24 красавiка 2024, Серада, 1:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Савіч: Выкарыстоўваем «выбарчую кампанію» для закрыцця шкоднага завода ў Светлагорску

1
Зміцер Савіч: Выкарыстоўваем «выбарчую кампанію» для закрыцця шкоднага завода ў Светлагорску

Каму прадастаўляецца прадпрыемства, ад якога задыхаюцца жылыя гарады?

У многіх гарадах Беларусі рыхтуюцца да запуску альбо ўжо працуюць вытворчасці, якія нясуць пагрозу для навакольнага асяродку, забруджваюць паветра і наносяць шкоду здароўю. У Берасці гэта завод акумулятарных батарэй, у Светлагорску – завод беленай цэлюлозы, у Магілёве – «Омск-карбон», у Наваполацку – «Палімір», у Гомелі – «Гомельшпалеры» і «ЦБК-Кансалт».

Экаактывісты і жыхары пратэстуюць супраць гэтых прадпрыемстваў. У Берасці і Светлагорску людзі збіраюцца на цэнтральных плошчах кожную нядзелю і патрабуюць закрыцця заводаў, у іншых гарадах – збіраюць подпісы, падаюць скаргі ў суд, распаўсюджваюць інфармацыю пра пагрозы, якія нясуць падобныя вытворчасці.

Актывіст «Еўрапейскай Беларусі» са Светлагорску Зміцер Савіч падзяліўся з тэлеграм-каналам «Баста» досведам барацьбы са шкодным прадпрыемствам:

– Экалагічная сітуацыя ў нашым горадзе жудасная. Усе горадаўтваральныя прадпрыемствы хімічнай прамысловасці, якія ўжо даўно працуюць у Светлагорску, дзесяцігоддзямі забруджваюць навакольнае асяроддзе. Але гэтага камусьці здалося мала, нядаўна ў нас адкрыўся завод беленай цэлюлозы. Пакуль на ім праводзяцца пуска-наладачныя працы, але ўжо цяпер ад гэтага пакутуюць тысячы жыхароў горада. Людзі скардзяцца на млоснасць, атручванне, хімічныя апёкі. Паветра ў ваколіцах завода жудаснае. Дзяцей ванітуе, у дарослых – металічны прысмак у роце. А завод жа яшчэ не выйшаў на поўную магутнасць. Моладзь стараецца з'ехаць з горада. Такое адчуванне, што нас проста ўжо спісалі ў расход.

– Ужо некалькі месяцаў кожную нядзелю а 12-й жыхары Светлагорска збіраюцца на цэнтральнай плошчы і пратэстуюць супраць адкрыцця завода. Як праходзяць такія сустрэчы?

– Гэта такая пляцоўка, якая аб'ядноўвае актыўных жыхароў. Сёння – гэта дзясяткі чалавек, а заўтра нас можа быць некалькі сотняў. Людзі разумеюць, што іх падманваюць, калі высокія чыны кажуць, што «экалагічная сітуацыя ў норме». А тут жа немагчымы пах! Нават рыбакі вам пацвердзяць, што ў Бярэзіне перастала водзіцца рыба. У гэтай улады толькі адна мэта: набіць кішэні за кошт насельніцтва, а пра наша здароўе ніхто не думае.

Акрамя таго, актывісты пішуць у розныя інстанцыі: Міністэрства прыроды і прамысловасці, аблвыканкам, падаюць заявы ў суд.

Усё больш жыхароў разумее, што калі яны не з'едуць адсюль, то ім і далей давядзецца жыць побач з заводам. Так, нехта скажа, што патрэбныя новыя працоўныя месцы, але ж здароўе даражэйшае. Трэба, каб людзі жылі, а не павольна паміралі.

– Вы будзеце ўдзельнічаць у «парламенцкай кампаніі»?

– Беларускі нацыянальны кангрэс, у склад якога ўваходзіць і «Еўрапейская Беларусь», нядаўна назваў свае галоўныя мэты: змена ўлады, забеспячэнне годнай працы для беларусаў на радзіме і закрыццё АЭС і іншых небяспечных прадпрыемстваў. Апошняя – самая важная для нас, таму што стаіць пытанне пра наша выжыванне. І завод беленай цэлюлозы, і прадпрыемствы ў Берасці і Гомелі нясуць наўпростую пагрозу здароўю і жыццю людзей. Я ўжо не кажу пра АЭС, пры будаўніцтве якой дапушчаныя абуральныя парушэнні тэхналагічных нормаў. Мы будзем дамагацца іх закрыцця, выкарыстоўваючы магчымасці, якія дае «выбарчая кампанія».

– Сёння ў вас зноў будзе акцыя пратэсту супраць адкрыцця завода беленай цэлюлозы. Што Вы хацелі б сказаць жыхарам горада?

– Нам трэба больш актыўна змагацца супраць самавольства ўладаў. У нашым выпадку гаворка ж ідзе нават не пра абстрактныя для кагосьці правы, а пра здароўе, пра жыццё. Калі мы будзем маўчаць, Светлагорск проста вымрэ праз некалькі дзесяцігоддзяў.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Баста» і стварайце гісторыю свабоднай Беларусі.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках