25 красавiка 2024, Чацвер, 4:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Гомелі адзначылі Міжнародны дзень Нэльсана Мандэлы

5
У Гомелі адзначылі Міжнародны дзень Нэльсана Мандэлы
ЛЕАНІД СУДАЛЕНКА, МАРЫЯ ТАРАСЕНКА І АНДРЭЙ СТРЫЖАК, ФОТА: ГОМЕЛЬСКАЯ ВЯСНА

Дзень Нэльсана Мандэлы адзначаюць у свеце з 2009 года з ініцыятывы Генеральнай Асамблеі ААН.

18 ліпеня праваабаронцы Гомеля адзначылі Міжнародны дзень Нэльсана Мандэлы - дзень, прысвечаны каштоўнасцям першага дэмакратычна абранага прэзідэнта Паўднёвай Афрыкі.

Андрэй Стрыжак, Марыя Тарасенка і Леанід Судаленка ў найбольш людных месцах горада раздалі звыш 500 асобнікаў спэцвыпуску газэты «Народная воля», які распавядае пра пераслед за іншадумства ў Беларусі, піша gomelspring.org.

Дзень Нэльсана Мандэлы адзначаюць у свеце з 2009 года з ініцыятывы Генеральнай Асамблеі ААН. Ідэя гэтага свята ў тым, што кожны чалавек можа змяніць свет і зрабіць унёсак у пазітыўныя змены, стаўшы валанцёрам або выконваючы працы на карысць грамадства.

Нэльсан Мандэла быў міратворцам сусветнага маштабу. Ён аддана служыў чалавецтву, імкнучыся ўрэгуляваць канфлікты, ліквідаваць міжрасавую варожасць, абараняў і прасоўваў правы чалавека, выступаў за роўнасць і абарону уразлівых груп, змагаўся з галечай і прапагандаваў сацыяльную справядлівасць. Будзе справядлівым сказаць, што Нэльсан Мандэла змагаўся за мір ва ўсім свеце.

Будучы прыкметным палітычным лідарам яшчэ з юнацтва, Нэльсан Мандэла быў асуджаны да пажыццёвага зняволення і правёў за кратамі 27 гадоў. На знак павагі да спадчыны нябожчыка прэзідэнта Паўднёвай Афрыкі, Генеральная Асамблея ААН назвала міжнародныя правілы абыходжання са зняволенымі «Правіламі Нэльсана Мандэлы».

«Мяркуецца, што немагчыма добра зразумець краіну, пакуль не пабываеш у турме гэтай краіны. Не варта судзіць пра краіну на падставе таго, як у яе ставяцца да прадстаўнікоў вышэйшага грамадства, судзіце краіну ў дачыненнях да тых, хто знаходзіцца на ніжэйшым узроўні», - казаў Нэльсан Мандэла.

18 ліпеня - гэта дзень нараджэння Нэльсана Мандэлы. У гэты дзень праваабаронцы і актывісты ўсяго свету зробяць што-небудзь у імя каштоўнасцяў знакамітага гуманіста і міратворца. Так, Генасамблея ААН адзначае 18 ліпеня неафіцыйнае пленарнае пасяджэнне, дзе прагучыць пасланне Генеральнага сакратара ААН Антоніё Гутэрыша:

«У гэты дзень мы аддаём належнае выдатнаму сусветнаму абаронцу годнасці і роўнасці і аднаму з самых знакавых і натхняльных лідараў нашага часу. Нэльсан Мандэла быў прыкладам мужнасці, спагады і прыхільнасці свабодзе, міру і сацыяльнай справядлівасці. Ён жыў паводле гэтых прынцыпаў і быў гатовы ахвяраваць сваёй свабодай і нават жыццём дзеля іх.

Заклікі Нэльсана Мандэлы да сацыяльнай згуртаванасці і спынення расізму асабліва актуальныя сёння, калі ненавісныя выказванні кідаюць цень на ўсё чалавецтва. Працуючы разам дзеля міру, стабільнасці, устойлівага развіцця і правоў чалавека для ўсіх, нам было б карысна ўспомніць прыклад, пададзены Нэльсан Мандэлам.

Найлепшы спосаб аддаць належнае - дзейнічаць. Пасланне Нэльсана Мандэлы свету гранічна зразумелае. Кожны з нас можа падняцца і дзейнічаць дзеля перамен. Мы ўсе абавязаныя гэта зрабіць. У гэты дзень разважанняў аб жыцці і працы Нэльсана Мандэлы давайце ўшануем ягоную спадчыну і будзем пераймаць ягоны прыклад".

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках