоўвалі грыф «Для службовага карыстання»

Як «працуюць» у Беларусі сябры Лукашэнкі.

Справа аб хабарах экс-памочніка Лукашэнкі Сяргея Раўнейкі разглядалася ў закрытым рэжыме. Хоць, здавалася б, звычайная гісторыя пра карупцыю. Напраўду можна ўспомніць дастаткова выпадкаў, калі ўлады засакрэчвалі інфармацыю адносна шэрагу рэзанансных праектаў. І яна не тычылася пытанняў нацыянальнай бяспекі або вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва, піша tut.by.

Табакерка

Самы свежы прыклад - стварэнне сеткі «Табакерка». Пару гадоў таму ўлады выдзелілі кампаніі «Энэрга-Оіл», падкантрольнай бізнэсоўцу Аляксею Алексіну, участкі для стварэння недзяржаўнай сеткі гандлю тытунёвымі вырабамі. На працягу 2018-2019 гг. кампанія павінна адкрыць блізу 2500 пунктаў продажу - шапікі, крамы, павільёны - па ўсёй краіне. Праект рэалізуецца ў рамках указа, які мае грыф «Для службовага карыстання».

Цыгарэтны бізнес «Энэрга-Оіла» толькі сеткай «Табакерка» не абмяжоўваецца. Раней паведамлялася, што кампанія інвесціруе ў праект 122 мільёны рублёў і павялічыць магутнасці Гарадзенскай тытунёвай фабрыкі. Алексін мае намер развіваць тытунёвую вытворчасць у Шабанах. Для гэтага ўказам Лукашэнкі змененыя межы Менска.

Акрамя таго, «Энэрга-Оіл» стаў другім імпарцёрам цыгарэт пасля «Беларусьгандля» Упраўлення справамі Лукашэнкі.

Паводле неафіцыйнай інфармацыі, гэты дакумент і «справа Раўнейкі» могуць быць узаемазвязаныя. Прынамсі, Лукашэнка казаў, што ў гісторыі з былым яго памочнікам фігураваў гандаль цыгарэтамі.

Угоддзі для Катара і ААЭ

У 2012 годзе дзяржаве Катар выдзелілі ў арэнду на 99 гадоў участкі зямлі ў Лагойскім і Смалявіцкім раёнах. Пра гэта сведчыць распараджэнне першага намесніка старшыні Менскага аблвыканкама пад грыфам «Для службовага карыстання». Адзін участак, на 25 гектараў, ля Дуброўскага вадасховішча аддалі пад будучую рэзідэнцыю кіруючай сям'і Катара. Яшчэ два - у Лагойскім раёне - пад паляўнічыя ўгоддзі.

Пазней стала вядома пра тое, што падобныя надзелы ў Менскай вобласці атрымалі і кампаніі з Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў. Структурам, звязаным з сям'ёй наследнага прынца Абу-Дабі, дасталася 32 квадратныя кіламетры паляўнічых угоддзяў. У канцы 2016 года «КПІ Дэвелопмент» таксама атрымала пад забудову ўчастак у цэнтры Менска, дзе раней былі 2-я бальніца і выставачны комплекс «Белэкспа».

«Славкалій»

Будаўніцтва расейскім мільярдэрам Міхаілам Гуцэрыевым калійнага камбіната ў Любанскім раёне таксама не абышлося без некаторай таямнічасці. У траўні 2016 года ўбачыла свет пастанова ўрада Беларусі №361, якім унесены змены ва ўмовы рэалізацыі інвестпраекта «Славкалій». Аднак дакладная інфармацыя аб змене ўмоў не апублікаваная. Шэраг пунктаў значыўся пад грыфам ДСП. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, гэтым дакументам скарэктаваныя ўмовы і графік будаўніцтва новага ГАКа.

У 2011 годзе было абвешчана, што кампанія Гуцарыева пры падтрымцы кіраўніцтва Беларусі пабудуе калійны камбінат ужо ў 2015-м. Але затым запуск адклалі на 2020 год. Зрэшты, цяпер дэдлайн усталяваны канчаткова і беспаваротна - 2023 год. Расейскі бізнэсовец двойчы на працягу тыдня запэўніў, што цяпер усё ідзе згодна з планам.

«Менск-Мір»

У 2014 годзе Лукашэнка ўхваліў рэалізацыю інвестпраекта «Эксперыментальны шматфункцыянальны комплекс «Менск-Мір». Падчас спрэчак жыхароў прыватных дамоў, на месцы якіх павінен быў быць пабудаваны новы комплекс, высветлілася, што інвестдамова Менгарвыканкама з забудоўшчыкам «Дана Астра» мае статус ДСК. Актывісты здзіўляліся: у чым прывабнасць праекта для горада, калі за кошт бюджэту ўзводзіцца сацыяльная інфраструктура, а жыллё сербскі забудоўшчык узводзіць за сродкі дольшчыкаў?

Меры дзяржпадтрымкі

Не сталі здабыткам шырокай публікі і некаторыя меры дзяржпадтрымкі буйных прамысловых прадпрыемстваў. Напрыклад, 5 студзеня 2018 году прэс-служба Лукашэнкі Беларусі паведаміла, што Лукашэнка прыняў рашэнні ў падтрымцы асобных прадпрыемстваў сістэмы Менпрама і «Беллегпрама». Кіраўнік дзяржавы падпісаў адпаведныя прававыя акты.

Прадпрыемствам дадзеныя адтэрміноўкі па вяртанні пазыковых сродкаў, а таксама растэрміноўкі ў выплаце працэнтаў за пададзеныя банкаўскія крэдытныя рэсурсы, гаварылася ў паведамленні. Пры гэтым з улікам патрабаванняў Лукашэнкі Беларусі «прапанаваныя тэрміны вяртання выдзеленых сродкаў былі скарочаныя, а таксама сталі больш жорсткімі ўмовы выдачы дзяржавай падтрымкі». Назвы прадпрыемстваў і падрабязныя меры не прыводзіліся.

Аднак указы так і не былі апублікаваныя на Нацыянальным прававым партале. «Дакумент ДСП», - сказалі ў Мінпраме, ад іншых каментароў адмовіліся. Суразмоўца на адным з прамысловых прадпрыемстваў растлумачыў, што «меры дзяржпадтрымкі няслушна тлумачацца [канкурэнтамі, банкамі і рэгулятарамі іншых краін] і дастаўляюць пэўныя цяжкасці на замежных рынках».

Блакаванне акцый

Інтарэсы дзяржавы ў бізнэс-спрэчках таксама могуць абараніць грыфам ДСК.

Год таму ў судзе разглядалася справа аб блакаванні акцый як мінімум трох кампаній - «Мінсктэлекамбуду», «Белсувязьбуду» і «Слонімскага кардона-папяровага заводу «Альбярцін». Камітэт дзяржкантролю прадставіў дакумент з грыфам «Для службовага карыстання», якім абгрунтоўвае неабходнасць блакавання акцый. У сувязі з гэтым з дакументам змог азнаёміцца толькі суд. Мінарытарныя акцыянеры, якія, уласна, і аспрэчвалі законнасць блакавання акцый прадпрыемстваў, былі пазбаўленыя такой магчымасці.

КДК растлумачыў, што даследаваў інфармацыю, якая паступала з розных крыніц і якая з'яўляецца ў тым ліку канфідэнцыяльнай. Між іншым, «разглядаўся рэестр акцыянераў, аналітыка па праведзеных угодах, меркаванні дзяржорганаў». Пад прыцэлам былі «розныя юрыдычныя асобы, якія звязаны агульнымі інтарэсамі». Прапановы абмежаваць распараджэнне акцыямі зыходзілі ж ад работнікаў прадпрыемстваў і мясцовых уладаў «у мэтах захавання сацыяльнай стабільнасці рэгіёну, у тым ліку на рынку працоўных рэсурсаў, а таксама ў мэтах абароны інтарэсаў дзяржавы».

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках