19 красавiка 2024, Пятніца, 21:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка – пра інтэграцыю з РФ: Мы дамовіліся з прэзідэнтам Пуціным

113
Лукашэнка – пра інтэграцыю з РФ: Мы дамовіліся з прэзідэнтам Пуціным

Дыктатар сустрэўся з дзяржсакратаром «саюзнай дзяржавы».

Беларусь і Расея павінны выбудоўваць саюзныя стасункі ў строгай адпаведнасці з палажэннямі пра стварэнне «саюзнай дзяржавы». Пра гэта заявіў у аўторак Лукашэнка, сустракаючыся з дзяржсакратаром «саюзнай дзяржавы» Рыгорам Рапотам, паведамляе ТАСС.

«Мы дамовіліся з прэзідэнтам Пуціным пра тое, што не будзем ламаць дамову. Калі мы ўлезем у ломку дамовы, то ўвогуле ўсё разбурым, што было зробленае за гэты час», – адзначыў дыктатар.

Беларусь і Расея не абмяркоўваюць магчымасць аб'яднання ў адну дзяржаву, бакі павінны ісці крок за крокам у развіцці інтэграцыйных працэсаў, дадаў Лукашэнка.

«Гэтага [аб'ядноўвацца ў адну дзяржаву] сёння рабіць не трэба, нават размаўляць на гэтую тэму. Сёння няма такой неабходнасці», – сказаў Лукашэнка.

Паводле ягоных словаў, бакі павінны ісці «крок за крокам для таго, каб рэалізаваць палажэнні саюзнай дамовы».

«Вядома, ёсць прынцыповыя вялікія пытанні, якія мы пастанавілі адлюстраваць у праграме дзеянняў у рэалізацыі саюзнага будаўніцтва», – адзначыў ён. Таксама, прадоўжыў ён, ёсць «пытанні актуальныя, без развязання якіх увогуле няма чаго казаць пра нейкую інтэграцыі і праграмы».

Паводле словаў Лукашэнкі, пастановай Рассельгаснагляду забароненыя пастаўкі ў РФ прадукцыі блізу 80 беларускіх прадпрыемстваў. «Калі мы так адзін з адным будуем стасункі, то пра якую агульную валюту і аб'яднанне дзяржаваў можна казаць. Гэтага проста быць не павінна ў стасунках паміж дзвюма дзяржавамі», – мяркуе ён.

Паводле ягоных словаў, гэта тычыцца таксама забеспячэння свабоднага доступу да дзяржзамовы ў Расеі, прамысловай кааперацыі.

«Ці падатковы манеўр, які падкінулі замест мытаў, пра якія мы дамаўляліся, што іх нават у ЕАЭЗ быць не павінна, а не тое што ў саюзнай дзяржаве», – заявіў Лукашэнка.

Ён таксама канстатаваў, што ўжо «фактычна скончыліся тэрміны ў перамовах на пастаўкі прыроднага газу і нафты [у Беларусь] на будучыню». «Куча пытанняў, якія не развязваюцца. Мы дамовіліся, што, развязваючы стратэгічныя пытанні, мы паралельна будзем развязваць пытанні тактычнага характару, якія ляжаць на паверхні і крычаць», – адзначыў дыктатар. «Без развязання гэтых пытанняў увогуле нават з нашага боку і размаўляць няма чаго», – сказаў на заканчэнне кіраўнік.

Лукашэнка адзначыў, што вынікам працы групы пакуль з'яўляюцца «адны абяцанні». «Перамоўная група натыкнулася на нейкае пытанне, урад абяцае, у тым ліку прэм'ер Мядзведзеў, даць каманды, распараджэнні, каб у комплексе развязаць пытанні, – сказаў Лукашэнка.

«Паабяцалі – забыліся, другі раз паабяцалі – забыліся», – адзначыў ён.

Кіраўнік Беларусі заявіў таксама пра адсутнасць канкрэтных вынікаў у працы беларуска-расейскай міжурадавай працоўнай групы ў пытаннях інтэграцыі.

«Ідзе незразумелае тармажэнне гэтых працэсаў. Ужо заўтра [17–18 ліпеня] нам сустракацца з прэзідэнтам Расеі ў Піцеры (Санкт-Пецярбургу) і абмяркоўваць вынікі гэтых перамоваў (працоўнай групы). А абмяркоўваць няма чаго на сёння», – адзначыў дыктатар.

Лукашэнка папрасіў Рапоту ўзяць гэтае пытанне на кантроль, каб за некалькі дзён былі атрыманыя канкрэтныя вынікі працы групы для прадметнага абмеркавання з прэзідэнтам РФ Уладзімірам Пуціным. «Проста сустрэцца і пасядзець адзін перад адным, нічога не кажучы, напэўна, гэты час ужо сышоў», – мяркуе Лукашэнка.

Напісаць каментар 113

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках