19 красавiка 2024, Пятніца, 10:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Не студэнт, а салдат: Гісторыі хлопцаў, жыццё якіх памяняў «закон аб адтэрміноўцы»

5
Не студэнт, а салдат: Гісторыі хлопцаў, жыццё якіх памяняў «закон аб адтэрміноўцы»

Як новы «закон аб адтэрміноўцы» зменіць лёс беларускіх хлопцаў?

Бакалаўр-матэматык, які збіраецца паступаць у магістратуру, і кандытар, які расчараваўся ў прафесіі і збіраецца паступаць у медыцынскі каледж, апавялі «Радыё Свабода» пра свае асцярогі.

«Год не працаваць у спецыяльнасці – гэта вельмі шмат» – матэматык Ігар Галубенка

«Баюся, што нават калі паступлю ў магістратуру на бюджэт, восенню мне давядзецца ісці на год у войска, бо адна адтэрміноўка ў мяне быццам бы ўжо была», – кажа мянчук Ігар Галубенка.

«Універ – праца – магістратура» – гэты жыццёвы план Ігара, хутчэй за ўсё, давядзецца памяняць. Новы «закон аб адтэрміноўцы» ад службы ў войску можа адкласці заняткі навукай на год.

У 17 гадоў Ігар Галубенка паступіў на бюджэт на факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ. На другім курсе, калі яму споўнілася 18, выклікалі ў ваенкамат. Далі адтэрміноўку ад вайсковай службы, каб скончыць вучобу ва ўніверсітэце.

Бакалаўрскую ступень хлопец атрымаў сёлета. А разам з ёй – размеркаванне на 2 гады ў кампанію, у якой ён працуе з пачатку чацвёртага курса.

Экзамены ў магістратуру ў Ігара праз тыдзень. Але перспектыва патрапіць у войска ўжо восенню выглядае больш рэалістычнай, чым шанцы на паступленне. Іх Ігар ацэньвае адсоткаў на 70.

«Шкада свайго часу, што будзеш займацца не тым, пра што марыў. Год не працаваць у спецыяльнасці – гэта вельмі шмат. Мой бацька заўсёды казаў, што спецыяліст, які не практыкуе, вельмі хутка калі не страчвае, то, так бы мовіць, прытупляе сваю кампетэнцыю. Я не думаю, што ў войску ў мяне будзе шмат часу займацца матэматыкай, праграмаваннем. І, вярнуўшыся, цяжка будзе зноў “урубіцца” ў вучобу», – разважае Ігар.

З такім дыпломам хлопцу можна падумаць пра распіяраную Мінабароны «IT-роту». Але ён пакуль не цікавіўся, як туды патрапіць.

«Мару адслужыць, маючы прафесію фельчара» - кандытар Міхаіл Кoрoнецкий

19-гадовы Міхаіл Каранецкі паспеў ужо стаць кандытарам і расчаравацца ў сваім выбары. Яшчэ год ён правучыўся ва Універсітэце культуры і таксама расчараваўся. Сёлета хоча ажыццявіць сваю даўнюю мару – паступіць у медыцынскі каледж і працаваць на хуткай дапамозе. Дзве адтэрміноўкі ад службы ў яго ўжо былі. Таму, нават калі паступіць у медыцынскі каледж, напэўна, на паўтара года пойдзе ў войска.

Першую прафесію выбраў выпадкова – хацеў вывучыцца на кухара, але туды прымалі толькі з сярэдняй адукацыяй, а пасля 9-га класа можна было вывучыцца на кандытара. Вучыўся на бюджэце, бясплатна, і павінен быў адпрацаваць 1 год паводле размеркавання. Але яшчэ падчас вучобы зразумеў, што гэта «не ягонае». А калі трапіў працаваць на хлебазавод, зусім расчараваўся ў прафесіі.

Каб пазбегнуць адпрацоўкі, надумаў паступаць у ВНУ. Прычым туды, куды «хапіла балаў».

«Здаў ЦТ, атрымаў у суме 200 балаў, якіх хапіла на факультэт тэалогіі (але я атэіст) і ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў на факультэт інфармацыйна-дакументных камунікацый. Абраў другое, назва прыгожая, але на справе высветлілася, што гэта былы бібліятэчны факультэт. Хоць некаторыя прадметы – культуралогія, беларуская літаратура – мне падабаліся. Але ў канцы першага семестра расчараваўся, мне стала сумна...» – кажа Міхаіл.

19 чэрвеня хлопец забраў дакументы з Універсітэта культуры, а праз 10 дзён «дэпутаты» прынялі «закон аб адтэрміноўцы». Міхаіл тым часам ужо надумаў паступаць у медыцынскі каледж.

«У мяне ўсё жыццё была цікавасць да медыцыны. Я заўсёды марыў працаваць на хуткай дапамозе. Разумеў, што ў медуніверсітэт не паступлю, таму не стаў завышаць планку.

Рыхтавацца пачаў, калі яшчэ вучыўся ва Універсітэце культуры. Здаў ЦТ значна лепш, чым летась. Летась у беларускай мове атрымаў 27 балаў, сёлета – 55. Біялогію здаў на 61 бал. Сярэдні бал атэстата – 6,9. Таму шанцы паступіць у мяне ёсць. Але з гэтымі папраўкамі незразумела, ці забяруць мяне ў войска. Хутчэй за ўсё – так, давядзецца ісці ў войска, а на вучобе браць акадэмічны адпачынак», – мяркуе Міхаіл.

Адслужыць у войску ён не супраць, але калі будзе мець спецыяльнасць. Бо інакш страчвае 2 гады – паўтара года службы скончацца толькі вясной 2021-га, а аднавіцца на вучобе зможа толькі ўвосень.

«Магчыма, з медыцынскай адукацыяй я магу атрымаць практыку ў ваенным шпіталі і прынясу больш карысці. А так, без адукацыі – што я там буду рабіць? Маршыраваць па плошчы? Гараваць я не буду, калі забяруць у войска, але шкада будзе страчанага часу.

Таму пакуль стаўлю мэту паступіць у медыцынскі каледж на фельчара-акушэра і ўсё ж неяк адкасіць ад войска», – шчыра прызнаецца Міхаіл.

Даведацца, хто канкрэтна і ў якіх выпадках атрымае адтэрміноўку, а каму адмовяць, у Міністэрстве абароны не атрымалася. Да афіцыйнага апублікавання Закона каментаваць нешта ў міністэрстве адмаўляюцца.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках