20 красавiка 2024, Субота, 10:45
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эканаміст: «Аграрый» Лукашэнка пра многае баіцца расказаць

45
Эканаміст: «Аграрый» Лукашэнка пра многае баіцца расказаць
Лев Марголин

Законы эканомікі аказаліся мацнейшыя.

У апошні час у Беларусі ўсё больш адбываецца скандалаў у аграрнай сферы.

Паўгода таму Лукашэнка зладзіў «разнос» на ферме ў Сліжах Шклоўскага раёна, дзе ўбачыў брудных кароваў. Многія чыноўнікі пасля гэтага былі звольненыя, але нядаўна ў той жа Магілёўскай вобласці, у аграгарадку Паршына Горацкага раёна, усплылі новыя шакавальныя факты безгаспадарчасці.

Чаму «разносы» кіраўніка не ўплываюць на рэальную працу сельскай гаспадаркі?

На пытанні Charter97.org адказвае эканаміст Леў Марголін.

– Я як чалавек старэйшага пакалення ў рэчаіснасці добра памятаю часы Савецкага Саюза.

Калі б вокрыкамі і пакараннямі можна было б дамагчыся росквіту эканомікі, у нас эканоміка пачала б квітнець яшчэ ў сталінскія часы. Тады за падобныя хібы пазбаўляліся не толькі пасады, але і свабоды, і нават жыцця.

Тым не менш гэта не дапамагло, і эканоміка квітнець ад гэтага не стала. Таму што квітнець можа толькі свабодная эканоміка, калі яна развіваецца паводле рынкавых законаў, калі за кожным бізнэсам стаіць асабісты інтарэс.

Дзяржава павінна толькі стварыць для гэтага ўмовы і не перашкаджаць, бо даўно даказана, што ўлада – гэта самы неэфектыўны ўласнік, самы неэфектыўны бізнэсмэн. Гэта было даказана кантрастамі развіцця нават у адной і той краіне. Давайце ўспомнім хоць бы Усходнюю і Заходнюю Нямеччыны, Паўночную і Паўднёвую Карэю.

Так што ні вокрыкі, ні жаданні Лукашэнкі ні да чаго не прывядуць. Больш за тое, пры жаданні такіх абуральных выпадкаў у сельскай гаспадарцы магло б быць у дзясяткі разоў больш, бо тое, што выплывае на паверхню, – гэта адсоткі або нават дзясятыя часткі адсотка ад таго, што ёсць на самай справе.

Проста ўлада баіцца поўнай агалоскі і разумее, што зусім усё даставаць на свет Божы не варта, бо народ падумае: слухайце, а хто ж намі фактычна кіруе?

Таму становіцца вядомым пра тое, што схаваць ужо ніяк немагчыма. Вясной-летам традыцыйна выплываюць на паверхню скандалы ў сельскай гаспадарцы. Праз месяц-два тое самае можа адбыцца ў прамысловасці, у будаўніцтве – і гэтак далей. Таму што безгаспадарчасці на дзяржаўным узроўні ў нас поўна ва ўсіх галінах народнай гаспадаркі.

– Ваша меркаванне як эканаміста: наколькі эфектыўная беларуская сельская гаспадарка? Якой эканамічнай фармацыі яна адпавядае?

– Я не сказаў бы, што гэта рабаўладальніцкай строй, таму што рабам нічога не плацілі. Я сказаў бы, што гэта бліжэй да феадальнаму ладу, калі людзям нешта плацяць, але ўсё ж такі ўся маёмасць належыць феадалу – у нашым выпадку дзяржаве ў асобе яе галоўнага «аграрыя» або ягоных намеснікаў на месцах.

Што ж тычыцца эфектыўнасці, то лепш за ўсё параўнаць паказнікі ў Беларусі з аналагічнымі ў развітых краінах Гэта значыць, узяць развітую краіну, якая паводле насельніцтва прыкладна адпавядае Беларусі, і паглядзець, які адсотак насельніцтва там заняты ў сельскай гаспадарцы. Гэтыя лікі нават неспецыяліст лёгка можа знайсці ў інтэрнэце.

Я думаю, што ў нас у сельскай гаспадарцы занята ў тры разы больш людзей, чым у перадавых краінах. Гэта значыць, прадукцыйнасць працы ў Беларусі ў гэтай галіне ў тры разы ніжэйшая, чым у еўрапейскіх суседзяў.

Прыкладна адзін да трох – вось такія суадносіны ў нас з развітым светам.

– Беларускія фермеры скардзяцца на тое што вырабленую прадукцыю немагчыма збыць, у пачатку лета былі праблемы са збытам трускавак, цяпер – памідораў. Чаму такія праблемы ўзнікаюць нават у недзяржаўным сектары?

– Прыватны сектар у сельскай гаспадарцы, безумоўна, нашмат больш эфектыўны, але нельга пабудаваць капіталізм у асобна ўзятай вёсцы або ў адной толькі фермерскай гаспадарцы.

Уся інфраструктура павінна быць наладжаная на рынкавую эканоміку – тады ніякаму фермеру не прыйдзе ў галаву патрабаваць, каб дзяржава ў яго нешта набывала.

Беларускі фермер вырабляе прадукцыю на свой страх і рызыку, і яму вельмі складана спаборнічаць, напрыклад, са сваімі польскімі калегамі, таму што ў Еўразвязе сельскагаспадарчая вытворчасць датуецца. Прычым яна датуецца не так, як у нас калгасы – хто слабейшы, таму і дапамагаюць. Фермеры ў ЕЗ датуюцца ў роўных умовах – на адзін еўра або злоты за кожную адзінку вырабленай прадукцыі.

У нас жа калі калгасы яшчэ нешта могуць атрымаць ад дзяржавы, то фермер вымушаны існаваць і выжываць на самоце. І калі выжываць ён яшчэ навучыўся дзякуючы нейкім асабістым сувязям, нейкім карупцыйным праявам уладаў, то ваяваць з прыродай мы пакуль, на жаль, не ўмеем.

Таму, калі раптам адбываецца добры ўраджай, як з трускаўкамі або памідорамі, то аказваецца, што для беларускага фермера лепш недарод, чым такое багацце. Таму што з добрым ураджаем ніякая дзяржаўная інфраструктура справіцца не ў стане.

Лепш горш, чым лепш – вось такі парадокс склаўся для беларускага фермера. Таму што калі неўраджай, ёсць яшчэ надзея, што кошты на прадукцыю могуць пайсці ўгору – і атрымаецца нейкім чынам выжыць. А калі ўраджай зашкальвае, высвятляецца, што ў Беларусі нават няма магчымасці перапрацаваць гэтыя самыя трускаўкі або памідоры.

– Былы старшыня калгаса з Шклоўскага раёна Пётр Мігурскі, каментуючы сітуацыю ў Паршыне, заявіў, што дапушчаная стратэгічная памылка ў развіцці сельскай гаспадаркі ў Беларусі. Якія, на Вашу думку, пралікі зробленыя ў гэтай галіне?

– Я сказаў бы, што памылкі дапушчаныя не толькі ў сельскай гаспадарцы. Стратэгічнай памылкай з'яўляецца ўся эканоміка краіны.

Генеральны пралік адбыўся ў час, калі было пастаноўлена, што можна адрадзіць сістэму, што існавала пры Савецкім Саюзе, але з невялікімі карэктаваннямі.

Лукашэнка чамусьці пастанавіў, што сілавымі метадамі, уціскам і пагрозамі можна нешта выціскаць з эканомікі. Але сталася – не. Усё, што можна было выціснуць з краіны ў сярэдзіне 90-х, ужо выціснутае. А цяпер паўсюль, дзе не было праведзена рэформаў – у сельскай гаспадарцы, прамысловасці, будаўніцтве – наступіла крытычная сітуацыя. Законы эканомікі мацнейшыя за Лукашэнку.

Законы на тое і законы, што існуюць незалежна ад жадання нават самых аўтарытарных кіраўнікоў і рана ці позна вяртаюць іх на зямлю.

Напісаць каментар 45

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках