19 жнiўня 2019, панядзелак, 22:30
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Ад мора да мора: Як за вялікім князем Вітаўтам ВКЛ дасягнула піку магутнасці і сілы

4
Ад мора да мора: Як за вялікім князем Вітаўтам ВКЛ дасягнула піку магутнасці і сілы

За Вітаўтам Вялікае Княства Літоўскае стала самай магутнай і вялікай дзяржавай ва ўсходняй Еўропе.

Прыблізна ў 1377 годзе памёр князь Альгерд, пасля ягонай смерці пачалася вайна за ўладу ў княстве паміж ягоным сынам Ягайлам і братам Ольгерта, Кейстутам, піша сайт vklby.com.

Неўзабаве Ягайла забівае Кейстута, здолеўшы прывабіць яго разам з сынам Вітаўтам у Крэва, нібыта для мірных перамоваў. Будучы вялікі князь Вітаўт, павінен быў так жа быць забітым, але яму ўдалося збегчы да крыжакоў.

Пасля ўцёкаў Вітаўт пры дапамозе крыжакоў пачаў вайну супраць Ягайлы. У сваю чаргу Ягайла ў 1385 годзе ўкладае Крэўскую ўнію, пасля чаго ён пераходзіць у каталіцкую веру, бярэ за жонку польскую каралеву Ядвігу, становіцца каралём польскім і абавязваецца далучыць княства літоўскае з усімі землямі да кароны польскай.

Перамога ў міжусобнай вайне, за ўладу ў ВКЛ, пачала схіляцца на бок Вітаўта. Аднак ён выдатна разумеў, хоць на ягоным баку больш перамог і паноў, а тры чвэрці тэрыторыі ў яго пад кантролем, трэба мірыцца з Ягайлам, бо крыжакі не выпусцяць шанец скарыстацца вайной паміж імі і захопяць спачатку Літву, а потым возьмуцца за Польшчу.

Ягайла так жа разумеў усю складанасць сітуацыі і пагадзіўся на мір з Вітаўтам. Вайна скончылася Астроўскім пагадненнем у 1392 годзе, згодна з якім Вітаўт прызнаецца Вялікім князем Літоўскім, Расейскім і Жамойцкім. Разам з прызнаннем Вітаўта вялікім князем Літоўскім, да тэрыторыі ВКЛ далучаліся Валынь, Луцк і Уладзімір-Валынскі.

Пасля заканчэння вайны з Ягайлам Вітаўт узяўся за ўмацаванне і пашырэнне тэрыторый ВКЛ, так у вайне 1401-1404 гадоў ён змог далучыць Смаленскае княства.

Нягледзячы на відавочнае ўзмацненне і пашырэнне княства, пагроза яго існавання прадаўжала зыходзіць з поўначы, дзе знаходзіўся магутны вораг, Тэўтонскі Ордэн. У вайне з ім і трэба было Вітаўту вызначыць, ці здолее ён застацца вялікім князем, а ВКЛ захаваць сваё існаванне.

Вайна з ордэнам пачалася ў 1409 годзе з паўстання ў Жамойціі, якая хоць і адышла да Ордэна, але ВКЛ прадаўжала ўважаць яе за сваю тэрыторыю. Вызначальнай падзеяй у гэтай вайне стала Грунвальдская бітва.

15 ліпеня 1410 года адбылася вялікая бітва паміж Тэўтонскім ордэнам з аднаго боку і ВКЛ з Польшчай з другога. Значнасць перамогі ў гэты дзень была велізарнай, бо абодва бакі сабралі вялікія сілы на полі бітвы.

Перамога была на баку Вітаўта і Ягайлы, яны змаглі адолець аднаго з самых магутных ворагаў ва ўсёй Еўропе. Гэтая бітва каштавала Тэўтонскаму ордэну страты магутнасці і з часам, спынення яго існавання. ВКЛ і Польшча пасля перамогі сталі ў шэраг першарадных дзяржаў той эпохі.

Атрымаўшы перамогу ў Грунвальдзе, Вітаўт выратаваў княства Літоўскае ад знішчэння, вярнуў сабе Жамойцію, пазбавіўся ад моцы і пагрозы Тэўтонскага ордэна. Згодна з дамовай з Ягайлам пасля гэтай перамогі Вітаўт, атрымаў Падоле (украінскія землі ў вярхоўях сярэдняй часткі Дняпра), а Літва і Польшча ўклалі ў 1413 годзе з Гарадзельскую унію аб саюзе.

Пасля перамогі над Тэўтонскім ордэнам Вітаўт не спыніўся і прадаўжаў займацца далейшым умацаваннем і пашырэннем Вялікага Княства Літоўскага. Ён за час свайго кіравання здолеў далучыць да ВКЛ шырокія тэрыторыі на ўсходзе: Арлоўскую, Калужскую, Курскую Тульскую і Смаленскую землі, тым самым, перасунуўшы межы з Маскоўскім княствам на ўсход ад Вязьмы, ля Мажайска. На поўдні, Ніжнюю Падолію - землі паміж ніжнім цячэннем Днястра і Дняпра.

За Вітаўтам Вялікае Княства Літоўскае стала самай магутнай і вялікай дзяржавай ва ўсходняй Еўропе. Яго тэрыторыя распасціралася ад Балтыйскага да Чорнага мора. Ні да, ні пасля смерці Вялікага Князя Вітаўта, ВКЛ ніколі не валодала такой сілай і магутнасцю.