19 красавiка 2024, Пятніца, 7:05
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Галоўнага інжынера МЗКЦ, які правёў у СІЗА 50 месяцаў, апраўдалі

46
Галоўнага інжынера МЗКЦ, які правёў у СІЗА 50 месяцаў, апраўдалі
ФОТА: ДАР'Я БУРАКІНА, TUT.BY

Напярэдадні пракурор запрасіў для Андрэя Галавача 9 гадоў пазбаўлення волі.

Сёння суд Першамайскага раёна Менска абвясціў прысуд Андрэю Галавачу, які знаходзіцца за кратамі ўжо 50 месяцаў. Яго прызналі невінаватым ў атрыманні хабараў і злоўжыванні ўладай. Галоўны інжынер МЗКЦ - рэкардсмен па часе, праведзеным у СІЗА, хоць у першай справе ён быў апраўданы ў судзе тройчы, піша tut.by.

- Невінаваты, - такі прысуд у дачыненні да галоўнага інжынера МЗКЦ у пятніцу, 19 ліпеня, вынес суд Першамайскага раёна.

Напярэдадні пракурор Юрый Шарснёў заявіў: віна Галавача даведзеная цалкам, ён папрасіў суд прызнаць фігуранта вінаватым і прысудзіць да 9 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Абаронцы галоўнага інжынера МЗКЦ казалі пра адваротнае. Ніводны з чатырох хабарадавальнікаў не з'явіўся на працэс, іх паказанні падчас папярэдняга расследавання непаслядоўныя і супярэчлівыя, няма ні відэа, ні аўдыёзапісу, якія б пацвярджалі, што Галавач браў хабары. Таму іх падабароннага трэба апраўдаць паводле ўсіх пунктаў абвінавачвання.

Выслухаўшы ўсе бакі, суд пайшоў у дарадчы пакой на два дні. Сёння суддзя Святлана Чараповіч абвясціла прысуд. Андрэй Галавач прызнаны не вінаватым на падставе ч.2, 3 арт.430 КК (Атрыманне хабару ў асабліва значнай суме), ч.2 арт.424 (Злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі), і суд пастанавіў яго апраўдаць.

- На мой погляд, гэтая справа складаецца з адных сумневаў. (...) Я веру, што высокі суд прыме справядлівую пастанову і ўвесь гэты кашмар скончыцца, - казаў у сваім апошнім слове Андрэй Галавач.

Падчас працэсу фігурант распавядаў, што знаходзіцца за кратамі ўжо 50 месяцаў, і «вельмі хочацца дадому». Цяпер у галоўнага інжынера МЗКЦ ёсць права звяртацца ў суд з пазовам аб кампенсацыі маральнай шкоды ў сувязі з утрыманнем у СІЗА.

- Я верыў з першага дня, што так і будзе! - заявіў Галавач на прыступках суда.

Новае абвінавачванне, нагадаем, было выстаўленае 5 лютага 2018 года - проста ў судзе, дзе ён быў апраўданы.

- Сама справа, якую мы сёння разбіраем, заведзеная 5 лютага 2018 года - праз 15 хвілін пасля абвяшчэння апраўдальнага прысуду. Мяне затрымліваў той жа следчы, які вёў справу, паводле якой я быў апраўданы. Гэта наогул ставіць пад сумнеў аб'ектыўнасць правядзення следства, - казаў 16 ліпеня падчас працэсу Андрэй Галавач.

Нагадаем, ён быў затрыманы ў будынку суда адразу ж пасля абвяшчэння апраўдальнага прысуду. На гэты раз, паводле версіі следства, атрымаў у якасці хабару 192 200 даляраў, 35 тысяч еўраў і «меў намер атрымаць яшчэ 240 тысяч даляраў», але не паспеў, бо быў затрыманы.

- На жаль, бок абвінавачвання ні ў чым не засумняваўся, - казаў адвакат Аляксей Швакаў. - А што рабіць з тым, што адсутнічае відэа- і аўдыёзапіс, якія на 100% даводзяць віну. Чаму няма асноўных сведак, на якіх спасылаецца абвінавачванне? Няўжо іх паказанняў на стадыі следства дастаткова? Дзе шкода, прычыненая дзеяннямі Галавача? Як можна злоўжываць службовым становішчам і не прычыніць ніякай шкоды? Наадварот, мы бачым, што за Галавачом завод квітнеў. Шмат тут пытанняў. Чаму хабарадавальнікі не прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці? (...) Абуральны факт: ніводзін з хабарадавальнікаў не прыйшоў у суд. І чыя гэта праблема? Дакладна не наша, а боку абвінавачання.

Напісаць каментар 46

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках