25 красавiка 2024, Чацвер, 20:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Новая эпоха: Нафта саступае энэргіі сонца і ветру, але не ў Расеі

1
Новая эпоха: Нафта саступае энэргіі сонца і ветру, але не ў Расеі

Чаму некаторыя краіны не спяшаюцца злезці з нафтавай іголкі?

Размовы пра тое, што Расеі неабходна злезці з нафтавай іголкі, гучаць ужо не першае дзесяцігоддзе. Аднак менавіта цяпер сталі найбольш выразна вымалёўвацца рызыкі, з якімі трэба будзе сутыкнуцца расейскай эканоміцы праз тое, што яе залежнасць ад вуглевадародаў не слабее. Цэнтр энэргетыкі бізнэс-школы "Сколкава" супольна з Інстытутам энэргетычных даследаванняў (ІНЭД) РАН прапанаваў прагноз развіцця энэргетыкі ў свеце і ў Расеі да 2040 года, піша dw.com.

Згодна з ім існуе тры сцэнары. Першы – кансерватыўны – кажа пра захаванне цяперашняй сітуацыі як у развіцці тэхналогій, так і з гледзішча дзяржпалітыкі. Другі – інавацыйны – прадугледжвае паскарэнне развіцця тэхналогій і зняцце перашкодаў на шляху іх міжнароднага трансферу. Згодна з трэцім – сцэнаром энэргапераходу – адбываецца дадатковае паскарэнне навукова-тэхнічнага прагрэсу і факусаванне энэргапалітыкі ўсіх краінаў на мэтах дэкарбанізацыі. Але пры ўсіх сцэнарах Расеі пагражае доўгатэрміновая эканамічная стагнацыя.

Пераход на аднаўляльныя крыніцы энэргіі замест вугалю, нафты і газу

Эксперты канстатуюць: сусветная энэргетыка ўступіла ў новы этап трансфармацыі – эру так званага "чацвёртага энэргапераходу". Гэты пераход мае на ўвазе змяненне структуры энэргаспажывання, у якім паступова будзе зніжацца дзель выкапняў крыніцаў энэргіі і нарастаць дзель аднаўляльных крыніцаў (АКЭ).

Першы энэргапераход адбыўся ў другой палове XIX стагоддзя, калі вугаль выцесніў біямасу, другі быў звязаны з распаўсюджваннем нафты (яе дзель вырасла з 3% у 1915 годзе да 45% да 1975 года), трэці – прывёў да шырокага выкарыстання прыроднага газу (яго дзель вырасла з 3% у 1930-м да 23% у 2017 годзе) за кошт частковага выцяснення як вугалю, так і нафты.

Дзель АКЭ ў сусветным энэргаспажыванні ў 2017 годзе складала 15 адсоткаў. Да 2040 года, паводле розных прагнозаў, яна можа вырасці ў тры разы.

Працэсы, якія адбываюцца, немінуча прыводзяць да зніжэння попыту на традыцыйныя энэрганосьбіты. Пік попыту на нафту, згодна з інавацыйным прагнозам Цэнтра энэргетыкі "Сколкава", будзе пройдзены прыкладна праз пяць гадоў, пік попыту на вугаль – ужо пройдзены.

Неўнікнёным наступствам энэргапераходу становіцца ўзмацненне міжпаліўных канкурэнцыі. І, у першую чаргу, разбураецца манаполія нафтапрадуктаў на транспарце. Так, электрамабілі ўжо сёння сталі рэальнымі канкурэнтамі аўтамабіляў, якія выкарыстоўваюць рухавікі ўнутранага згарання, а да 2040 года дзель электратранспарту ў сцэнары энэргапераходу вырасце прыкладна з 1% (2015) да 32%. Ва ўсіх галінах нарошчвае сваю дзель электраэнэргетыка. Пры гэтым менавіта ў электраэнэргетыцы адбываецца найбольш актыўны пераход на аднаўляльныя крыніцы. Да 2040 года іх дзель у вытворчасці электраэнэргіі можа дасягнуць амаль 50 адсоткаў, а без уліку гідраэнэргетыкі – 22–30 адсоткаў.

Экспарт нафты, газу і вугалю з РФ у Еўропу будзе зніжацца

Асноўнымі драйверамі энэргапераходу ў свеце і Еўропе з'яўляюцца дзяржаўная энэргапалітыка, развіццё тэхналогій і так званае "экалагічнае мысленне". У аснове еўрапейскай палітыкі па-ранейшаму ляжыць імкненне павысіць энэргетычную бяспеку, зніжаючы залежнасць ад імпарту вуглевадародаў. Тэхнічны прагрэс абумоўлены з'яўленнем новых тэхналагічных ідэяў у энэргетыцы. Ён актыўна стымулюецца ўладамі пры дапамозе рознага роду субсідый, падатковых ільготаў і іншых рэгулятыўных захадаў.

МАЛАДЫЯ ЭКААКТЫВІСТЫ ПРЭЗЕНТУЮЦЬ У БЕРЛІНЕ ЛІЧЫЛЬНІК, ЯКІ ФІКСУЕ ЎЗРОВЕНЬ ВЫКІДАЎ C02

Адным з прыярытэтаў у апошняе дзесяцігоддзе стала палітыка дэкарбанізацыі, накіраваная на скарачэнне выкідаў парніковых газаў у сусветнай эканоміцы ў рамках барацьбы са зменай клімату. Так, паводле звестак Сусветнага банка, да мінулага года ўжо 45 дзяржаваў і 25 асобных рэгіёнаў альбо ўжо запусцілі нацыянальную сістэму гандлю выкідамі СО2 ці "вугляродныя зборы", альбо плануюць гэта зрабіць у найбліжэйшай будучыні. Для Расеі выхад дэкарбанізацыі ў лік галоўных задачаў – "гэта пакуль толькі надзея", заявіла DW дырэктарка Цэнтра энэргетыкі бізнэс-школы "Сколкава" Таццяна Мітрава.

Нягледзячы на тое, што новай тэхналагічнай рэвалюцыі ў найбліжэйшыя гады не чакаецца, тэхналагічныя "прарывы", паводле словаў аўтараў даследавання, неўнікнёныя. Яны ўжо праходзяць апрабацыю і прыводзяць да планамернага патаннення АКЭ, а адначасова і да росту энэргаэфектыўнасці. У сукупнасці новыя тэхналогіі "даюць сапраўды рэвалюцыйны эфект: менавіта яны забяспечваюць істотнае запаволенне тэмпаў росту ўсяго сусветнага энэргаспажывання", гаворыцца ў дакладзе.

Для Расеі гэта азначае адно: яе дзель энэргетычнага экспарту ў Еўропу будзе немінуча зніжацца. У самой Расеі "навукова-тэхнічны прагрэс не можа рэалізавацца праз таннасць паліва і высокі кошту капіталу", перакананы загадчык аддзела навуковых асноў развіцця сістэмаў энэргетыкі ІНЭД РАН Фёдар Весялоў.

Наступствы энэргапераходу для Расеі

Калі ў перыяд з 2000 да 2007 года Расея здолела істотна нарасціць аб'ёмы экспарту энэргарэсурсаў, то ў новае дзесяцігоддзе паказнікі экспарту дэманстравалі стагнацыю (у сумарнай выручцы), а ў перспектыве да 2040 года росту не чакаецца ні пры якіх умовах. У выпадку, калі энэргапераход ва ўсім свеце прадоўжыць актыўна развівацца, а энэргапалітыка ў Расеі не зменіцца, "расейскі экспарт у аб'ёмных паказніках скароціцца на 15 адсоткаў, выручка – на 17 адсоткаў. Усё гэта будзе адбывацца ва ўмовах павелічэння вытворчых затратаў з пераходам на больш складаныя запасы", адзначаецца ў дакладзе.

У першую чаргу будуць скарачацца пастаўкі расейскай нафты, нафтапрадуктаў і вугалю. Сітуацыя будзе пагаршацца неспрыяльнай рынкавай кан'юнктурай – нават пры самых спрыяльных умовах кошты на нафту да 2040 года не перавысяць узроўняў 2007–2012 гадоў. У выпадку захавання санкцый негатыўную ролю будзе гуляць і абмежаванне доступу расейскіх энэргетычных кампаній да пазыковага капіталу, найноўшых тэхналогіяў і рынкаў збыту. "Неспрыяльны інвестыцыйны клімат і інстытуцыянальная структура ТЭК, якая стрымлівае энэргаэфектыўнасці і ўкараненне любых нізкавугляродных тэхналогій, будуць тармазіць расейскую эканоміку, адымаючы усе магчымасці для павелічэння тэмпаў росту ВУП", – адзначае Таццяна Мітрава. Сярэднегадавыя тэмпы росту ВУП пры самым спрыяльным сцэнары складуць 1,7 адсотка, пры неспрыяльным – 0,6 адсотка.

Расея робіць стаўку на вугаль, нафту і газ

Нягледзячы на пералічаныя пагрозы, расейскія рэгулятары не спяшаюцца карэктаваць энэргапалітыку. Насуперак сусветным тэндэнцыям робіцца значная стаўка на развіццё вугальнай галіны. У пачатку гэтага года паведамлялася пра намер інвеставаць у яе ў найбліжэйшы час блізу паўтара трыльёна рублёў. Развіваюцца буйныя здабыўныя нафтагазавыя і трубаправодныя праекты. Прычым, нягледзячы на тое, што, паводле ацэнак экспертаў, газавая галіна будзе з'яўляцца найбольш перспектыўнай у частцы звадкаванага прыроднага газу, акцэнт робіцца на такіх праектах, як газаправод "Паўночны струмень-2" і "Сіла Сібіры".

"Ва ўмовах, калі трэба паволі дэмантаваць сыравінную інфраструктуру, Расея яе актыўна развівае, укладваючы ў яе дзясяткі мільярдаў даляраў. Так краіна становіцца закладніцай сістэмы, паколькі інвестыцыі трэба будзе пастарацца вярнуць", – кажа дырэктар Інстытута стратэгічнага аналізу кампаніі ФБК Ігар Нікалаеў. Аднак жа гарантый вяртання інвестыцый няма, упэўнены ў "Сколкаве". Паводле словаў Мітравай, інвестыцыйныя пастановы пра развіццё інфраструктуры, якія прымаюцца сёння, збольшага ігнаруюць глабальныя трэнды. Ствараецца пагроза магчымага змярцвенне інвестыцый. Любоў да традыцыйных мегапраектаў ва ўмовах, калі свет ідзе да дэцэнтралізацыі, можа апынуцца вельмі вялікай рызыкай для РФ.

Як кажа эксперт, у Расеі застаецца 7–10 гадоў на перагляд сваёй палітыкі і прыняцце хай і непапулярных, але неабходных пастановаў у галіне перабудовы сістэмы. Ігар Нікалаеў сумняваецца ў тым, што ў найбліжэйшыя гады нешта можа кардынальна змяніцца: "Будуць прыглядацца, на гэтым усё. Такая спецыфіка структурных праблемаў. Перабудавацца ўвадначассе немагчыма. Так што будзе балюча і цяжка".

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках