17 лiпеня 2019, Серада, 4:35
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Савудаўская Арабія значна знізіла кошт нафты для Еўропы і Азіі

1

Для Заходняй Еўропы максімальна знізіцца кошт самага лёгкага гатунку.

Савудаўская Арабія абвясціла аб значным (амаль на 4%) зніжэнні кошту нафты для пакупнікоў у Еўропе, а таксама ўпершыню з пачатку года абвясціла зніжкі для ключавога, азіяцкага рынку, піша finanz.ru.

Партыі з адгрузкай у жніўні каштавацьме еўрапейскім кліентам на 1,5-2,4 даляра танней, чым ліпеньскія, вынікае з прайс-ліста дзяржаўнай нафтавай кампаніі каралеўства Saudi Aramco. У выніку ўсе без выключэння маркі савудаўскай нафты будуць прадавацца са зніжкай да кошту Brent.

Для Заходняй Еўропы максімальна знізіцца кошт самага лёгкага гатунку - Arab Extra Light. Ён патаннее на 2 даляры і замест цяперашняй прэміі да Brent (+45 цэнтаў) будзе прадавацца з дысконтам 1,55 даляра.

Кошт Arab Light і Arab Medium будзе зніжана на 1,6 даляра, а зніжка да Brent павялічыцца да 2,7 і 4,05 даляра адпаведна. Arab Heavy патаннее на 1,5 даляра (да - 5,55 даляра да кошту Brent).

Для краін Паўднёвай Еўропы кошты будуць зніжаныя на 2,2-2,4 даляра ва ўсёй лінейцы гатункаў. Arab Extra Light будзе прадавацца са зніжкай 1,5 даляра да Brent. Для Arab Light дысконт павялічыцца да 2,3 даляра, для Arab Medium - да 3,95 даляра, для Arab Heavy - да 4,8 даляра.

Практычна франтальнае зніжэнне коштаў адбудзецца і на ключавым для саўдзітаў азіяцкім рынку, дзе Saudi Aramcо рэалізуе дзве траціны свайго нафтавага экспарту і дзе кошты раслі цягам усёй першай паловы года.

Arab Super Light патаннее на 40 цэнтаў, Arab Extra Light - на 55 цэнтаў, Arab Light - на 25 цэнтаў, Medium - на 20 цэнтаў.

Вырасце (на 10 цэнтаў) толькі «цэннік» для цяжкай нафты Arab Heavy, якая канкуруе з венесуэльскімі гатункамі, пастаўкі якіх на сусветны рынак упалі ўдвая за апошні год (у чэрвені - 968 тысяч барэляў за дзень, са звестак Kpler).

Коштавая палітыка Aramco ў ЗША застанецца без істотных зменаў. Arab Extra Light нязначна патаннее (на 10 цэнтаў), а астатнія гатункі стануць даражэйшыя на 10-20 цэнтаў.

Зніжэнне коштаў савудаўскіх гатункаў ў Азіі было чаканым, распавялі Reuters пяць нафтатрэйдэраў, якія працуюць у рэгіёне: ліпеньскія цэннікі ад Saudi Aramco былі рэкордна высокімі з лета 2014 года.

У чэрвені Савудаўская Арабія нарасціла нафтавы экспарт (на 135 тысяч барэляў за дзень), яшчэ за 0,5 млн барэляў дадалі Ірак і ААЭ. Гэта цалкам кампенсавала правал іранскіх паставак, якія ўпалі амаль удвая - да 515 тысяч барэляў за дзень. Прычым асноўная частка гэтай нафты засталася на танкерах без пакупнікоў, адзначаюць аналітыкі Kpler.

Попыт між тым слабее: у Дубаі спотавыя кошты фізічнай нафты з пастаўкай у верасні падаюць, cказаў Reuters адзін з нафтатрэйдараў. «Афіцыйныя кошты павінны знізіцца, таму што спотавыя кошты ўпадуць найбліжэйшы месяц», - дадаў ён.

Хоць блізкаўсходнія нафтавыя манархіі ўжо 2,5 гады абмяжоўваюць здабычу і на гэтым тыдні надумалі падоўжыць пагадненне OPEC+ да красавіка 2020 года, эфект ад гэтых дзеянняў знікае, кажа аналітык OANDA Эдвард Мая.

«Гандлёвая вайна наўрад ці будзе скончаная найбліжэйшым часам, і хоць цэнтрабанкі плануюць свежыя стымулы, эканамічная актыўнасць у свеце працягвае спаўзаць уніз», - канстатуе Мая.