24 красавiка 2024, Серада, 10:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навукоўцы высветлілі, як глабальнае пацяпленне паўплывае на палёты самалётаў

3
Навукоўцы высветлілі, як глабальнае пацяпленне паўплывае на палёты самалётаў

Змяненне клімату ўплывае на турбулентнасць.

Дзясятага сакавіка са Стамбула ў Нью-Ёрк стартаваў рэйс кампаніі Turkish Airlines. Усяго за 45 хвілін да канца палёту лайнер патрапіў у зону моцнай турбулентнасці, праз гэта траўмы атрымалі 28 пасажыраў і два чальцы экіпажу. Згодна з новым даследаваннем, такія інцыдэнты могуць стаць больш распаўсюджанымі ў небе над Паўночнай Атлантыкай праз антрапагенныя змены клімату, піша naked-science.ru.

Навукоўцы Рэдынжскага ўніверсітэта выявілі статыстычна значнае павелічэнне вертыкальнага зруху ветру на вышыні палёту лайнераў над Паўночнай Атлантыкай. Змены тут могуць мець істотны ўплыў на авіяцыю, бо ў сярэднім за дзень вадаём перасякаюць блізу трох тысяч рэйсаў. Навукоўцы сфакусаваліся на Паўночнай Атлантыцы з дзвюх асноўных прычын: гэта самы загружаны ў свеце міжнародны калідор палётаў, і рэйсы, якія перасякаюць акіян у гэтым рэгіёне, часта трапляюць у турбулентныя плыні.

Сувязь змены клімату з ростам колькасці зон турбулентнасці тлумачыцца даволі проста. Рознасць тэмператур паміж экватарам і Паўночным полюсам забяспечвае рух паветраных мас, вядомы як цеплавы вецер. Увогуле, чым большы тэмпературны кантраст паміж экватарам і полюсам, тым хутчэй струмень паветра будзе перамяшчацца з захаду на ўсход праз Паўночную Атлантыку.

Брытанскія навукоўцы паказалі, што на вялікіх вышынях, уключаючы ніжнюю стратасферу над Паўночным полюсам, тэмпература зніжаецца ў адказ на хуткае змяненне клімату ў Арктыцы. Між тым верхняя трапасфера над экватарам характарызуецца падвышэннем сярэдніх тэмператур. Значыць, паміж гэтымі дзвюма часткамі расце тэмпературны кантраст.

Яшчэ ніжэй у трапасферы адбываецца адваротнае: тэмпературныя змены паслабляюць тэмпературны градыент і, як чакаецца, запавольваюць струмень паветра. Гэта паслабленне ў апошнія гады прыцягнула вялікую ўвагу сродкаў масавай інфармацыі. Калі гэтыя дзве з'явы падрахаваць, паміж імі ўзнікае баланс, таму большасць даследаванняў на гэтую тэму знаходзяць толькі невялікія зрухі ў хуткасцях і месцазнаходжанні плыняў паветра ў апошнія гады.

Але хуткасць плыні паветра ў верхняй частцы атмасферы павялічваецца. Паколькі авіялайнеры курсуюць паміж верхняй трапасферай і ніжняй стратасферай, даследаванне паказвае, што яны могуць быць адкінутыя вялікім парывам ветру ў пераходнай зоне. Звесткі навукоўцаў пацвярджаюцца і іншымі даследаваннямі, якія канстатавалі падвышэнне хуткасці ветру на вышыні палёту авіялайнераў на 15 адсоткаў за апошнія 40 гадоў.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках