29 сакавiка 2024, Пятніца, 8:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Наша зброя - слова»: у Менску ўшанавалі памяць Паўла Шарамета

3
«Наша зброя - слова»: у Менску ўшанавалі памяць Паўла Шарамета
ФОТА: ВОЛЬГА ХВОІН

Калегі і родзічы наведалі магілу журналіста на Паўночных могілках.

У трэцюю гадавіну забойства журналіста калегі і родзічы наведалі магілу Паўла Шарамета на Паўночных могілках у Менску, перадае baj.by.

Мама Паўла Людміла Шарамет расказала, што сёлета яна мела выпадковую сустрэчу з Пятром Парашэнкам, які калісьці абяцаў, што забойства Паўла будзе выкрытае. Але гэтага не адбылося, таму спн.Людміла больш не верыць абяцанкам палітыкаў.

"Ва Украіне новы прэзідэнт, новыя службы бяспекі, новае кіраўніцтва. Яны маюць рабіць нейкія захады, але нічога няма... Калі б нешта адбывалася, мы б ведалі. Звяртацца да іх я больш не хачу.

Вялікі дзякуй вам, што памятаеце Паўла, прыходзіце сюды. Нізкі паклон вам за гэта. Але я яшчэ хачу сказаць, каб вы шанаваліся, былі асцярожныя, - звярнулася мама Паўла да прысутных. - Побач са мной стаіць мама Веранікі Чаркасавай. Гэта была мілая дзяўчынка, яна пісала выдатныя артыкулы... (Журналістка Вераніка Чаркасава была забітая 20 кастрычніка 2004 года ў асабістай кватэры. Следства ў гэтай крымінальнай справе прыпыненае «ў сувязі з невысвятленнем асобы, якая падлягае прыцягненню ў якасці абвінавачанага» - рэдакцыя)

Калі гэта здарылася з Паўлам, мама Веранікі сказала мне: "Людміла, трымайцеся". Я адказала: "Ну, Вы ж трымаецеся". Так мы і трымаемся".

- Людміла расказала сёння прыкрую гісторыю пра тое, што беларускія кіроўцы адмаўляліся перадаць фатаграфіі Паўла ў Кіеў. Яго памятаюць, а хтосьці і праз тры гады пасля забойства баіцца - баіцца яго, ягоных спраў. Мне асабіста цяжка зразумець такую пазіцыю, але гэта паказвае, што і тады, і цяпер асоба Паўла грае сваю ролю, - сказаў старшыня ГА «БАЖ» Андрэй Бастунец.

ФОТА: ВОЛЬГА ХВОІН

"Дзякуй усім, хто сабраўся тут. Павел - чалавек, на якога мы глядзім, хто ёсць для нас настаўнікам, прыкладам смелага журналіста. Журналісты не могуць абараняць сябе зброяй, наша зброя - слова. Мы можам задаваць пытанні, шукаць на іх адказы, хто б ні быў ва ўладзе тут або ва Украіне", - сказаў намеснік старшыні ГА «БАЖ» Барыс Гарэцкі.

"Павел быў асаблівым чалавекам. Сыходзяць велічыні, асобы вялікага маштабу - Павел Шарамет, Аляксандр Ліпай летась. Я з велізарным цяплом успамінаю Паўла, у ім спалучыліся велічыні журналіста і чалавека. Мы будзем памятаць яго, гэта не проста наш абавязак, а нармальныя пачуцці чалавека", - сказаў журналіст Зміцер Наважылаў, ён шмат гадоў знаў Шарамета.

ФОТА: ВОЛЬГА ХВОІН

З Масквы прыехала і жонка Паўла Шарамета Наталля. У Паўла засталіся двое дзяцей - Мікалай і Лізавета.

ФОТА: ВОЛЬГА ХВОІН
ФОТА: ВОЛЬГА ХВОІН
ФОТА: ВОЛЬГА ХВОІН
ФОТА: ВОЛЬГА ХВОІН
Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках