23 лiпеня 2019, aўторак, 13:05
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

3 ліпеня: як выгналі маскоўскіх акупантаў з Менска

5

Што на самай справе адбылося ў гэты дзень?

3 ліпеня ў Беларусі на афіцыйным узроўні адзначаюць "Дзень незалежнасці".

Дзяржсвята прымеркаванае да дня вызвалення Менска ад нацыстаў падчас Другой сусветнай вайны. Аднак пакапаўшыся ў гісторыі, можна даведацца, што 400 гадоў таму ў гэты дзень таксама вызвалялі Менск ад акупантаў – маскоўскіх.

3 ліпеня 1655 года

Ішоў другі год вайны паміж Маскоўскім царствам і Вялікім Княствам Літоўскім. Расейскі цар Аляксей Міхайлавіч за вясну-лета-восень меў намер ліквідаваць Вялікае Княства Літоўскае, цалкам захапіўшы беларускую тэрыторыю. Супрацьстаяў яму вялікі гетман Януш Радзівіл. Ваенную кампанію 1655 года Радзівіл пачаў з спробы вярнуць пад кантроль Магілёў, але пацярпеўшы няўдачу, быў вымушаны адступіць на захад.

Вайну 1654 – 1667 гадоў называюць часам Трынаццацігадовай, а ў расейскай гістарыяграфіі яна згадваецца без асаблівай назвы, проста расейска-польская вайна. Тым не менш праходзіла яна на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага і больш за ўсё пацярпелі ад яе менавіта літвіны, нашы продкі.

У цэлым у 1655 годзе войска Вялікага Княства было няздольнае стрымліваць непрыяцеля, нешматлікія і дэмаралізаваныя сілы Януша Радзівіла супрацьстаялі велізарнай і добра ўзброенай расейскай арміі. Папярэдні 1654 год быў вельмі цяжкім для вялікага гетмана літоўскага, ягоныя ваенныя сілы былі разбітыя ў бітве пад Шапялевічамі, а сам Януш быў цяжка паранены і ледзь выратаваўся.

За некалькі зімовых месяцаў перапынку ў ваенных дзеяннях войска ВКЛ не змагло аднавіцца, блізу паловы тэрыторыі Княства было пад Маскоўскай акупацыяй, эканоміка падарваная, а ад палякаў дапамогі чакаць не выпадала – летам 1655 года на Польшчу напала Швэцыя. Маскоўская армія ўпэўнена прасоўвалася на захад, і да канца чэрвеня 1655 года наблізілася да Менска.

Чуткі пра маскоўскіх заваёўнікаў і іхнія норавы значна апярэджвалі авангард расейскай арміі. Ведаючы пра набліжэнне спаборніка, а таксама пра рабаванні, забойствы і разбурэнні, якія неслі захопнікі, большасць менчукоў пакінула горад і ўцякла далей на захад.

Пра гэта даносілі і выведнікі расейскага ваяводы Багдана Хітрова, які разам з украінскімі казакамі пад камандаваннем Івана Залатарэнкі быў гатовы ўзяць Менск без бою.

Якое ж было іхняе здзіўленне, калі 3 ліпеня 1655 года за 5 км ад Менска палкі Хітрова сустрэлі ўзброеную менскую шляхту, гатовую абараняць свой горад. Бой, відавочна, быў няроўны, і маскоўцы прарваліся да Менска. У замку і храмах пакінутыя гараджане таксама адчайна змагаліся, але супраціў быў зламаны.

Захопнікі, якія ўвайшлі ў горад, выявілі, што людзей унутры сапраўды вельмі мала, застаўся тут толькі «войт Івашка Жыдовіч з таварышамі паўтараста чалавек». Астатнія жыхары альбо ўцяклі, альбо сышлі партызаніць у лясы.

Заняўшы Менск, усходнія акупанты пачалі рабаваць і разбураць навакольныя гарады, забяспечваючы сабе такім чынам надзейны тыл. Так, напрыклад, казакі Залатарэнкі «мястэчка Койданава ўзялі, і каторыя... былі ў тым мястэчку польскія і літоўскія людзі, і тых усіх людзей мячу аддалі і тое мястэчка і пасады ўсе спалілі».

Якраз неўзабаве да Менска падышла цэнтральная маскоўская армія пад камандаваннем набліжанага да цара баярына Якава Чаркаскага. Маскоўцы рыхтаваліся рушыць далей, на Вільню.

ЯНУШ РАДЗІВІЛ. ПАРТРЕТ ПРАЦЫ ДАНІЭЛЯ ШУЛЬЦА.

Пад маскоўскай акупацыяй

У цара Аляксея Міхайлавіча былі грандыёзныя планы, таму 12 ліпеня 1655 года арміі Чаркаскага паступіў загад рухацца далей «да Вільні і да Варшавы». Для ўтрымання Менска быў пакінуты толькі невялікі гарнізон на чале з ваяводам Фёдарам Арсенневым, які выконваў абавязкі каменданта горада. Зрэшты, ахоўваць тут было асабліва няма чаго – Менск быў разбураны і спалены, людзей у ім амаль не было.

Паводле паведамленняў саміх маскоўскіх ваяводаў, ужо ў 1656 годзе Менскі павет быў «увесь пусты і выпалены», сяляне разбегліся хто куды, каб не памерці з голаду. Пра стан справаў у Менску ў 1656 годзе пісаў таксама дасланы з Масквы праваслаўны поп Іван у лісце да цара Аляксея Міхайлавіча. Поп прасіў грошай у свайго гаспадара і заадно скардзіўся, што з ім у горадзе засталіся толькі тры роты салдатаў, ды і тыя – «усё татары ды мардва, – расейскага нічога не ведаюць».

Часткай акупацыйнай палітыкі маскоўскай дзяржавы была практыка «ўзяцця палону». Сялянаў, гараджанаў ды і шляхту, хто адмовіўся прысягнуць расейскаму цару, з Вялікага Княства Літоўскага адводзілі цэлымі сем'ямі на ўсход і за капейкі прадавалі ў якасці таннай рабскай сілы. Гэтая акалічнасць ды і ў цэлым увесьчасныя рабаванні і бясчынствы, голад прымушалі сялянаў і мяшчанаў сыходзіць у лясы, хавацца і партызаніць.

Такі незалежны партызанскі супраціў дзейнічаў па ўсёй акупаванай Беларусі. Цягам вайны супраць маскоўскіх акупантаў змагаліся атрады на чале з мазырскім суддзёй Самуэлем Аскеркам, казакам Іванам Нячаем. Былі свае атрады і ў Менскім павеце.

Партызанскім рухам у Менскім, Ашмянскім і Навагрудскім паветах камандаваў Дзяніс Мурашка, які раней служыў сотнікам ва ўкраінскага казацкага атамана Івана Залатарэнкі, але з часам адкрыта перайшоў на бок Рэчы Паспалітай. «Мурашкоўцы» нападалі на маёнткі літвінскіх шляхціцаў, якія склалі прысягу маскоўскаму цару, ставілі засады на дарогах, замінаючы вывозіць на ўсход зерне.

Гэтыя ўзброеныя атрады беднаты літвінскія шляхта і расейскія ваяводы грэбліва называлі «шышамі». Фёдар Арсеннеў, камендант Менска, некалькі разоў пасылаў супраць «шышэй» рэгулярнае маскоўскае войска, партызанаў хапалі і кідалі ў турму ў Менску, многіх павесілі.

Але спыніць масавы народны супраціў было немагчыма, сялянскі антымаскоўскі рух толькі набіраў абароты, а з 1659 года стаў паўсюдным і ахапіў усю тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага.

Голад, рабаванні і ваенныя бясчынствы сталі прычынай масавай смяротнасці. Ва ўспамінах мясцовых шляхцічаў і ў данясеннях, якія ішлі ў царскую канцылярыю, згадваецца, што трупы людзей і жывёлаў проста валяліся ўздоўж дарог і не было каму іх хаваць. Ад голаду людзі елі дохлых катоў і сабак.

Праз усё гэта ў 1656–1657 гадах адбылася страшная эпідэмія, якая больш за ўсё зачапіла Менскае і Берасцейскае ваяводства. Шмат людзей памерла ў самім Менску, не ўратаваўся ад заразы нават маскоўскі ваявода Фёдар Арсеннеў.

Эпідэмія была такой страшнай і смертаноснай, што маскоўскі баярын Васіль Шарамеццеў у лісце да ковенскага земскага суддзі папярэджваў яго ні ў якім разе не набліжацца да Менска і ні з кім з менскага гарнізона не сустракацца.

Такім чынам за гады маскоўскай акупацыі Менск і ягоныя наваколлі ператварыліся ў разрабаваны край, дзе панавалі голад і смерць.

3 ліпеня 1660 года

Вызваленне беларускіх земляў пачалося пасля разгрому маскоўскіх войскаў у бітве пад Палонкай 28 чэрвеня 1660 года. Тады арміяй камандавалі вялікі гетман літоўскі Павел Сапега (Януш Радзівіл памёр у 1655 годзе, як мяркуецца, быў атручаны) і ваявода ад Польскай Кароны Стэфан Чарнецкі.

Аб'яднанае польска-ліцвінскае войска налічвала блізу 13 тысячаў чалавек. У бітве пад Палонкай ім супрацьстаялі 20 тысячаў маскавітаў на чале з Іванам Хаванскім. Гэта была бліскучая перамога, якая змяніла ход самай крывавай у гісторыі Беларусі вайны. Яшчэ доўгіх 7 гадоў спатрэбілася, каб выгнаць з беларускіх земляў расейскіх акупантаў, але пачатак быў пакладзены.

Вёсачка Палонка размешчаная ўсяго за шэсць кіламетраў ад Абуз-Лясноўскага агульнавайсковага палігона, які за апошнія гады часцяком ужываецца для супольных аператыўна-стратэгічных вучэнняў Беларусі і Расеі.

3 ліпеня 1660 года, роўна праз 5 гадоў пад маскоўскай акупацыяй, Менск быў вызвалены войскамі Рэчы Паспалітай. У якім стане маскоўцы пакінулі Меншчыну, сведчаць дакументы Варшаўскага сойму 1661 года.

Калі большая частка тэрыторыі Беларусі была ўжо вызваленая, у Варшаве сабралася пасяджэнне, каб разгледзець эканамічныя пытанні і вызначыць памер падаткаў для кожнага ваяводства і павета. Але, як высветлілася, падаткі плаціць было няма каму і няма з чаго – уся Беларусь была спаленая, людзі забітыя альбо зведзеныя ў палон на ўсход. Дакументы лаканічна сведчаць: Менскае ваяводства – «усе вынішчанае»

Пасля вызвалення Менска ад маскоўскай арміі паступова сюды сталі вяртацца жыхары, манахі пачалі аднаўляць манастыры і храмы – павольна, але горад паўставаў з руінаў. У 1667 годзе Менск налічваў 300 двароў, хоць да вайны тут пражывала блізу 7 тысяч чалавек.

У тым самым 1667 годзе Менск стаў часткай першага ў ВКЛ міжнароднага паштовага маршруту Вільня – Менск – Магілёў – Смаленск – Масква. Гэта спрыяла аднаўленню і развіццю горада. Але страты Менска ад маскоўскай арміі былі так вялікія, што даваеннай колькасці насельніцтва ледзь атрымалася дасягнуць толькі да канца 18 стагоддзя.

Атрымліваецца, што дата 3 ліпеня сапраўды мае для Менска важнае значэнне, з якога боку ні паглядзі.