19 красавiка 2024, Пятніца, 2:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Былы прэзідэнт Кыргызстана паляцеў у Маскву з расейскай авіябазы

7
Былы прэзідэнт Кыргызстана паляцеў у Маскву з расейскай авіябазы

На радзіме Алмазбек Атамбаеў ухіляўся ад выклікаў да следчых.

Былы прэзідэнт Кыргызстана Алмазбек Атамбаеў пакінуў краіну і накіраваўся на самалёце ў Маскву. Палітык вылецеў разам з паплечнікамі з расейскай авіябазы ў Канце недалёка ад Бішкека, паведамілі мясцовыя СМІ і чальцы Сацыял-дэмакратычнай партыі Кыргызстана (СПДК), да якой належыць Атамбаеў, паведамляе «Радыё Свабода».

Са слоў намесніка старшыні партыі Кундуз Жалдубаевай, самалёт быў адпраўлены ў Кыргызстан з Расеі нейкім «запрашальным бокам», пра што больш падрабязна не паведамляецца. У Маскве Атамбаеў мае намер правесці сустрэчы «на самым высокім узроўні», напісала ягоная паплечніца ў Фэйсбуку, аднак невядома, пра каго менавіта ідзе гаворка. Мясцовыя СМІ мяркуюць, што былы прэзідэнт можа сустрэцца з былым кіраўніком Федэральнай мытнай службы Расеі Андрэем Бельянінавым, але гэтую інфармацыю Атамбаеў не пацвердзіў.

Былы лідар Кыргызстана заявіў, што наважыў не карыстацца міжнародным аэрапортам «Манас» у прыгарадзе Бішкека, бо баіцца, што там могуць яго затрымаць. Ён дадаў, што мае намер вярнуцца ў Кыргызстан у чацвер вечарам.

У канцы чэрвеня Вярхоўны Савет Кыргызстана і пазбавіў Атамбаева статусу экс-прэзідэнта, чым зняў з яго недатыкальнасць. Пасля гэтага былы кіраўнік Кыргызстана тройчы атрымліваў выклікі на допыт ад следчых МУС, але на іх не з'явіўся.

Асноўныя абвінавачванні звязаныя з набыццём Атамбаевым надзела плошчай 2,7 гектара непадалёк ад Бішкека, што нібыта было зробленае ў парушэнне закона, а таксама з вызваленнем з турмы крымінальнага аўтарытэта Азіза Батукаева ў 2013 годзе. Алмазбек Атамбаеў абвінавачванні катэгарычна адмаўляе і ўважае іх за палітычна матываваныя.

Былы прэзідэнт больш за месяц таму перасяліўся ў цэнтр адпачынку «Кой-Таш» у прыгарадзе Бішкека, які належыць яму. Вакол і ўнутры комплексу знаходзяцца ягоныя прыхільнікі, якія заяўляюць, што гатовыя абараняць экс-прэзідэнта. У іх суправаджэнні Атамбаеў і паехаў на арандаваную Расеяй авіябазу, з якой вылецеў у Маскву.

Алмазбек Атамбаеў быў прэзідэнтам Кыргызстана з 2011 да 2017 года. Ён не вылучаўся на чарговы тэрмін, вызначыўшы падтрымаць кандыдата Сааранбая Жээнбекава. Але пасля змены ўлады паміж палітыкамі ўзнік канфлікт. З прычыны гэтага чальцы Сацыял-дэмакратычнай партыі Кыргызстана, да якой належаць і Атамбаеў, і Жээнбекаў, падзяліліся на прыхільнікаў былога і дзейнага прэзідэнтаў.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках