24 красавiка 2024, Серада, 8:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экспэрт: Расея пачакае з кампенсацыяй Беларусі страт за брудную нафту

7
Экспэрт: Расея пачакае з кампенсацыяй Беларусі страт за брудную нафту

«Белнафтахім» цярпіць страты.

Праз сітуацыю з бруднай нафтай з Расеі экспарт канцэрну «Белнафтахім» знізіўся на $ 800 млн у параўнанні з 2018 годам. Пра гэта паведаміў міністр эканомікі Беларусі Дзмітрый Круты ў эфіры тэлеканала «Беларусь 1».

«Паводле аб'ектыўных прычын - прычын бруднай нафты - мы былі вымушаныя сваю ўласную нафту, якую здабываем, часткова перапрацоўваць на сваіх заводах, і існавалі ў рэжыме пэўных абмежаванняў паставак. Калі мы паглядзім экспартную статыстыку, то на «Белнафтахіме» гэта мінус $ 800 млн да мінулага года. Вядома, кампенсаваць такія сумы за кошт іншых сэктараў было вельмі складана», - расказаў міністр.

Разам з тым, як адзначыла ў каментары «Белсату» эканамічны аглядальнік «BELRYNOK.BY» Таццяна Манёнак, расейская старана не спяшаецца кампенсаваць страты Беларусі да канца года.

«Расейская кампанія «Транснефть», да якой выстаўляюцца прэтэнзіі з нагоды паставак няякаснай нафты, відавочна, не хоча кампенсаваць гэта грашыма літаральна ўжо заўтра або пазаўтра. Яна хоча дачакацца вынікаў канца года, бо спадзяецца павысіць аб'ём транзіту, каб кампенсаваць страты «Белтранснафце Дружбе», бо было недапастаўлена блізу 3 млн тон нафты транзіту. І яна хоча кампенсаваць пастаўкі транзіту», - расказала суразмоўца.

Таксама «Транснефть» плануе павышаць пастаўкі з другога паўгоддзя нафты на беларускія НПЗ, каб у выніку кампенсаваць страты за пастаўкі няякаснай нафты.

Таццяна Манёнак адзначыла, што і беларускі бюджэт спадзяецца з улікам росту паставак атрымаць недаатрыманыя мыты ад транзіту. Страты ж Мазырскага НПЗ, якія ён панёс, як заяўляецца ад псавання бруднай нафтай абсталявання, стораны паспрабуюць узгадніць падчас капітальнага рамонту завода.

«Пакрысе, пакуль будзе павялічвацца аб'ём транспартавання нафты праз Беларусь, страты ад недапаставак будуць зніжацца», - заявіла экспэртка.

Ёсць і больш прыярытэтныя пытанні

На ейную думку, могуць быць у пэўнай ступені павышаныя тарыфы на транспартаванне нафты. Больш за тое, сітуацыя з затрымкай кампенсацыі можа стаць пэўным стымулам для змяншэння выдаткаў на нафтаперапрацоўчых заводах.

«Вядома, хацелася б хутчэй гэтую кампенсацыю атрымаць. Таму і «Дружба» гомельская прапаноўвала павысіць ужо з 1 жніўня тарыфы на транспартаванне нафты, каб кампенсаваць хутчэй. Але расейская старана не ўзгадніла такое павышэнне, а беларуская самастойна не можа павышаць тарыфы на транзіт. І тут трэба дамаўляцца абедзвюм старанам», - сказала Таццяна Манёнак.

Пакуль жа беларуская старана спрабуе дамовіцца аб кампенсацыі больш значных страт - ад падатковага манеўру ў нафтавай сфэры ў Расеі. Гэтае пытанне больш прыярытэтнае, мяркуе эканамічная аглядальніца.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках