24 красавiка 2024, Серада, 3:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Радыяцыйная аварыя пад Северадзвінскам: наступствы

15
Радыяцыйная аварыя пад Северадзвінскам: наступствы
ФОТА: OPENMEDIA.IO

У эколагаў і навукоўцаў маса пытанняў да расейскіх уладаў.

З моманту загадкавага інцыдэнту на вайсковым палігоне Нёнаксе ў Архангельскай вобласці, побач са Северадзвінскам прайшлі два дні. У расейскіх і замежных эколагаў і навукоўцаў па-ранейшаму няма інфармацыі аб тым, што адбылося, і яны бачаць недапасаванні ў афіцыйнай версіі, пішуць Открытые медиа.

Мінабароны 8 жніўня афіцыйна паведаміла аб тым, што на палігоне падчас выпрабаванняў выбухнула рэактыўная рухальная ўстаноўка вадкаснай ракеты. Вайсковае міністэрства не казала ні слова пра тое, ці быў там ядзерны рухавік або радыеактыўныя матэрыялы. Пры гэтым, у той жа дзень начальнік аддзела грамадзянскай абароны адміністрацыі Северадзвінска Валянцін Магамедаў паведаміў, што радыяцыйны фон у горадзе цягам паўгадзіны прыкладна ўтрая перавышаў норму. Паводле інфармацыі мэрыі, за верхнюю мяжу нормы ўважаецца паказчык 0,6 мк/Зв/гадзіну.

Скачок магутнасці дозы гама-выпраменьвання заўважыў і інжынер-фізік Андрэй Ажароўскі, экспэрт праграмы «Бяспека радыеактыўных адкідаў» Расейскага сацыяльна-экалагічнага саюза. Ён апублікаваў у Facebook адпаведны дакумент.

КРЫНІЦА: OPENMEDIA.IO

Гэта істотнае, але кароткачасовае перавышэнне, сказаў «Открытым медиа» Ажароўскі. Для таго, каб зразумець, якой можа быць шкода ад унутранага апраменьвання арганізма, важная не доза, а тое, якія менавіта радыенукліды патрапілі ўнутр, ці былі сярод іх небяспечныя цэзій, ёд і стронцый. А гэта акурат і невядома, улічваючы, што вайскоўцы не прызнаюць сам факт радыяцыйнай аварыі, тлумачыць фізік. Акрамя вайскоўцаў, правесці даследаванні і раскрыць інфармацыю могуць Расспажыўнагляд, «Расатам» або Расгідрамет («Открытые медиа» напісалі запыты ў гэтыя структуры). У прэс-службе Расгідрамета «Открытым медиа» паведамілі, што пакуль не валодаюць інфармацыяй, ці праводзіць гэтая служба замеры радыяцыйнага фону ў Архангельскай вобласці. Магамедаў з адміністрацыі Северадзвінска сказаў у пятніцу «Открытым медиа», што інфармацыі аб складзе выкіду ў яго няма.

Нічога пакуль не ведаюць і нарвежцы, якія з сярэдзіны XX стагоддзя ўважліва сочаць за ядзерным і радыяцыйным становішчам у расейскай Арктыцы. Нарвежскае агенцтва ў ядзернай бяспецы не атрымала інфармацыі з афіцыйных крыніц аб аварыі на вайсковым палігоне ў Расеі, паведаміла Управа радыяцыйнай абароны і ядзернай бяспекі агенцтва (DSA) у пятніцу. «Пасля выбуху ў Архангельскай вобласці ўчора не было зафіксавана ніякага павышэння ўзроўню радыяцыі на нарвежскіх або скандынаўскіх вымяральных станцыях або на вымяральных станцыях, да якіх нарвежскія ўлады маюць доступ у Расеі» — гаворыцца ў паведамленні.

Кіраўнік праекта энэргетычнага аддзела Greenpeace Расея Рашыд Алімаў пералічыў «Открытым медиа» чатыры пытанні аб аварыі да расейскіх уладаў, на якія яны пакуль не даюць адказу.

Па-першае, вельмі важна ведаць, якая тэрыторыя была закранутая радыеактыўнымі выкідамі. Па-другое, трэба высветліць, якія радыёнукліды былі выкінутыя ў навакольнае асяроддзе. Па-трэцяе: якім быў скачок радыяцыйнага фону ў месцы выбуху. Па-чацвёртае: усе неабходныя захады для абароны насельніцтва былі прынятыя? Адказы на гэтыя пытанні арганізацыя чакае ад Распрыроднагляду.

«Ніхто не паведамляе, ці быў у выкідзе кароткачасовы ёд, які наогул склад выкіду», - кажа Алімаў.

Жыхарам Северадзвінска пазаўчора разаслалі паведамленні з просьбай зачыніць вокны і не выходзіць на вуліцу. Але ў выпадку, калі ў выкідзе быў кароткачасовы ёд, неабходна яго «перахопліваць», прымаючы для зніжэння шкоды прэпараты ёду. У мясцовых пабліках карыстальнікі сацсетак 8 жніўня актыўна абмяркоўвалі неабходнасць закупкі такіх прэпаратаў.

Ёсць і яшчэ ўскоснае пацверджанне таго, што ў ваколіцах Северадзвінска адбылася радыяцыйная аварыя. Паводле звестак партала Thebarentsobserver.com, у Белым моры ўсяго ў некалькіх марскіх мілях ад вайсковага палігона, дзе быў выбух, цяпер знаходзіцца спецыялізаванае судна «Серабранка», якое займаецца зборам і захоўваннем вадкіх радыеактыўных адкідаў. Месца яго сталага базавання - Кольская затока, з якой немагчыма дайсці да раёна Нёнаксы за некалькі гадзін.

Калі інфармацыя Thebarentsobserver.com дакладная, то «Серабранку» даслалі да палігона загадзя. Гэта цалкам магчыма, калі выказаць здагадку, што там выпрабоўвалі ракету з ядзернай энэргетычнай устаноўкай, пра якую неаднаразова распавядаў прэзідэнт Уладзімір Пуцін.

Апазнаў «Серабранку» на спадарожнікавым здымку праекта Planet і супрацоўнік Мідлберыйскага Інстытута міжнародных даследаванняў у Мантэрэі, экспэрт у ядзернай зброі Джэфры Льюіс. Здымка Planet паказала яшчэ два неапазнаныя судны і баржу ў раёне Нёнаксы, расейскія ўлады ў чацвер забаранілі мараплаванне ў гэтай частцы Белага мора. Джэфры Льюіс у Twitter выказаў здагадку, што на палігоне магла падарвацца ракета «Буравеснік» з ядзерным рухавіком.

Экспэрт мяркуе, што на беразе размешчаная пускавая пляцоўка для гэтых крылатых ракет, якую Planet пазначае, як «Possible SSC-X-9 Launch Site». Абрэвіятурай SSC-X-9 NATO пазначае «Буравеснік»

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках