23 красавiка 2024, aўторак, 8:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мікалай Статкевіч: Ці мы прыбярэм Лукашэнку, ці ўся моладзь з'едзе

45
Мікалай Статкевіч: Ці мы прыбярэм Лукашэнку, ці ўся моладзь з'едзе
МІКАЛАЙ СТАТКЕВІЧ

Мы самі можам вырашыць свой лёс.

Жыхары Бабруйска сустрэліся з лідарамі Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу. Сустрэча адбылася 30 ліпеня. Пагутарыць з Мікалаем Статкевічам і Яўгенам Афнагелем прыйшлі больш за 40 бабруйцаў. Большую частку сустрэчы, якая зацягнулася да позняга вечара, занялі адказы на пытанні і гарачая дыскусія пра будучыню краіны, паведамляе карэспандэнт Charter97.org.

- Мы самая несвабодная краіна Еўропы, - заявіў Мікалай Статкевіч. - Сёння ў сучасным свеце несвабодная - значыць бедная. Бедная, таму што ўсе багацеюць мазгамі. Разумныя людзі бягуць з несвабодных краін, таму паводле ўзроўню жыцця мы займаем апошнія месцы ў Еўропе. Прычына ў тым, што адзін чалавек у свой час залез угору і цяпер прадае наш суверэнітэт і на атрыманыя грошы ўтрымлівае сваю банду. Лукашэнка ставіць нас перад простым выбарам - альбо мы з'язджаем з краіны, а на наша месца прывязуць кітайцаў, альбо мы яго мяняем. Прыбіраем мірным шляхам. Ёсць толькі адзін шлях для таго, каб змяніць уладу - масавы выхад на вуліцу. У нас няма іншага выйсця: альбо мы з'язджаем з нашай краіны, пакідаем гэтую зямлю, альбо мы вызваляем яе.

Гучалі пытанні аб настроях сярод прадстаўнікоў бізнэсу, многія з якіх апынаюцца за кратамі з надуманых абвінавачванняў і вымушаныя «адкупляцца» ад турэмных тэрмінаў.

- У пэўныя моманты, калі з'яўляецца шанец на перамены, многія людзі, у тым ліку і бізнэсоўцы, пачынаюць верыць у іх. Некаторыя з іх - самыя разумныя і адказныя – падтрымліваюць апазіцыю. Не адкладаюць грошы на хабары ці на тое, каб адкупіцца ад турмы, а ўкладаюць іх у барацьбу за вызваленне краіны. Такія рэчы адбываюцца і цяпер. На кожнай сустрэчы мы гаворым пра тое, што трэба шукаць сродкі. У бізнэсоўцаў ёсць два шляхі. Першы - у турму. Пасадзяць за карупцыю, за дробныя парушэнні, за тое, што адмовіліся хабар даць, праверкі што-небудзь знойдуць. Кожны год у нас распачынаецца блізу трох тысяч крымінальных спраў за так званыя «эканамічныя злачынствы». Другі шлях - падтрымка апазіцыі. Без удзелу беларускага бізнэсу пераменаў не будзе. Перад усімі намі стаіць гэты выбар: можна заставацца ў баку, хавацца, а можна падтрымліваць перамены - хтосьці справай, а хтосьці грашыма, - сказаў Яўген Афнагель.

Асаблівыя асцярогі ў людзей выклікаюць планы ўладаў па запуску атамнай электрастанцыі ў Астраўцы.

- Мяне больш за ўсё турбуе тое, што ў гэтым годзе будзе запушчаны першы рэактар атамнай станцыі ў Астраўцы. Яна нам зусім не патрэбная. Гэта - сапраўднае гора, гэта сапраўдная кабала, там не выконваюцца элементарныя тэхналагічныя нормы на будоўлі, - сказаў адзін з удзельнікаў сустрэчы, ліквідатар наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Некалькі разоў размова тычылася праблемы адсутнасці годнай працы ў Беларусі і таго, што людзі вымушаныя шукаць заробак за мяжой, а таксама пра «дэкрэт аб дармаедах».

- Многія беларусы едуць за мяжу, каб пракарміць сябе і сваіх блізкіх, - пагадзіўся з адным з удзельнікам сустрэчы Мікалай Статкевіч. - Гэта велізарны стрэс - іх там падманваюць, сем'і распадаюцца. Дзяржава ім не плаціць дапамогу ў беспрацоўі, іх дзецям тут не дапамагаюць. Улада замест таго, каб радавацца гэтаму, патрабуе яшчэ больш плаціць. Трэба ж мець нейкае дзяржаўнае мысленне. Калі вы не дапамагаеце ім, хоць гэта ваша віна, то хаця б не абражайце іх, не прыніжайце. Замест гэтага ім плююць у твар і патрабуюць: заплаціце нам, нам на міліцыю не стае.

Неаднаразова гучалі асцярогі з нагоды пагрозы страты незалежнасці краіны.

- Якая імавернасць таго, што Расея зробіць з Беларуссю таксама, як Савецкі Саюз паступіў з Чэхаславакіяй і Афганістанам, як Расея паступіла з Крымам. Праз паўгода, праз пару гадоў, праз тыдзень. Як будзе сябе паводзіць Лукашэнка? Ці ўцячэ, ці будзе абараняць сябе? Ці баіцеся вы гэтага? - спытаў адзін з удзельнікаў сустрэчы.

- Я не матэматык, але я разумею адно: калі мы нічога не будзем рабіць у найбліжэйшы год-два, нас проста павольна праглынуць, - адказаў на гэта Мікалай Статкевіч. - Павольна звараць, як жабу, паступова павялічваючы тэмпературу вады. Лукашэнка стаў небяспечны для краіны, ён стаў недалугам, яму не шанцуе ва ўсім. Яго трэба адхіляць ад улады. Па магчымасці, мірна. Магчыма, камусьці ў Расеі гэта не спадабаецца, многія баяцца гэтага. Але ўсе іншыя варыянты для іх яшчэ горшыя. Яны ўжо ператварылі ў ворагаў калісьці прыязны ім украінскі народ. Калі залезуць да нас - не выпаўзуць адсюль, у нас пяцісотгадовы досвед партызанскай вайны. А што тычыцца Лукашэнкі - што казаць пра чалавека, які ўсяго баіцца, які, калі стаў прэзідэнтам, асабіста па начах хадзіў і правяраў сваю ахову?

- Такія пытанні часта гучаць падчас гутарак, сустрэч, - сказаў Яўген Афнагель. - 25 гадоў дыктатар знішчаў у нас веру ў сябе і свае сілы. Нас пазбаўлялі памяці, гісторыі, сцяга. Гэта мэтанакіраваная палітыка. Першая наша задача - вярнуць гэтую веру, вярнуць надзею. Мы вялікі народ, мы самі можам вызначаць свой лёс. Мы не астролагі, мы не ведаем куды пабяжыць Лукашэнка. Але мы ведаем, што мы будзем бараніць незалежнасць. Мы ведаем, што мы будзем змагацца за свабоду. Мы ведаем, што мы пераможам дыктатуру.

Напісаць каментар 45

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках