20 красавiка 2024, Субота, 1:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сям'я Бакіевых вядзе бізнэс у Беларусі праз шатландскія афшоры

4
Сям'я Бакіевых вядзе бізнэс у Беларусі праз шатландскія афшоры

Сям'я экс-дыктатара Кыргызстана ўцякла ў Беларусь пасля антыўрадавых выступаў 2010 года.

У Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі выявілася дзель пляменніка Курманбека Бакіева. Асылбек Саліеў валодае ёй праз шатландскія афшоры.

Асылбеку Саліеву - 31 год. Паводле звестак з брытанскага рэестра, ён мае значны кантроль у двух шатландскіх кампаніях - Altastar LP і Maxforse LP. І ў адной, і ў іншай ягоная дзель перасягае 75%, піша naviny.by.

У сваю чаргу Altastar LP належыць 11%, а Maxforse LP - 11,5% у ЗАТ «Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя». Такім чынам, праз шатландскія афшоры Асылбек Саліев кантралюе 22,5% у БНБК.

Яшчэ 22,5% у карпарацыі належыць двум эмірацкім кампаніям - Al Salaam Biotech Investments Ltd. і Al Ziad Agro Investments Ltd. Хто стаіць за імі, пакуль невядома.

Беларуская дзяржава валодае 25% у БНБК. Буйным кітайскім кампаніям CITIC International Investments Ltd. і COFCO Corporation належыць 20% і 9%, адпаведна. 1% у статутным фондзе мае расейская кампанія «Вірэн-Інвест».

Асылбек Саліеў з'яўляецца сынам Жаныша Бакіева - роднага брата былога прэзідэнта Кыргызстана Курманбека Бакіева. Жаныш Бакіеў раней узначальваў Службу дзяржаўнай аховы, але пасля антыўрадавых выступаў у 2010 годзе разам з братам пакінуў Кыргызстан. Абодва жывуць у Беларусі.

Як заяўляў «Радыё Свабода» фінансавы дарадца Бакіевых Яўген Гурэвіч, сям'я былога прэзідэнта Кыргызстана вывела з краіны 200-300 млн даляраў.

У брытанскім рэестры паказана, што Асылбек Саліеў мае беларускае грамадзянства і жыве ў Беларусі. На радзіме ён вядомы судовымі цяжбамі з двума газетамі падчас кіравання свайго дзядзькі.

У 2008 годзе ён падаў пазоў аб абароне гонару і годнасці, палічыўшы сябе абражаным праз публікацыю ў газетах «Алібі» і «Дэ-факта» інфармацыі аб смяротнай аўтамабільнай аварыі, да якой ён меў дачыненне. Свой гонар ён ацаніў на мільён самоў (звыш 28 тысяч даляраў). Суд тады стаў на ягоны бок.

Надоечы Асылбек Саліеў выступіў на іфтары (дабрачыннай вячэры для суайчыннікаў падчас месяца Рамадан), які прайшоў у Маскве ад імя Курманбека Бакіева. Саліеў перадаў прысутным прывітанне ад свайго дзядзькі. Які, між іншым, 1 жніўня адсвяткуе 70-годдзе.

ЗАТ «БНБК» будуе на плошчы 160 га ў Пухавіцкім раёне пад Рудзенскам буйны комплекс вытворчасці амінакіслот, камбікармоў і прэміксаў. Будаўніцтва заводаў ўрачыста запусцілі ў 2018 годзе. Яго плануецца закончыць да 2032 года.

Агульны кошт праекта складае 733 мільёны даляраў. Пад яго рэалізацыю Эксімбанк Кітая выдаў льготны крэдыт на 628 млн даляраў.

Дырэктарам карпарацыі з'яўляецца Данііл Урыцкі, у якім у Кыргызстане апазналі былога прэм'ер-міністра Даніяра Усенава. Топ-мэнэджэрамі ў БНБК працуюць былы намеснік кіраўніка спраў Беларусі і першая намесніца міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Надзея Каткавец і сын намесніка кіраўніка Адміністрацыі кіраўніка Беларусі Ілля Снапкоў.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках