29 сакавiка 2024, Пятніца, 10:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Süddeutsche Zeitung: «Адзіная Расея» на зыходзе

2
Süddeutsche Zeitung: «Адзіная Расея» на зыходзе

Партыя занадта слабая, каб перамагаць сумленна.

«Адзіная Расея» непапулярная, як ніколі раней, - піша нямецкае выданне Süddeutsche Zeitung (пераклад - inopressa.ru). - На муніцыпальных выбарах многія аддаюць перавагу выступаць як незалежныя кандыдаты. Некаторыя ўжо бачаць, як партыя набліжаецца да канца».

«Кожны год рэгіянальныя выбары кажуць нешта пра стан нацыянальнай палітыкі, у 2018 годзе яны сталі ганьбай для ўрада, - адзначае журналістка Зільге Бігалке. - Тады адразу некалькі яго кандыдатаў прайгралі ў барацьбе за пасады губернатараў бляклым канкурэнтам, якія вылучалі свае кандыдатуры зусім не для таго, каб перамагчы. Сёлета для ўрадавай партыі «Адзіная Расея» і прыхільнікаў Крамля сітуацыя стала яшчэ больш складанай, кажа Аляксей Мухін, кіраўнік пракрамлёўскага Цэнтра палітычнай інфармацыі. «Для іх гэта пачатак крызісу», які хутка можа абвастрыцца, кажа ён. У 2021 годзе адбудуцца новыя выбары ў Дзярждуму».

«Сёння ўрадавая партыя не толькі занадта слабая для таго, каб перамагаць на выбарах сумленным шляхам. Яна таксама вядзе сябе вельмі няўмела ў сваім махлярстве, - паказвае выданне. - У Масгардумы ёй належыць большасць месцаў, аднак у верасні там ні адзін кандыдат не будзе выступаць ад «Адзінай Расеі». Партыя настолькі непапулярная, што яе сябры аддаюць перавагу выдаваць сябе за незалежных кандыдатаў. Дайшло да таго, што нават намеснік старшыні Масгардумы Андрэй Мяцельскі адмовіцца дзеля галасавання ад прыналежнасці да партыі. Таксама і ў іншых месцах службовыя асобы пазбягаюць яе як хваробы».

«Адзіная Расея» на зыходзе», - кажа Канстанцін Гааза, сацыёлаг Маскоўскага Цэнтра Карнегі.

«Калі ўрадавая партыя сапраўды страціць шанцы быць абранай, прэзідэнту РФ Уладзіміру Пуціну і прэм'ер-міністру Дзмітрыю Мядзведзеву, старшыні партыі, прыйдзецца звярнуцца да іншых структур. Для змены канстытуцыі Пуціну, які не з'яўляецца сябрам партыі, спатрэбіцца дзве траціны галасоў у Думе. Ужо даўно ходзяць здагадкі пра тое, што такім чынам ён мог бы застацца ва ўладзе пасля заканчэння свайго прэзідэнцкага тэрміну ў 2024 годзе. Паводле звестак апытанняў УЦДГМ, за ўрадавую партыю гатовыя прагаласаваць толькі 32% выбарцаў. Незалежны «Левада-цэнтр» налічыў толькі 25%», - гаворыцца ў артыкуле.

«Гэта не добры знак для выбараў 2021 года», - канстатуе выданне.

У Маскве грамадзяне пратэстуюць, выступаючы за свабодныя выбары. «Незалежныя кандыдаты па ўсёй краіне стаяць перад адной і той жа перашкодай: для таго, каб удзельнічаць у выбарах, ім неабходна сабраць подпісы трох адсоткаў усіх выбарцаў у іх акрузе. Яны збіраюць іх у адпускны час і ў краіне, дзе многія людзі неахвотна адчыняюць дзверы , каб даць свае асабістыя звесткі, - адзначае Бігалке. - Правіла трох адсоткаў зрабілі толькі для таго, каб не дапусціць непажаданых кандыдатаў, заявіла нядаўна палітолаг Кацярына Шульман у сваім відэаблогу. Да таго ж ажыццяўляюцца нападкі ў СМІ і атакі на пункты збору подпісаў, фіктыўныя кандыдаты стаяць у чарзе перад выбарчымі камісіямі, каб іншыя не маглі зарэгістравацца».

У Маскве выбаркамам не былі дапушчаныя да выбараў у асноўным апазіцыйныя палітыкі, сярод іх Любоў Собаль і Ілля Яшын, Юлія Галяміна, Дзмітрый Гудкоў. У суботу падчас дэманстрацыі яны ўсе разам стаялі на сцэне. «Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго», - крычаў ім натоўп. Апазіцыя не магла зблізіцца гадамі, кажа экспэрт Канстанцін Гааза. «Цяпер іх падахвочваюць аб'яднацца». Лютасць непачутых выбарцаў надзімае ветрам іх ветразі, - піша Süddeutsche Zeitung напрыканцы. - Як далёка ён іх панясе?».

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках