25 красавiка 2024, Чацвер, 3:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У расейскім выданні футуролага Харарэ раздзел пра Пуціна замянілі на раздзел пра Трампа

3
У расейскім выданні футуролага Харарэ раздзел пра Пуціна замянілі на раздзел пра Трампа

На чыю ініцыятыву быў зменены фрагмент тэксту, не паведамляецца.

Расейскі выдавец кнігі ізраільскага футуролага Юваля Харарэ «21 урок для XXI стагоддзя» змяніў у тэксце фрагмент пра постпраўду. Апісваючы гэтую з'яву ў арыгінальным тэксце, аўтар прыводзіць прыклад анэксіі Крыма і каментары прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна пра тое, што на паўвостраве няма расейскіх вайскоўцаў. У перакладзе фрагмент заменены на заяву аб тым, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп рэгулярна робіць ілжывыя заявы, паведамляе «Радыё Свабода».

На тое, што ў кнігу ўнесеныя змены, раней звярнуў увагу ў Facebook выдавец Дзмітрый Кузьмін. Ён паказаў на адрозненне ўрыўка кнігі на расейскай мове, які часопіс «Афиша» апублікаваў на сваім сайце, ад адпаведнага ўрыўка ў англамоўнай версіі.

У англамоўнай версіі раздзел пад назвай «Постпраўда» пачынаецца так: «Сёння нам увесь час паўтараюць, што мы жывем у новую, пужаючую эпоху» постпраўды», аточаныя хлуснёй і выдумкай. Прыклады гэтага знайсці нескладана. Так, у лютым 2014 года расейскія спецназаўцы без апазнавальных знакаў уварваліся ва Украіну і захапілі ключавыя аб'екты ў Крыме. Расейскі ўрад і прэзідэнт Пуцін асабіста адмаўлялі, што гэта былі расейскія вайскоўцы...»

У расейскай версіі кнігі замест прыкладу з Пуціным аўтару прыпісваецца іншы тэкст: «Так, на падлікі газеты Washington Post, за час пасля сваёй інаўгурацыі прэзідэнт Трамп зрабіў больш за 6000 ілжывых публічных заяў».

У каментары перакладу для тэлеканала RTVi Харарэ заявіў, што сам дазволіў змяніць гэты урывак. Ён заявіў, што дазваляе мяняць прыклады ў недэмакратычных краінах, каб не адштурхнуць чытача.

«Мая галоўная задача - зрабіць так, каб ідэі пра пагрозу дыктатуры, экстрэмізму і нецярпімасці, якія змяшчаюцца ў гэтай кнізе, дасягнулі шырокай і разнастайнай аўдыторыі. Гэта датычыцца ў тым ліку аўдыторыі, якая жыве ў недэмакратычных рэжымах. Некаторыя прыклады ў кнізе могуць адштурхнуць гэтых чытачоў або выклікаць цэнзуру. У сувязі з гэтым я часам дазваляю мяняць некаторыя вострыя прыклады, але ніколі не змяняю ключавыя тэзісы ў кнізе», - заявіў гісторык.

На чыю ініцыятыву быў зменены фрагмент тэксту, не паведамляецца. Выдавецтва «Сіндбад», якое выпусціла кнігу ў Расеі, не пракаментавала сітуацыю.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках