25 красавiка 2024, Чацвер, 16:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сем пытанняў пра салют 3 ліпеня, на якія беларусы не атрымалі адказаў

25
Сем пытанняў пра салют 3 ліпеня, на якія беларусы не атрымалі адказаў
ФОТА: МІКАЛАЙ ПЯТРОЎ

Мінабароны і СК маўчаць.

Падчас салюту ў «дзень незалежнасці» ў Менску загінула 64-гадовая мянчанка, яшчэ дзесяць чалавек у спісе пацярпелых. Паводле папярэдняй інфармацыі СК, прычынай разрываў выявіліся няякасныя боепрыпасы расейскага паходжання.

Tut.by папрасіў Міністэрства абароны і Следчы камітэт адказаць на пытанні, якія з'явіліся ў апошнія дні пасля трагедыі. Там адмовіліся. СК абяцае, што «па меры замацавання доказнай базы, атрымання высноў прызначаных экспэртыз і па выніках праведзенага комплексу следчых мерапрыемстваў адпаведныя звесткі будуць апублікаваныя».

Усе набоі набываліся ў расейскай кампаніі «Піра-Рос»? Ці былі іншыя пастаўшчыкі?

На наступны дзень пасля трагедыі старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч распавёў:

«Выпадак выключны, раней такіх сітуацый не фіксавалася. У якасці асноўнай разглядаецца версія аб тым, што феерверкі былі няякаснымі. Феерверкі, якія выкарыстоўваліся ў гэты Дзень, расейскай вытворчасці. Устаноўлена, што выкарыстоўваліся марціры трох калібраў: 105, 195 і 310 мм. Няштатная сітуацыя ўзнікла з марцірамі калібру 195»

Каталог прадукцыі «Піра-рос» за 2013-2014 гады, які даступны на сайце кампаніі, складаецца з дзвюх частак: Уласная вытворчасць піратэхнікі і вытворчасць Кітая. Зарады калібру 195 мм значацца ў кітайскім спісе.

СК затрымаў двух прадстаўнікоў расейскай кампаніі, а выбухі адбыліся ў трох месцах з шасці. Як гэта магчыма? Ці яны зараджалі ўсе ўстаноўкі?

Міністэрства абароны паведамляла: «Выбухі адбыліся ў трох з шасці месцаў, дзе вырабляўся салют. Пасля першых падрываў салют у гэтых месцах быў спынены»

СК распачаў крымінальную справу паводле ч.2 арт.463 (парушэнне правілаў абыходжання з рэчывамі і прадметамі, якія прадстаўляюць павышаную небяспеку для навакольных) і затрымаў падазраваных - двух супрацоўнікаў расейскай кампаніі «Піра-Рос». Гэта маладзёны 25 і 29 гадоў. Застаецца незразумелым: яны ўдваіх зараджалі ўсе ўстаноўкі? Як гэта тэхнічна і фізічна магчыма?

Дык хто зараджаў устаноўкі? Дзе былі нашы вайскоўцы?

ФОТА: МІКАЛАЙ ПЯТРОЎ

У тым жа афіцыйным паведамленні Мінабароны гаварылася, што «вайскоўцы разлікаў салютных установак прайшлі спецыяльную падрыхтоўку і былі дапушчаныя да правядзення салюту адпаведнымі загадамі». Дык ці зараджалі нашы спецыялісты ўстаноўкі 3 ліпеня ці гэта рабілі толькі прадстаўнікі расейскай кампаніі? І што відаць на відэазапісе, які вялі «для выключэння «чалавечага фактару»?

Дык справа ў няякасных набоях або ў «механічным уздзеянні» на іх?

Кіраўнік СК Іван Наскевіч асноўнай версіяй назваў няякасныя феерверкі. Аднак у інфармацыі ўстановы аб затрыманні гаворыцца: «У працэсе зараджання салютных установак прадстаўнікі прадпрыемства-пастаўшчыка дапусцілі парушэнне парадку працы з феерверкамі, а менавіта: ажыццяўлялі механічнае ўздзеянне на зарады піратэхнікі ў марціры, не прадугледжанае Правіламі абыходжання з імі».

СК не тлумачыць, аб якім менавіта механічным уздзеянні ідзе гаворка. Як іх пашкодзілі? Выпадкова? Свядома?

На якой адлегласці было выстаўленае ачапленне падчас салюту?

За дзень да свята агенцтва «Мінск-Навіны «паразмаўляла з камандзірам патрульнай роты каменданцкага батальёна Аляксеем Круглікам, які распавёў «як вайскоўцы рыхтуюцца скарыць сэрцы тысяч гледачоў». У матэрыяле паведамлялася, што будзе выстаўленае ачапленне ў радыусе 500 метраў ад агнявых пазіцый.

Калі паглядзець па мапе, то ад усталявання салюту да таго месца, дзе загінула 64-гадовая Наталля М., 490 метраў. Металічны асколак трапіў жанчыне ў шыю, пашкодзіўшы сонную артэрыю. Некаторыя відавочцы, якія назіралі за святам проста ў парку Перамогі, адзначалі: ачаплення яны не бачылі.

«Перыметр бяспекі быў вызначаны для штатнай сітуацыі. Тое, што адбылося, выходзіла за рамкі такіх сітуацый, усе раненні грамадзянам былі прычыненыя за межамі пэўнага перыметра, пралічыць разлёт у выпадку ўзнікнення няштатнай сітуацыі практычна немагчыма» — паведамляў старшыня Следчага камітэта Беларусі Іван Наскевіч.

Кіраўнік структуры не ўдакладніў, аб якім перыметры ідзе гаворка.

Ці выкарыстоўваліся раней набоі расейскай кампаніі «Піра-Рос»?

«Сакрэты раскрываць не буду. Але скажу, што гэтым разам мы выкарыстаем новыя феерверкі, якія раней не паказвалі. Агульную карціну ўбачыце на салюце», - распавядаў за дзень да свята агенцтву «Мінск-Навіны» камандзір патрульнай роты каменданцкага батальёна Аляксей Круглік.

У размове з Office Life ў кампаніі «Піра-Рос» казалі, што працуюць з Міністэрствам абароны РБ не першы год. І ўдакладнілі: пастаўка прадукцыі сёлета не адрознівалася ад тых, што былі раней.

Што зменіцца пасля трагедыі?

Экспэрты кажуць пра тое, што цяпер ва ўсім свеце для запуску феерверку выкарыстоўваюць пластыкавыя, папяровыя, алюмініевыя марціры, а не сталёвыя, якія былі ў вайскоўцаў у Менску 3 ліпеня.

- Адбыўся прынцып гранаты: людзі атрымалі пашкоджанні праз разлёт металічных аскепкаў марціры. Былі б пластык, алюміній, радыус разлёту склаў бы метраў сто — мяркуе дырэктар ТАА «Кальвін» Канстанцін Марозаў, чыя кампанія адказвала за піратэхнічнае шоў 3 ліпеня.

Ці будуць мяняць тэхналогію нашы вайскоўцы? Ці будуць узмацняць кантроль за працэсам? На якой адлегласці ад агнявых пазіцый цяпер выстаўляцьмуць ачапленне? Хто наогул адказвае за агульную бяспеку гледачоў падчас салюту? І самае важнае: што робіцца цяпер, каб такія трагедыі больш не паўтараліся?

СК: «Запытаная інфармацыя не раскрываецца ў інтарэсах следства»

— Змест пытанняў, прадстаўленых вамі, з'яўляецца прадметам даследавання і разбору падчас расследавання крымінальнай справы, — адказаў афіцыйны прадстаўнік СК Сяргей Кабаковіч. - Цяпер праводзяцца неабходныя следчыя і іншыя працэсуальныя дзеянні, накіраваныя на ўстанаўленне ўсіх абставінаў здарэння, у тым ліку, і звязаных са згаданымі вамі. У інтарэсах следства на гэты момант запытаная інфармацыя не выдаецца, аднак па меры замацавання доказнай базы, атрымання высноў прызначаных экспэртыз і пасля правядзення комплексу следчых мерапрыемстваў адпаведныя звесткі будуць апублікаваныя.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках