19 красавiка 2024, Пятніца, 20:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы абароняць Беларусь, але не Лукашэнку

44
Беларусы абароняць Беларусь, але не Лукашэнку
Павел Севярынец
Фотa: «Радыё Свабода»

Хітра зачасаны тролінг не пройдзе

У сваім выступе на прыдуманы ім "Дзень незалежнасці" Лукашэнка заявіў, што маладыя беларусы павінныя ісці ў войска, каб абараніць Беларусь ад Расеі.

Хітра зачасаны тролінг - калі ўлічваць, што мноства праграмітаў, хіпстэраў і юных інтэлектуалаў сапраўды разумеюць расейскую пагрозу.

Але ёсць праблема. Кажучы "абараніць Беларусь", Лукашэнка напраўду мае на ўвазе сябе і свой "скоростной режим". І ўсе гэта ведаюць. Пойдзеце ў войска, адзенеце форму, вам у спіну будзе глядзець аўтамат - нікуды не дзенецеся, маўляў, абароніце. А яшчэ і ў сталіцу перакінем, калі яна раптам бунтаваць будзе.

Дык вось, Аляксандр Рыгоравіч. Людзі будуць абараняць Беларусь і нават стаяць за яе насмерць тады, калі яны сапраўды будуць ведаць, што абараняюць сябе, сваю сям'ю і сваю краіну - а не пятлю на ўласнай шыі.

Чым больш хлусні на тэлевізіі, фальсіфікацыяў на "выбарах", крыжаломаў у Курапатах, дэкрэтаў, кантрактаў, пабораў, штрафаў, здзекаў, чым больш праўладных алігархаў у бізнэсе, камуністаў у сістэме адукацыі і расейскіх танкаў на парадах у гонар незалежнасці - тым менш у людзей жадання за ўсё гэта паміраць.

Хочаш абараніць беларускую незалежнасць?

Пакайся перад беларускім народам за ўсё тое, што нарабіў за 25 гадоў. Выпраў шкоду. Вызвалі палітвязняў. Скасуй кантракты, дэкрэты і паборы. Выйдзі з Еўразійскага таёжнага саюза і АДКБ, мы ж нейтральная дзяржава паводле канстытуцыі. Спыні высечку і вываз лесу, будоўлю шкодных вытворчасцяў і ўшчыльненне вялікіх гарадоў. Вярні людзям пенсіі, перастань душыць прадпрымальнікаў і дай магчымасць зарабляць. Дай, нарэшце дазвол на Беларускі нацыянальны ўніверсітэт. Вярні крыжы ў Курапаты і закрый Лінію Сталіна. Перастань хаваць забойцаў маладых жаўнераў. Выкінь з войска партрэты акупантаў, суворавых, дзяржынскіх ды тухачэўскіх - хай байцы бяруць прыклад са сваіх Астрожскага, Хадкевіча, Касцюшкі ды Каліноўскага. Падымі бел-чырвона-белы сцяг. Абвясці свабодныя выбары без Ярмошынай і фальсіфікацыяў.

І сыходзь.

Вось тады ў Беларусі ёсць шанец. Таму што тады беларускі народ будзе абараняць сваю краіну, а не чужую тыранію.

Зможаш гэта зрабіць - застанешся ў гісторыі.

Але дужа я сумняваюся, што зможаш.

Лукашэнкаў шмат. А Беларусь у нас адна.

Бог даў гэтую краіну беларускаму народу, а не Крамлю, клану ці мафіі.

І рана ці позна народ, здольны абараніць Беларусь, прачнецца.

Павел Севярынец, «Фэйсбук»

Напісаць каментар 44

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках