25 красавiка 2024, Чацвер, 10:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як ВКЛ дасягнула піку магутнасці пры вялікім князю Вітаўту

Як ВКЛ дасягнула піку магутнасці пры вялікім князю Вітаўту

Тэрыторыя беларускай дзяржавы распасціралася ад Балтыйскага да Чорнага мора.

Прыблізна ў 1377 годзе памёр князь Альгерд, пасля ягонай смерці пачалася вайна за ўладу ў княстве паміж ягоным сынам Ягайлам і братам Альгерда Кейстутам. Неўзабаве Ягайла забівае Кейстута, здолеўшы завабіць яго разам з сынам Вітаўтам у Крэва, нібыта для мірных перамоваў. Будучы вялікі князь Вітаўт павінен быў таксама быць забітым, але ён здолеў уцячы да крыжакоў, паведамляе vklby.com.

Пасля ўцёкаў Вітаўт пры дапамозе крыжакоў пачаў вайну супраць Ягайлы. У сваю чаргу Ягайла ў 1385 годзе заключыў Крэўскую унію, паводле якой узяў каталіцкую веру, ажаніўся з польскай каралевай Ядвігай, стаў каралём польскім і абавязаўся далучыць Княства Літоўскае з усімі землямі да Кароны Польскай.

Перамога ў міжусобнай вайне за ўладу ў ВКЛ пачала схіляцца на бок Вітаўта. Аднак ён выдатна разумеў, хоць на ягоным баку больш перамог і паноў, а тры чвэрці тэрыторыі ў яго пад кантролем, трэба мірыцца з Ягайлам, бо крыжакі не выпусцяць шанец скарыстацца вайной паміж імі і захопяць спачатку Літву, а потым возьмуцца за Польшчу.

Ягайла таксама разумеў усю складанасць сітуацыі і пагадзіўся на мір з Вітаўтам. Вайна скончылася Астроўскім пагадненнем у 1392 годзе, паводле якога Вітаўт прызнаны вялікім князем літоўскім, рускім і жамойцкім. Разам з прызнаннем Вітаўта вялікім князем літоўскім да тэрыторыі ВКЛ далучаліся: Валынь, Луцк і Уладзімір-Валынскі.

Пасля заканчэння вайны з Ягайлам Вітаўт узяўся за ўмацаванне і пашырэнне тэрыторый ВКЛ, бо ў вайне 1401–1404 гадоў, ён змог далучыць Смаленскае княства.

Нягледзячы на відавочнае ўзмацненне і пашырэнне княства, пагроза ягонаму існаванню прадаўжала зыходзіць з поўначы, дзе знаходзіўся магутны вораг, Тэўтонскі ордэн. У вайне з ім і трэба было Вітаўту вызначыць, ці здолее ён застацца вялікім князем, а ВКЛ захаваць сваё існаванне.

Вайна з ордэнам пачалася ў 1409 годзе з паўстання ў Жамойціі, якая хоць і адышла да ордэна, але ВКЛ прадаўжала ўважаць яе сваёй тэрыторыяй. Вызначальнай падзеяй у гэтай вайне стала Грунвальдская бітва.

15 ліпеня 1410 года адбылася вялікая бітва паміж Тэўтонскім ордэнам з аднаго боку і ВКЛ з Польшчай з другога. Значнасць перамогі ў гэты дзень была велізарнай, бо абодва бакі сабралі вялікія сілы на полі бітвы.

Перамога была на баку Вітаўта і Ягайлы, яны змаглі адолець аднаго з самых магутных ворагаў ва ўсёй Еўропе. Гэтая бітва каштавала Тэўтонскаму ордэну страты магутнасці і з часам спынення яго існавання. ВКЛ і Польшча пасля перамогі сталі ў шэраг першаразрадных дзяржаваў той эпохі.

Перамогшы на Грунвальдзе, Вітаўт выратаваў Княства Літоўскае ад знішчэння, вярнуў сабе Жамойцію, пазбавіўся ад моцы і пагрозы Тэўтонскага ордэна. Паводле дамовы з Ягайлам пасля гэтай перамогі Вітаўт атрымаў Падолле (украінскія землі ў вярхоўях сярэдняй частцы Дняпра), а Літва і Польшча заключылі ў 1413 годзе Гарадзельскую унію пра хаўрус.

Пасля перамогі над Тэўтонскім ордэнам Вітаўт не спыніўся і прадаўжаў займацца далейшым умацаваннем і пашырэннем Вялікага Княства Літоўскага. У яго за час кіравання атрымалася далучыць да ВКЛ шырокія тэрыторыі на ўсходзе: Арлоўскую, Калужскую, Курскую, Тульскую і Смаленскую землі, тым самым перасунуўшы мяжы з Маскоўскім княствам на ўсход ад Вязьмы, у раёне Мажайска. На поўдні – Ніжнюю Падолію, землі паміж ніжняй плынню Днястра і Дняпра.

Пры Вітаўту Вялікае Княства Літоўскае стала самай магутнай і вялікай дзяржавай ва Усходняй Еўропе. Ягоная тэрыторыя распасціралася ад Балтыйскага да Чорнага мора. Ні да, ні пасля смерці Вялікага Князя Вітаўта ВКЛ ніколі не валодала такой сілай і магутнасцю.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках