24 красавiка 2024, Серада, 6:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навукоўцы высветлілі, што было ў меню людзей 47 тысячаў гадоў таму

2
Навукоўцы высветлілі, што было ў меню людзей 47 тысячаў гадоў таму

Вы здзівіцеся.

"Голыя землякопы, найлепш добра падсмажаныя: гэтыя грызуны былі ў меню нашых дагістарычных продкаў, якія дабраліся да аддаленага высакагор'я Эфіопіі, каб здабываць там абсідыян. Іхняя гісторыя была рэканструяваная навукоўцамі", – паведамляе швэйцарская газета Le Temps (пераклад – inopressa.ru).

"У нас былі продкі ў гарах Афрыкі, а мы пра гэта не ведалі. Яны забраліся высока ў горы і дакладна не былі дурнямі! Наадварот, гэтыя дагістарычныя продкі былі вынаходлівымі, дзёрзкімі, з выключнай здольнасцю да адаптацыі. І ў іх быў добры інстынкт выжывання, таму што яны, не вагаючыся, падымаліся на стромкія схілы, каб дасягнуць аддаленых горных раёнаў, размешчаных на вышыні амаль 3500 метраў. Там, нягледзячы на вецер і мароз, яны здолелі выкарыстаць наяўныя рэсурсы, жывучы ў часовых сховішчах", – апавядае выданне.

"Пра гісторыю, якая адбылася ў гарах сучаснай Эфіопіі 47 тысячаў гадоў таму, 8 жніўня ў часопісе Science паведамілі нямецкія, швэйцарскія, эфіопскія, амерыканскія і французскія даследнікі. Гэта гісторыя пра гіенаў і голых землякопаў (англ. Giant mole rats, невялікіх грызуноў сямейства землякопавых), абсідыян і інструменты для рэзання. І, вядома, пра Homo Sapiens. Горкая, але паспяховая гісторыя выжывання доўжылася 16 тысячаў гадоў", – гаворыцца ў публікацыі.

Тады быў плейстацэн, перыяд, адзначаны цыкламі зледзянення. "У Афрыцы ледавіковы перыяд адпавядаў вельмі засушлівым часам", – тлумачыць Жазэфіна Лесур, суаўтарка даследавання з французскага Нацыянальнага музея натуральнай гісторыі ў Парыжы. Навукоўцы хацелі зразумець, як дагістарычныя людзі здолелі выжыць. Што стала ім прытулкам у гарах, менш закранутых засухай?

"Археолагі агледзелі вобласць, якую яны ніколі не даследавалі: горы Бале, на паўднёвы ўсход ад Рыфт-Валі, – піша выданне. – ...Даследнікі выявілі шмат слядоў агменяў і костак. Гэты грандыёзны і засушлівы пейзаж не быў пустынным, ён поўніўся багаццем упадабаных страваў, а менавіта – сляпых землякопаў".

"95% костак, знойдзеных у хованцы, належалі голым землякопам!" – са здзіўленнем кажа Жазэфіна Лесур. На многіх з іх відаць прыкметы гарэння, што паказвала на тое, што звяры была падсмажаныя. Для нашых продкаў гэта была лёгкая здабыча. Пры гэтым чалавечых костак не было ўвогуле. "Альбо людзі гінулі там, але былі пахаваныя ў іншым месцы. Альбо яны займалі гэтае месца толькі перыядычна, напрыклад у залежнасці ад сезону, і гінулі дзесьці яшчэ", – прадаўжае археолаг.

"...Як Homo Sapiens атрымалася адаптавацца да жыцця на вышыні?" – задаецца пытаннем выданне.

"Гэтыя дагістарычныя вандроўцы былі вельмі добра прывучаныя да халоднага, ледзянога асяродку, асабліва калі яны падымаліся па скалістых горных хрыбтах, каб здабыць абсідыян", – піша Аляксандр Гроос з Бернскага ўніверсітэта.

"Фактычна, у гэтых ледзяных гарах паляўнічыя-збіральнікі нацэліліся на два асноўныя рэсурсы, абсідыян і голага землякопа", – адзначаецца ў артыкуле.

"Засяродзіўшыся на гэтых грызунах як на ключавой крыніцы ежы, яны задаволілі дзве асноўныя патрэбы: высокае спажыванне калорый і невялікія фізічныя намаганні. Гэтая здабыча мелася ў лішку, яна была даступная цягам усяго года, яе лёгка было злавіць, пры тым, што асяроддзе пасялення было абмежаванае", – сцвярджаюць навукоўцы – аўтары даследавання.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках