19 красавiка 2024, Пятніца, 20:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Абсталяванне для «палаты прадстаўнікоў» набывалі праз адкаты

17
Абсталяванне для «палаты прадстаўнікоў» набывалі праз адкаты

У Менску судзяць былога супрацоўніка кіраўніцтва справамі Лукашэнкі.

У Менску судзяць Яўгена Несцяровіча, былога супрацоўніка Галоўнай гаспадарчай управы кіраўніцтва справамі правадыра. Яго абвінавачваюць у атрыманні хабару на суму 15,5 тысячы даляраў. Паводле версіі следства, ён заключаў дамовы на пастаўку тэхнікі з пэўнымі кампаніямі, якія пасля плацілі яму за так званыя адкаты. Абсталяванне прызначалася ў ліку іншага для авальнай залы Дому ўрада, дзе засядае парламент. У клетцы побач з Несцяровічам – бізнэсмэн Сяргей Буры, які даў хабару 10 тысячаў даляраў. Абодва фігуранты цалкам прызнаюць віну. Яшчэ два хабарадавальнікі ад крымінальнай адказнасці вызваленыя: яны праходзяць у справе як сведкі, піша tut.by.

Яўген Несцяровіч амаль два з паловай гады працаваў у Галоўнай гаспадарчай управе кіраўніцтва справамі правадыра. Ён быў загадчыкам сектара, які займаўся матэрыяльным забеспячэннем органаў дзяржкіравання – заключэннем дамоваў на набыццё мэблі, тэхнікі і г.д. для Дому ўраду, Адміністрацыі Лукашэнкі, Вярхоўнага суда, Канстытуцыйнага суда і іншых ключавых дзяржаўных органаў улады.

У крымінальнай справе – шэсць эпізодаў атрымання хабару: двойчы ад прадстаўніка кампаніі «Мабільны сэрвіс» Дзмітрыя Кіма – 3 тыс. даляраў; чатыры разы ад прадстаўніка яшчэ адной кампаніі, Панамарова (імя ў судзе пакуль не прагучала), – 2,5 тыс. даляраў. І адзін раз ад аднаго з заснавальнікаў кампаніі «Інціс» Сяргея Бурага – 10 тыс. даляраў. Ён цяпер, як і Несцяровіч, – абвінавачаны паводле справы. Несцяровіча судзяць за атрыманне хабару – паводле ч.1 і ч.2 арт. 430 КК, Бурага – за даванне хабару паводле ч.2 арт. 431 КК.

Гаворка ідзе пра пастаўкі крыніцаў бесперабойнага харчавання, міжсеткавых экранаў, сістэмаў захоўвання звестак, сэрвераў, сістэмаў адлюстравання відэа, сістэмных блокаў, манаблокаў і інш. Сума кантрактаў – ад 27 тысячаў да 379 тысячаў рублёў.

Як вынікае з пісьмовых матэрыялаў справы, якія сёння агучылі ў судзе, крымінальная справа пачалася з заявы Кіма на імя старшыні КДБ. Ён апавёў пра даванне хабару не толькі Несцяровічу, але таксама супрацоўнікам мытні і Беларускай валютна-таварнай біржы – паводле гэтых двух фактаў матэрыялы праверкі вылучаныя ў асобную справу.

Несцяровіча затрымалі ў студзені 2019 года, ён адразу ж напісаў яўку з павіннай. Сёння яе зачыталі ў судзе:

– Хачу добраахвотна заявіць, што ў канцы 2017 года Кім мне перадаў пакет з каталогамі прадукцыі, пры праглядзе якіх я выявіў белы канверт з тысячай даляраў. Канверт Кім перадаў без майго ведання і згоды, грашовыя сродкі я ў яго ніколі не вымагаў. Грашовыя сродкі не вяртаў з прычыны цяжкага фінансавага становішча, у той самы час Кім не тлумачыў, за што перадаў грошы. Мяркую, гэтая сума была ў якасці навагодняга падарунку, гэтыя грашовыя сродкі мною былі выдаткаваныя на побытавыя патрэбы ў сувязі з нараджэннем дзіцяці. Гатовы кампенсаваць сродкі ў добраахвотным парадку на ўказаны рахунак КДБ. Раскайваюся, гатовы садзейнічаць у выкрыцці супрацьпраўных дзеянняў іншых службовых асобаў.

У судзе было агучана, што Несцяровіч жыве на лецішчы ў Ракаве, у 2015 годзе набыў аўтамабіль Dodge.

У ходзе папярэдняга расследавання такіх заяваў Яўген Несцяровіч зрабіў некалькі, паведамляючы пра новыя факты атрымання хабару.

Вось што пісаў абвінавачваны праз чатыры дні пасля затрымання:

– У сакавіку 2018 г. тамсама ад Кіма мною атрымана блізу 775 даляраў і ў канцы сакавіка – пачатку красавіка 1200 даляраў... Грашовыя сродкі Кім перадаваў з асабістай ініцыятывы, дзеянняў для лабіяванні інтарэсаў кампаніі я не рабіў. На маю думку, названыя сумы перадаваліся не дзеля лаяльных стасункаў, грашовых сродкаў ад іншых структураў у якасці незаконнай узнагароды я не атрымліваў.

Пазней Несцяровіч паведамляе і пра іншыя факты атрымання ўзнагароджанняў:

– Хачу дадаткова паведаміць, што атрымаў ад Панамарова ў канца 2018 года 1300 даляраў, у жніўні 2018 года – 500–600, больш дакладна суму назваць цяжка, у канцы снежня 2017-га – 600 даляраў. Грашовыя сродкі ва ўсіх выпадках атрымліваў паблізу месца маёй працы. Перадача грашовых сродкаў праходзіла шляхам перадачы пачкі з-пад цыгарэтаў, у якой знаходзіліся грошы. Грашовыя сродкі, на маю думку, перадаваліся ў якасці падзякі за супрацоўніцтва, ніякіх дзеянняў я як службовая асоба не рабіў у дачыненні да кампаніі. Раскайваюся, гатовы ўсё пакрыць, актыўна садзейнічаць следству.

У матэрыялах справы няма ўказанняў, што для набыцця абсталявання праводзіліся адкрытыя конкурсы: загадчык сектара адпраўляў запрашэнне канкрэтным фірмам, якія ў выніку і пастаўлялі тэхніку.

Несцяровіч неўзабаве пасля затрымання напісаў хадайніцтва пра заключэнне дасудовага пагаднення, абавязваючыся не толькі апавесці ўсё пра свае злачынствы, але выкрыць іншых удзельнікаў. Дасудовае пагадненне дазваляе спадзявацца на больш мяккае пакаранне ў выпадку прызнання вінаватым. Так у справе з'явіўся бізнэсмэн Сяргей Буры. У чарговай яўцы з пакаяннем Несцяровіч паведамляе:

– Хачу добраахвотна паведаміць, што Буры перадаў мне грашовыя сродкі памерам 10 тысячаў даляраў у якасці хабару за заключэнне ўгоды. Буры перадаў грошы на стаянцы. У мэтах утойвання супрацьпраўных фактаў Бурым было прапанавана напісаць пазыковую распіску аб атрыманні ім ад мяне 10 тысячаў даляраў у якасці пазыкі. У гэтай распісцы былі зробленыя адзнакі пра вяртанне сумы. Фактычна грошы ў пазыку ніколі не даваў. Абавязуюся выплаціць атрыманую суму ў поўным аб'ёме.

Буры, у сваю чаргу, пры затрыманні ва ўсім прызнаўся. Кім і Панамароў ад крымінальнай адказнасці вызваленыя, яны праходзяць у справе як сведкі (згодна з арт. 431 КК асоба, якая дала хабар, вызваляецца ад крымінальнай адказнасці, калі пасля давання хабару добраахвотна заявіла пра зробленае).

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках