25 красавiка 2024, Чацвер, 18:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пасля перапісу насельніцтва Беларусь па-іншаму падзеляць на раёны і вобласці?

51
Пасля перапісу насельніцтва Беларусь па-іншаму падзеляць на раёны і вобласці?

Нечаканую заяву зрабіў міністр эканомікі Дзмітрый Круты.

Маўляў, пасля перапісу насельніцтва ў кастрычніку гэтага года краіну могуць падзяліць па-іншаму. Мяркуючы з усяго - у залежнасці ад колькасці і рассялення людзей, піша kp.by.

- З мінулага года ў краіне «сур'ёзна пачала падымацца» тэма нашага рэгіянальнага развіцця. «Парламентарыі» атрымалі заданне паглядзець аж да адміністрацыйна-тэрытарыяльнага дзялення краіны, якое апошні раз было зафіксавана ў 1960-х і сёння з улікам развіцця, урбанізацыі, дэмаграфіі, міграцыі, натуральна, мае патрэбу ў пэўным карэктаванні. Тут мы найперш чакаем вынікаў перапісу насельніцтва, які адбудзецца ў канцы года, - сказаў Дзмітрый Круты. Сапраўды, апошні раз падзел краіны змяняўся амаль 60 гадоў таму, тады скасавалі Маладзечанскую вобласць.

Цяпер асаблівую ўвагу нададуць гарадам з насельніцтвам больш за 80 тысяч чалавек (такіх у краіне 17, мяркуючы са звестак мінулага года) і раёнам з цяжкім сацыяльна-эканамічным становішчам. Цяпер у нас такіх адсталых тэрыторый блізу трох дзесяткаў.

Якія ёсць варыянты дзялення краіны і чым дапаможа перапіс?

Некаторыя экспэрты мяркуюць, што цяперашняе адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне краіны далёкае ад ідэалу: рэгіёны моцна адрозніваюцца памерамі, колькасцю насельніцтва, узроўнем развіцця і інфраструктуры. Многія райцэнтры знаходзяцца бліжэй да Менска, чым да цэнтраў сваёй вобласці.

Наконт новага дзялення было шмат розных прапаноў, напрыклад прыбраць раёны, стварыць два дзесяткі абласцей замест цяперашніх шасці, а гарады-спадарожнікі Менска аб'яднаць у Менскую сталічную акругу... Але канкрэтыкі пакуль няма.

- Перапіс праводзіцца раз на 10 гадоў. Не сакрэт, што многія людзі едуць у Расею, з якой у нас адкрытыя межы, Польшчу, Літву, і там застаюцца, хоць паводле статыстыкі лічацца жыхарамі Беларусі. Іншыя едуць у Менск і буйныя гарады, і гэта таксама не заўсёды відаць з бягучай статыстыкі - тлумачыць дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандр Чубрык. - Папярэднія два перапісы колькасць насельніцтва была на 150-170 тысяч меншая, чым паводле статыстыкі. Атрымліваецца, мы бачым прыкладна адну карціну паводле статыстыкі, а напраўду праз няўлічаную міграцыю ў адных гарадах сітуацыя можа апынуцца значна горшай, чым у іншых, асабліва гэта прыкметна на перыферыі «цэнтраў прыцягнення», у маленькіх населеных пунктах. Пасля перапісу стане зразумела рэальнае сітуацыя ў населеных пунктах і тое, як планаваць адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне.

Пры гэтым зрабіць эфектыўную рэформу - зусім не простая задача. Самае галоўнае - гэта час яе правядзення. Ці гатовая эканоміка да такіх экспэрыментаў цяпер?

- У нас і так у эканоміцы нявызначанасць, а калі мы на яе накладзем і яшчэ і адміністрацыйна-тэрытарыяльную рэформу, тады ўсе традыцыйныя і зразумелыя маршруты - хто і што вызначае, да каго і па якім пытанні звяртацца, хто за якія дакументы адказвае - раптам зменяцца, - тлумачыць Аляксандр Чубрык. - Гэта ж новыя правілы, паўнамоцтвы, назвы і падпарадкаванасць. Спатрэбіцца час на адаптацыю, пакуль усё стане працаваць. Я думаю, адзіным рэалістычным варыянтам цяпер можа стаць аб'яднанне некалькіх малалікіх раёнаў - у Магілёўскай і Віцебскай абласцях ужо ёсць раёны з колькасцю насельніцтва меншай за 10 тысяч, і гэта з райцэнтрам.

Журналісты паглядзелі: сярод самых малалікіх раёнаў, напрыклад, Расонскі і Бешанковіцкі раён Віцебскай вобласці, Карэліцкі і Свіслацкі раён Гарадзенскай вобласці.

- Усё астатняе можа мець сур'ёзныя наступствы, эканоміка пакуль не гатовая да такіх шырокамаштабным экспэрыментаў. Значна важней - разгледзець пытанні самакіравання і дэцэнтралізацыі дзяржаўных фінансаў. Можна казаць пра тое, каб змяніць паўнамоцтвы аблвыканкамаў, перанесці штосьці на раённы ўзровень, але пакуль не зразумела, як гэта дапаможа рэгіёнам.

ДАРЭЧЫ

Цяпер сістэма дзялення Беларусі выглядае так: 6 абласцей, 118 раёнаў, адзін горад рэспубліканскага падпарадкавання - Менск, 10 гарадоў абласнога падпарадкавання (5 абласных цэнтраў, 3 райцэнтры, Жодзіна і Наваполацк), 104 гарады раённага падпарадкавання, 89 пасёлкаў гарадскога тыпу, 1164 сельсаветы.

Напісаць каментар 51

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках