28 сакавiка 2024, Чацвер, 23:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Колькі абласцей будзе ў Беларусі: 12, 15 або 52?

83
Колькі абласцей будзе ў Беларусі: 12, 15 або 52?

Магчымыя рэформы анансаваў міністр эканомікі.

На фоне правядзення перапісу насельніцтва нашай краіны на парадку дня паўстала пытанне аб змене яе адміністрацыйна-тэрытарыяльнага дзялення. Магчымыя рэформы анансаваў міністр эканомікі Дзмітрый Круты, піша «Экономическая газета».

Як гэта можа выглядаць?

Калі мы звернемся да канцэпцыяй, апублікаваных спецыялістамі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, іншых навукоўцаў, выказванняў прадстаўнікоў улады, то можна зрабіць наступныя здагадкі:

- замест 6 абласцей мы атрымаем 12 і сталічную акругу;

- замест трохузроўневай сістэмы кіравання атрымаем двухузроўневую;

- асаблівы статус можа з'явіцца ва ўсіх гарадоў з насельніцтвам больш за 80 тысяч чалавек.

- вельмі імавернае ўзбуйненне раёнаў. Тыя з іх, дзе пражываюць менш за 20 тысяч чалавек (іх усяго 30) могуць далучыць да больш развітых і населеных.

Абмяркоўваецца і варыянт, што замест абласцей будзе створана 15-18 акругаў, а на нізавым узроўні скасуюць сельсаветы і раёны. Будуць сфарміраваныя 400-450 адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак (абшчын).

Даследчы цэнтр ІПМ нядаўна апублікаваў працу, у якой гаворыцца пра магчымасць выдзялення 52 рэгіёнаў.

Сама ідэя рэформы абапіраецца на досвед Еўрапейскага звязу і разуменне назапашаных у краіне праблем. Відавочна, што сёння, «запампоўваючы» значныя рэсурсы ў маланаселеныя раёны, істотнага эфекту мы дамагчыся не можам. У многіх рэгіёнах проста няма кадраў, няма чалавечых рэсурсаў для паўнавартаснага развіцця.

Меркаванне юрыста

Віталь Каляда, адвакат, к.ю.н.:

- Мне даводзіцца шмат ездзіць па Беларусі, і са стоадсоткавай упэўненасцю магу заявіць, што адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне нашай краіны, якое дасталася нам у спадчыну ад БССР, паступова вычэрпвае сябе. Яно, у прынцыпе, ніколі не адпавядала інтарэсам рэспублікі і было непрадуманым. А сёння гэта становіцца больш відавочным.

Праз падзенне аб'ёмаў работ, недахопу кваліфікаваных кадраў, эканоміі фінансавых сродкаў і іншых фактараў, арганізацыі рэспубліканскага падпарадкавання ўзбуйняюцца і іх рэгіянальныя структуры пераходзяць у міжраённы фармат.

Гэта добра відаць на прыкладзе роднага мне Капыльскага раёна.

Інспекцыя аховы прыроды тут - міжраённая Нясвіжская, яна ж кантралюе Капыльскі і Клецкі раёны.

Ваенкамат - міжраённы - таксама разам з Клецкім і Капыльскім раёнамі.

Энергазбыт і БРТІ знаходзяцца ў Слуцку. Міжраённы аддзел Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК - у Салігорску, і г.д.

Капыль і Клецк імкліва губляюць свае адміністрацыйныя функцыі, аддаючы іх Нясвіжу, Слуцку ці іншым больш развітым адміністрацыйным цэнтрам.

Нічога дрэннага я ў гэтым не бачу. У прынцыпе ўся Менская вобласць павінна быць падзеленая на буйныя рэгіёны-паветы, а раёны павінны быць ліквідаваныя. Што агульнага ў Нясвіжа, Клецка і Капыля з Маладзечна? Тыя ж Баранавічы і то нашмат бліжэй у культурным і лагістычным плане. Да прыкладу, ёсць нават дызель-цягнік Слуцк-Капыль-Клецк-Нясвіж-Баранавічы.

Людзям трэба даць магчымасць з любога канца такога павета даехаць да цэнтра павета грамадскім транспартам максімум за 1,5 гадзіны. Такія цэнтры і яшчэ 2-3 мясцовасці павета павінны стаць цэнтрам канцэнтрацыі мясцовай рабочай сілы і фінансаў.

Таксама немалаважна спыніць практыку прызначэння кіраўнікоў адміністрацыйных цэнтраў з іншых раёнаў. Такія людзі часта не зацікаўленыя ў развіцці рэгіёну, не заўсёды разумеюць мясцовую спецыфіку. І мясцовыя жыхары не будуць яго прымаць за свайго.

Так пра які ж рэформы адміністрацыйнага дзялення Беларусі казаў Віталь Каляда? Вядомы юрыст прапаноўваў плаўны пераход ад трохузроўневага дзялення (вобласці - раёны - мясцовыя саветы) да двухузроўневага (паветы - муніцыпалітэты). Яго план першапачаткова быў вельмі падобны на цяперашнія рэкамендацыі Акадэміі навук.

Такім чынам канцэпцыя Каляды прадугледжвае:

1) пераход да сістэмы з 15 паветаў і 6 гарадскіх акруг;

2) дзяленне паветаў на гарадскія муніцыпалітэты і пасялковыя муніцыпальныя акругі (прыкладна 20 на павет);

3) сярэдні памер пасялковай муніцыпальнага акругі ў праекце павінен складаць 10 000 чалавек.

Такі падзел закліканы спрасціць сённяшнюю адміністрацыйную сістэму, зрабіць кіраванне рэгіёнамі больш эфектыўным.

Гістарычная даведка

Мапа адміністрацыйна-тэрытарыяльнага дзялення нашай краіны далёка не заўсёды выглядала гэтак жа, як сёння. На нейкіх гістарычных этапах яна як раз чымсьці нагадвала варыянт, які можа атрымацца паводле вынікаў рэформы.

Калі не апускацца ў часы Расейскай Імперыі, Рэчы Паспалітай і ВКЛ, а разгледзець мапу Беларусі, пачынаючы з перадваеннага і пасляваеннага перыядаў, мы выявім, што існуючыя Менская, Берасцейская, Магілёўская, Віцебская і Гомельская вобласці, хоць і існавалі, былі значна меншымі. Акрамя іх, у склад Беларускай ССР уваходзілі Бабруйская, Баранавіцкая, Пінская, Палеская (з цэнтрам у Мазыры), Вілейская вобласці. У 1944-м з'явіліся Полацкая і Маладзечанская вобласці, а Вілейская была скасаваная.

Некаторы час у склад Беларускай ССР уваходзіла Беластоцкая вобласць. Частка яе сёння з'яўляецца аднайменным ваяводствам Рэспублікі Польшча. А астатнія раёны ўвайшлі ў склад сучаснай Гарадзенскай вобласці.

Сучаснае адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне Беларусі сфармавалася ў 1954 годзе. Калі мы паглядзім на карту СССР таго перыяду, то памер абласцей у еўрапейскай частцы Расеі, Украіне і нашай рэспубліцы стаў прыкладна аднолькавым.

Будавалася адзіная сістэма кіравання усяго Савецкага Саюза. Мы цалкам атрымалі ў спадчыну цяперашнія вобласці ад яе. І доўгі час ніхто нават не задумваўся, ці адпавядае гэтая сістэма рэальным патрэбам краіны, шчыльнасці насельніцтва і эканамічнаму развіццю рэгіёнаў.

Напісаць каментар 83

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках