19 красавiка 2024, Пятніца, 19:44
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віктар Дзенісенка: Палецкіс мог збіраць для выведкі РФ інфармацыю паводле справы аб падзеях 13 студзеня 1991 года

Віктар Дзенісенка: Палецкіс мог збіраць для выведкі РФ інфармацыю паводле справы аб падзеях 13 студзеня 1991 года
ВІКТАР ДЗЕНІСЕНКА
ФОТА: DELFI

Падазраваны ў шпіянажы на карысць Масквы літоўскі палітык Палецкіс застаецца пад вартай.

Вядомы літоўскі палітык, у мінулым дыпламат, дэпутат Сейма і віцэ-мэр Вільні Альгірдас Палецкіс, якога абвінавачваюць у шпіянажы на карысць Расеі, застаецца пад вартай. Больш за тое, самаадвод у ягонай справе ўзяў Віленскі акруговы суд. Палецкіс, знаходзіцца пад арыштам з кастрычніка 2018 года.

Аб паваротах справы Палецкіса сайту Charter97.org распавёў палітычны аглядальнік з Літвы Віктар Дзенісенка.

- У чым канкрэтна абвінавачваюць Альгірдаса Палецкіса і чаму суд наважыў прадоўжыць ягоны арышт?

- Наколькі вядома, Палецкіс абвінавачваецца ў шпіёнскай дзейнасці на карысць Расеі. Абвінавачванне само па сабе вельмі сур'ёзнае. Магчыма, менавіта ў сувязі з цяжарам абвінавачванняў была прынятая пастанова падоўжыць яму меру стрымання. З іншага боку, іншым асобам, абвінавачаным паводле гэтай справы, абраная больш мяккая мера стрымання. Гэта дазваляе меркаваць, што альбо патэнцыйная ступень віны гэтай асобы, на думку пракурораў, большая, чым астатніх, альбо проста існуе асцярога, што пры абранні больш мяккай меры стрымання Палецкіс можа паспрабаваць ухіліцца ад следства, будзе спрабаваць уцячы і т. д.

- Якую шкоду Літве магла прычыніць дзейнасць Альгірдаса Палецкіса?

- Усякая шпіёнская дзейнасць прычыняе шкоду нацыянальнай бяспецы краіны. На гэты момант цяжка сказаць, наколькі сур'ёзнай была такая дзейнасць Палецкіса. Зноў жа, дзейнасць меркаваная, бо праз адсутнасць абвінаваўчага выраку суда мы можам казаць толькі пра падазрэнні. Альгірдас Палецкіс хоць і з'яўляўся палітыкам, але быў відавочным маргіналам літоўскага палітычнага поля. Цяжка сказаць, ці заставаліся і ці ёсць у яго, напрыклад, нейкія палітычныя сувязі, якія ён мог выкарыстаць у меркаванай шпіёнскай дзейнасці, асабліва - улічваючы ягоны імідж.

- Віленскі акруговы суд прыняў пастанову адхіліцца ад разгледжвання справы Палецкіса, матывуючы гэта тым, што падсудны вёў дзейнасць супраць суддзяў. Як вы гэта пракаментуеце? Дзейнасць Палецкіса ў дачыненні да суддзяў віленскага акруговага суда магла быць звязаная з пастановай суда паводле справы 13 студзеня?

- Агулам, у інфармацыйнай прасторы ўжо гучала сцвярджэнне, што сярод усяго іншага Палецкіс мог збіраць для расейскай выведкі інфармацыю пра пракурораў і суддзяў працэсу паводле справы 13 студзеня. Для Расеі гэта важная інфармацыя, а вакол самога працэсу Масква імкнулася падняць немалы шум. Так што так, хутчэй за ўсё гаворка ідзе менавіта пра гэты працэс і гэтых суддзяў.

Пастанова Віленскага акруговага суда ў гэтым выпадку ўзяць самаадвод зусім лагічная, бо гаворка можа ісці аб патэнцыяльным канфлікце інтарэсаў, што само па сабе кінула б цень на ўвесь працэс і дазволіла б ставіць пытанне аб бесстароннасці суддзяў і справядлівасці будучага выраку суда.

- На вашу думку, у справе Альгірдаса Палецкіса можна чакаць нечаканых паваротаў? Калі так, то чаму?

- Адказаць на гэтае пытанне напраўду досыць складана. У кожным выпадку Палецкіс, нягледзячы на свой статус палітычнага маргінала, асоба грамадская і досыць прыкметная. Я б сказаў, што пастанова прадаўжаць трымаць яго пад вартай можа паказваць на тое, што ў следства існуюць досыць сур'ёзныя довады ягонага дачынення да незаконнай дзейнасці. У адваротным выпадку такая пастанова досыць рызыкоўная, бо, калі сур'ёзныя доказы не будуць прадстаўленыя, гэта дазволіць Палецкісу пазней заяўляць аб палітычным пераследзе і т. д. Так што, я падазраю, што ў гэтым выпадку гаворка ідзе пра дастаткова сур'ёзную довадную базу. Прынамсі, так павінна быць мяркуючы з ускосных сігналаў.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках