18 красавiка 2024, Чацвер, 7:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што хаваецца за фасадам новага Працоўнага кодэкса

35
Што хаваецца за фасадам новага Працоўнага кодэкса
Фота: minsknews.by

Найлепшы адпачынак для беларуса - падпрацоўка падчас водпуску?

Новы Працоўны кодэкс, папраўкі ў які прынялі ў абедзвюх «палатках», быў падпісаны Лукашэнкам. Што зменіцца ў працоўных дачыненнях пасля ўваходжання кодэксу ў дзеянне? Cайт Charter97.org папрасіў пракаментаваць змены ў заканадаўстве лідара прафзвязу РЭП Генадзя Фядыніча.

- Лукашэнка падпісаў новы Працоўны кодэкс, які ўжо называюць самым горшым у свеце. Ці згодныя вы з такім вызначэннем?

- Калі казаць пра кантрактную сістэму - дык, яго сапраўды можна ўважаць за найгоршым у гэтым кірунку.

- Пройдземся па зменах. Сярод іх - магчымасць наймальніка «перадаваць» работніка іншага наймальніка. Да чаго прывядзе такая практыка?

- Ці можна сказаць, што ў нас хочуць узаконіць прыгоннае права. Улада прыкрываецца тым, што калі ты прыходзіш да наймальніка, а ў яго няма працы, то ён можа перанакіраваць цябе на іншае месца працы на тэрмін да шасці месяцаў. Пры гэтым не агаворваецца, якія будуць умовы працы, які будзе ўзровень заробку.

У ідэале павінна быць так: прыходзіш да наймальніка, падпісваеш кантракт, калі ты яго выконваеш, але ў наймальніка няма працы - табе павінен выплаціць два сярэднія заробкі і прапанаваць пачаць пошук іншага месца працы. У новых папраўках нічога пра гэта не гаворыцца.

Атрымліваецца перадача раба іншаму гаспадару. Бо работніка ставяць перад выбарам: або звальняйся, альбо ідзі да новага працадаўцы. А чаму чалавек, да прыкладу, павінен ездзіць за 10-20 кіламетраў на новае месца працы?

У Працоўным кодэксе павінна быць дакладна прапісана: няма працы - плаці два сярэднія заробкі і цябе звальняюць у сувязі з парушэннем працадаўцам кантракту. А такой нормы проста не існуе.

- Ці можна сказаць, што новы Працоўны кодэкс кансервуе ўжо існую ў Беларусі кантрактную сістэму?

- Абсалютна. Улады спрабуюць прыкрыцца тым, што цяпер кантракты можна ўкладаць на пяць гадоў. Але гэта ўсё ад злога. Паглядзіце на статыстыку, колькі людзей сядзяць на кароткатэрміновых кантрактах! Паслухайце, ніхто ж не прыбіраў з Працоўнага кодэкса бестэрміновыя кантракты. Іх можна ўкладаць.

Адпрацаваў чалавек год - афармляйце яго на бестэрміновую працоўную дамову. А што мы атрымалі замест гэтага? Няроўнасць! Наймальнік можа звольніць работніка, паведаміўшы пра гэта за 30 дзён. А ў адваротны бок гэты закон не дзейнічае. Калі ты за гэты час знайшоў іншую працу, то проста няма ніякіх шанцаў. Усё будзе вызначаць наймальнік.

Правы працадаўцы цалкам не роўныя з правамі працаўніка. Калі б чалавек працаваў паводле бестэрміновай працоўнай дамовы, то ён бы мог цягам месяца прыйсці і сказаць наймальніку, што ён звальняецца.

- Беларусаў пазбаўляюць права звальняцца з уласнага жадання?

- Так і ёсць. У найлепшым выпадку можна дамовіцца аб звальненні паводле дамовы бакоў. А так работнікам даводзіцца развязваць праблемы праз суд. Калі суд абавязвае звольніць працаўніка, то яго звальняюць паводле артыкула «ў сувязі з парушэннем наймальнікам кантракту» і запіс трапляе ў працоўную кніжку. А новы працадаўца бачыць, што працаўнік пісьменны, можа за сябе пастаяць і не бярэ яго на працу.

- Улады ўзаконілі «падпрацоўкі падчас адпачынку». Атрымліваецца, што яны афіцыйна прызнаюць, што адной працай немагчыма сябе пракарміць?

- Раней людзі таксама падзараблялі падчас адпачынку. Але тут чыноўнікі робяць гэта нормай і даюць зразумець, што найлепшы адпачынак для беларусаў - змена месца рабочай дзейнасці. А пытанне стаіць у тым, калі людзям адпачываць? Беларусы ідуць на падпрацоўкі не ад добрага жыцця, а ад безвыходнасці. Хтосьці набраў крэдытаў, хтосьці пазычыў грошы, камусьці не стае на жыццё.

Чаму на асноўным месцы працы беларусы не могуць зарабіць столькі, колькі ім патрэбна для нармальнага жыцця? Чалавек працы павінен мець магчымасць зэканоміць грошы, узяць сям'ю і нармальна з ёй адпачыць. На дачы, у горадзе, у Польшчы, у Егіпце, у Турцыі - дзе хоча. Тут пра народ мала хто думае. Дык давайце ўжо будзем сумленнымі і напішам не «Беларусь - краіна для жыцця», а «Беларусь - краіна для нізкааплатнай працы». Будзе прынамсі сумленна.

А замест гэтага ў нас новая «звышзадача» - «прымальны заробак». Гэтай сістэме, якая 25 гадоў сябе дыскрэдытуе, проста няма веры. Беларускі народ не верыць, што дзяржава здольная забяспечыць яго годным працоўным месцам. Не гэтымі падачкамі сумай $150 - 200, а нармальным заробкам.

Бачыце, як атрымліваецца: спачатку было $500, затым 1000 рублёў, а днямі Лукашэнка кажа пра «прымальны заробак», таму што годны даць нам не могуць. Хлопцы, дык а чым вы займаліся 25 гадоў?!

- Калі чытаеш папраўкі ў Працоўны кодэкс - спрэс бачыш слова «наймальнік». Для чалавека працы ў абноўленым законе месца не знайшлося?

- Папраўкі ў Працоўны кодэкс толькі ўзаконілі «пятлю» на шыі працаўніка. Калі раней можна было спасылацца на тое, што дэкрэты і ўказы - часовая з'ява, то сёння яны ператварыліся ў закон.

Да чаго ўсё гэта прывядзе? Моладзь і таленавітыя людзі будуць з'язджаць з краіны. У мяне такое ўражанне, што ўладам проста абыякава, колькі нашых суайчыннікаў з'едзе. Чыноўнікі - самі па сабе, людзі - самі па сабе. Прорва паміж народам і ўладай становіцца толькі глыбейшай і шырэйшай.

- Чаму новы Працоўны кодэкс так хваляць афіцыйныя прафзвязы?

- Як гэтыя людзі туды «абіраліся», так яны і адпрацоўваюць у гэтых структурах сваю ролю. Цяпер на экранах тэлевізараў столькі пустаслоўя, маўляў, яны «так цяжка працавалі над новым Працоўным кодэксам», думалі пра простага працаўніка.

У тым ліку выхваляюцца тым, што далі маладым татам 14 дзён адпачынку. Але ж плаціць за гэты адпачынак вы не збіраецеся. А як вы будзеце падымаць дэмаграфію?

А жанчынам, якія гадуюць дзяцей да 3 гадоў, знялі забарону на працоўныя выправы. Не захочаш ехаць - парушаеш умовы кантракту і атрымаеш вымову. Дзве вымовы - і сыходзіш.

Да чаго я гэта кажу, змены ў Працоўны кодэкс абмяркоўваць і ажыццяўляць не чыноўнікі ад Мінпрацы, не прадстаўнікі праўладных прафзвязаў, а ўпаўнаважаныя прадстаўнікі людзей працы. Разгляд законаў павінна мець грамадскі рэзананс і прапановы простых беларусаў павінны быць улічаныя. На жаль, меркаваннем незалежных прафзвязаў, грамадскіх арганізацый і НДА - ніхто не цікавіцца, як і меркаваннем чалавека працы.

- Ці не разглядаеце вы ўнясенне Беларусі ў «чорны спіс» Міжнароднай канфедэрацыяй прафзвязаў як найлепшую ацэнку сітуацыі з правамі працоўных у Беларусі?

- Так і ёсць. Але давайце пераходзіць ужо ад ацэнак і слоў - да справы. На мой погляд, у тым, што адбываецца, ёсць некаторая віна і Захаду. Бо ў самім Еўразвязе правы і свабоды грамадзян павінны выконвацца непарушна, але варта перасекчы мяжу Беларусі - пра іх можна забыцца. Ідзе процьма ўліванняў і праграм для беларускай эканомікі, але мы не бачым умоваў, якія б ставіў Захад беларускім уладам. Грошы беларускія ўлады павінны атрымліваць пад гарантыі ў захаванні правоў чалавека.

На жаль, мы бачым, што ў нашай краіне чалавеку не даюць выказацца далей сваёй кухні і пад'езда, а за мітынг - будзь добры заплаці велізарныя грошы, каб улада пачула праўду пра сябе.

- Атрымліваецца, што надзея толькі на нас саміх?

- Менавіта. Час ужо расплюшчыць вочы і зразумець, што ўлада зрабіла ўсё для таго, каб людзі ў гэтай краіне не жылі добра. Яны стварылі псеўдасацыялізм у найгоршым варыянце. А кіраўніцтва краіны не хоча прызнаць, што эканамічная мадэль зайшла не проста ў нявыкрутку, а прымусіла апусціцца беларусаў на самыя нізы і ў нэндзу. Людзям, якія прыйдуць да ўлады ў свабоднай Беларусі, давядзецца праводзіць экстранныя і непапулярныя рэформы, але без іх беларусы будуць не жыць, а выжываць. Толькі сапраўдныя змены выратуюць нашу краіну.

Напісаць каментар 35

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках