19 красавiка 2024, Пятніца, 20:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Участак другой галіны метро ў Менску на час закрыюць

3
Участак другой галіны метро ў Менску на час закрыюць

Некаторыя станцыі будуць зачыненыя праз будаўніцтва трэцяй лініі.

У Менску прыйдзецца ненадоўга зачыніць некалькі дзейных станцый метро ў той час, калі будуць будаваць прымыканне другой і трэцяй ліній. Інфармацыю tut.by пацвердзілі ў некалькіх транспартных арганізацыях.

Інфармацыя пра магчымае закрыццё часткі другой галіны праз будаўніцтва трэцяй з'явілася на форуме esmasoft.com. Аматары транспарту абмяркоўваюць, што станцыі ад «Фрунзенскай» да «Каменнай Горкі» прыйдзецца зачыніць на час, калі будуць будаваць стрэлку для цягнікоў трэцяй лініі. Нагадаем, менавіта са станцыі «Фрунзенскай» можна будзе пераходзіць на станцыю «Юбілейная плошча» трэцяй лініі.

У ГП «Сталічны транспарт і сувязь» распавялі, што момант закрыцця станцый на некаторы час сапраўды абмяркоўваўся з Дырэкцыяй будаўніцтва Менскага метрапалітэна:

- Мы параілі выбраць даты, калі будзе як мага больш выходных дзён, напрыклад у лістападзе. Але пастановы пакуль няма.

Сапраўды, у гэтым месяцы запар будзе аж чатыры выходныя: 7, 8, 9 і 10 лістапада. Зручны час для работ, бо ў выходныя дні падземкай карыстаецца менш пасажыраў.

«Дата і тэрмін закрыцця руху электрацягнікоў цяпер не вызначаны, бо праектная дакументацыя знаходзіцца на ўзгадненні», - адзначае Дырэкцыя будаўніцтва Менскага метрапалітэна.

Калі дакументы будуць узгоднены, распрацуюць дэталёвы графік выканання будаўніча-мантажных работ, падрыхтуюць рашэнне Менгарвыканкама на закрыццё ўчастка другой лініі. Пра гэта абяцаюць паінфармаваць у сродках масавай інфармацыі горада Менска.

Трэба дадаць, што прымыканне трэцяй лініі да другой будуць рабіць на перагоне паміж станцыямі «Фрунзенская» і «Маладзёжная». Калі рух ад «Фрунзенскай» да «Каменнай Горкі» на нейкі час закрыюць, то кампенсаваць падземны маршрут прыйдзецца наземнымі відамі транспарту.

- Як мінімум трэба будзе пускаць часовы аўтобусны маршрут з прыпынкамі каля станцый метро, - распавялі ў арганізацыі «Сталічны транспарт і сувязь».

Сярод станцый, якія могуць ненадоўга зачыніць, «Каменная Горка»: у 2018 годзе яна была адной з самых загружаных у Менскім метрапалітэне. Там пабывалі 21,2 мільёна пасажыраў. Для параўнання: станцыяй «Маладзёжнай» летась скарысталіся 5,2 мільёна чалавек.

Зараз у Менску будуюцца чатыры станцыі трэцяй лініі метро: «Юбілейная плошча» - побач з «Фрунзенскай», «Плошча Францішка Багушэвіча» - ля Музычнага тэатра, «Вакзальная» - з выхадам на дыспетчарскую станцыю «Дружная», «Кавальская Слабада» - у раёне вуліцы Жукоўскага. Усе гэтыя чатыры станцыі ўваходзяць у першую чаргу будаўніцтва новай лініі падземкі - паведамлялася, што іх здадуць у 2020 годзе.

Часова закрываюць некаторыя станцыі дзейных ліній, напрыклад у Маскве. Нядаўна там зачынялі дзевяць станцый Сакольніцкай лініі метро. Прычына - будаўніцтва паўднёва-заходняга ўчастка Вялікай колавай лініі. Частка гэтага ўчастка праходзіць непасрэдна пад станцыяй «Праспект Вярнадскага». Па будаўнічых нормах, падчас работ у зоне дзейнага метро для бяспекі трэба часова спыняць рух цягнікоў, тлумачылася на сайце Маскоўскага метрапалітэна. Дарэчы, будаўнікі метро ў Маскве знялі абмежаванні па руху на два дні раней, чым меркавалася.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках