29 сакавiка 2024, Пятніца, 8:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Колькасць прадпрыемстваў з заробкам, меншым за «мінімалку», толькі расце

2
Колькасць прадпрыемстваў з заробкам, меншым за «мінімалку», толькі расце

Уладам не ўдалося спыніць гэтую тэндэнцыю.

У Беларусі вырасла колькасць прадпрыемстваў, на якіх узнікаюць праблемы з выплатай заробкаў. У чэрвені ў 196 прадпрыемстваў і індывідуальных прадпрымальнікаў выявілі парушэнні тэрмінаў выплаты заробкаў і грошай пры звальненні (месяцам раней - у 154), піша tut.by.

Гэта вынікае са звестак Дэпартамента дзяржінспекцыі працы Мінпрацы. Уладам таксама не ўдаецца скараціць колькасць прадпрыемстваў, якія плацяць менш за мінімальны заробак.

Адзначым, што парушэнні ў выплаце заробкаў выявілі ў чэрвені, але яны маглі тычыцца выплат за папярэднія месяцы. На сёння некаторыя з прадпрыемстваў ужо маглі выплаціць затрыманы заробак. Пры гэтым у асобных арганізацыях маглі быць адзінкавыя выпадкі несвоечасовай выплаты заробку, а таксама выдачы грошай, меншых за «мінімалку», але аднак яны патрапілі ў статыстыку.

Больш за ўсё прадпрыемстваў і індывідуальных прадпрымальнікаў, у якіх у чэрвені выявілі парушэнні ў тэрмінах выплаты заробкаў і грошай пры звальненні, было ў Віцебскай і Менскай абласцях - 57 і 33 адпаведна. Менш за ўсё - у Гарадзенскай (14 прадпрыемстваў).

Сярод гэтых прадпрыемстваў - у тым ліку Аршанскі лясгас, Стайскі сельскі выканкам, «Гомельпрамбуд», Слонімская фабрыка мяккай мэблі, хакейны клуб «Дынама-Мінск», футбольны клуб «Дынама-Мінск», будаўнічая ўправа №34 ААТ «Будтрэст №7» у Менску, Барысаўскі крыштальны завод імя Ф. Э. Дзяржынскага, будаўнічы трэст №13 у Бабруйску, «Бабруйсксельмаш», Бабруйскі камбінат хлебапрадуктаў.

Пры гэтым у 34 арганізацый знайшлі ў чэрвені парушэнні ў выплаце заробкаў, ніжэйшых за мінімальныя. З іх 8 знаходзіцца ў Віцебскай вобласці, па 6 - у Гомельскай і Гарадзенскай, па 5 - у Берасцейскай і Менску.

У Менскай вобласці ў чэрвені існавала адно прадпрыемства, на якім выявілі выпадкі выплаты заробку, ніжэйшага за мінімальны, а ў Магілёўскай - 3. У лік гэтых прадпрыемстваў у тым ліку патрапілі ЖЭУ №3 Маскоўскага раёна Менска, БНТУ, Будаўніча-мантажны трэст №19 у Лідзе, Смаргонская МПМК-165, Лідская ДСПМК-72, Жыткавіцкі торфабрыкетны завод, Хойніцкая цэнтральная раённая лякарня, холдынгавая кампанія «Пінскдрэў», Тэлеханскі лясгас, СПМК-27 у Полацку.

За першае паўгоддзе кантрольныя органы выявілі 1434 факты парушэння наймальнікамі тэрмінаў выплаты заробку, сум, належных работнікам на дзень звальнення, сярэдняга заробку за час працоўнага адпачынку. За парушэнні штрафы атрымалі 1112 наймальнікаў і 1032 службовыя асобы на агульную суму 397,5 тысячы рублёў.

У студзені-чэрвені таксама выявілі 125 фактаў выплаты заробку, ніжэйшага за мінімальны. За гэтыя парушэнні штраф атрымалі 100 службовых асоб наймальнікаў на суму 6,2 тысячы рублёў.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках