24 красавiка 2024, Серада, 16:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Усё для фронту, усё пад адсоткі

3
Усё для фронту, усё пад адсоткі

Ці спішуць у Расеі абаронным прадпрыемствам пазыкі на 700 мільярдаў расейскіх рублёў?

У панядзелак, 8 ліпеня, віцэ-прэм'ер Расеі Юрый Барысаў выступаў на сэсіі аб дыверсіфікацыі расейскага абаронна-прамысловага комплексу (АПК) на выставе «Иннопром» у Екацярынбургу, пішуць журналісты «Новай газеты» Аляксандра Джорджавіч, Марыя Яфімава, Арнольд Хачатураў.

Ён заявіў, што профільныя прадпрыемствы краіны цярпяць ад высокага крэдытнага націску настолькі, што няблага было б камерцыйным банкам спісаць ім блізу 700 млрд рублёў пазык. «Асноўнае цела [гэтых крэдытаў] ужо ніколі не будзе кампенсавана», - запэўніў ён. Журналісты разбіраліся ў тым, што прычынілася да такога стану спраў у «абаронцы», ці сапраўды трэба пільна палегчыць крэдытны цяжар прадпрыемстваў. І за чый кошт гэта будзе адбывацца.

Спісаць нельга аплачваць

Закрэдытаванасць «абаронкі» на сённяшні дзень складае 2,3 трлн рублёў. Гэта значыць, сума 700 мільярдаў, прапанаваная да спісання, - гэта траціна ўсіх пазык АПК. 90% запазычанасці прыпадае на ОАК, ОСК, «Уралвагонозавод», «Высокоточные комплексы» і «Алмаз-Антэй».

На думку суразмоўцаў журналістаў ва ўрадзе, заява Барысава - гэта сігнал найперш прадпрыемствам, што віцэ-прэм'ер іх «абараняе», а таксама фінансаваму блоку ўрада - пра тое, што ім трэба рыхтавацца да такога сцэнару. «Юры Барысаў - чалавек вельмі асцярожны, ён не стаў бы казаць, калі б не атрымаў зверху адпаведнага дазволу», - мяркуе суразмоўца.

У Мінфіне не выключылі спісання часткі завінавачанасці, хоць намеснік кіраўніка ўстановы Аляксей Майсееў заўважыў, што сума 600-700 млрд рублёў «трохі завышаная». «700 мільярдаў - гэта гіганцкія грошы, 10-15% уласнага капіталу вядучых расейскіх банкаў», - сказаў прадстаўнік банкавага сэктару.

Барысаў заявіў, што абаронны сэктар «жыве надгаладзь, абслугоўваючы фінансавыя інстытуты, якія нічога не вырабляюць, а закліканы толькі забяспечваць працэс арганізацыі вытворчасці і ўкаранення прадукцыі». Паводле ягоных ацэнак, траціна сумы крэдытнага партфеля не працуе і не выплачваецца, а толькі «ідзе абслугоўванне адсоткаў», на выплату якіх трэба прыкладна 200 млрд рублёў. «Гэтая лічба стасуецца» з планавым прыбыткам прадпрыемстваў АПК, выходзіць такі парадокс», - сказаў Юрый Барысаў.

Паводле ацэнак экспэртаў, на сённяшні дзень больш за палову агульнага прыбытку прадпрыемствы АПК аддаюць банкам у выглядзе адсоткавых выплат. У выніку чыстага прыбытку застаецца 3-5%, а ў некаторых заводаў - і ўвогуле страты.

Для параўнання: банкавы сэктар у першым паўгоддзі ўстанавіў гістарычны рэкорд, зарабіўшы 1 трлн рублёў чыстага прыбытку, з іх амаль палову, 444 рублёў, атрымаў адзін Сбербанк.

«Зрэшты, тэза аб тым, што банкі нічога не вырабляюць, вельмі спрэчная: прадукцыйнасць працы ў банкавым сэктары Расеі даволі высокая і ў найлепшых узорах параўнальная з Заходняй Еўропай», - кажа прафесар РЭШ Алег Шабанаў. «Што да абароннага сэктару, то яго карысць таксама відавочная, бо гэты сэктар шчыльна звязаны з іншымі галінамі прамысловасці. Але ацаніць прадукцыйнасць працы ў сярэднім у АПК вельмі складана», - кажа эканаміст.

«Праблема ў тым, што няма экспэртных высноў аб якасці крэдытаў, якія Барысаў прапануе спісаць, - кажа загадчык лабараторыі вайсковай эканомікі Інстытута Гайдара Васілій Зацэпін, - а калі яны і ёсць, то толькі ў засакрэчаным выглядзе».

Усякае дараванне пазык без важкіх падстаў прычыняецца да злоўжыванняў і дэматывуе банкі ўдзельнічаць у крэдытаванні «абаронкі», катэгарычна сцвярджае крыніца ў банкавым сэктары. «Старана пазычальніка атрымлівае вестку, што можа не аддаваць крэдыты, бо дзяржава заплюшчыць на гэта вочы».

Паводле старой схемы

Суразмоўцы журналістаў у АПК упэўненыя, што ў ідэальнай сітуацыі іншыя галіны эканомікі не пацярпяць ад спісання, бо страты будуць кампенсаваныя з бюджэту. «Некалькі гадоў таму ўжо праводзілася такая аперацыя сплаты пазык АПК. Тады частку пазык скруціў Мінфін, заплаціўшы паводле дзяржаўнай гарантыі за раней выдадзеныя крэдыты прадпрыемствам АПК», - нагадвае аналітык Fitch Аляксандр Данілаў.

Гаворка ідзе пра крэдыты пад дзяржаўныя гарантыі, якія браліся прадпрыемствамі АПК у 2011-2014 гадах. Паводле звестак Інстытута Гайдара, за гэты перыяд банкі выдалі абаронным прадпрыемствам крэдытаў пад дзяржаўныя гарантыі на суму 1,22 трлн. Найбольшымі крэдыторамі былі Сбербанк (542 рублёў) і ВТБ (541 млрд рублёў), астатняя частка была дадзеная Газпромбанкам і Внешэкономбанкам.

17 траўня 2011 года Аляксей Кудрын, які тады быў міністрам фінансаў Расеі, адзначаў, што ўрад у 2009-2010 гадах з ініцыятывы Анатолія Сердзюкова даў дзяржаўныя гарантыі на крэдыты для АПК і падтрымаў сістэмаўтваральныя прадпрыемствы. «Для некаторых з іх гэта было вызначальным момантам для захавання ад банкруцтва і працягу дзейнасці, - сказаў тады міністр, - аднак, атрымаўшы дзяржаўныя гарантыі, прадпрыемствы перастаюць быць інвестыцыйна прывабнымі і пачынаюць залежаць ад дзяржавы».

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках