26 жнiўня 2019, панядзелак, 4:38
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Блогер «Шэры кот»: У Воршы вось-вось абрынецца мост, а мы кажам пра «IT-краіну»

1
Блогер «Шэры кот»: У Воршы вось-вось абрынецца мост, а мы кажам пра «IT-краіну»

Уключаеш БТ - краіна для жыцця, выходзіш на вуліцу - абсалютна іншая сітуацыя.

Пра тое, з якімі праблемамі сутыкаюцца сёння жыхары Аршанскага раёна, прэс-службе Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу распавёў мясцовы актывіст і блогер, які вядзе ў YouTube канал «Шэры кот» Зміцер Казлоў:

- Напраўду, пытанні, якія хвалююць жыхароў нашага рэгіёну, асабліва не адрозніваюцца ад тых, якія існуюць у іншых рэгіёнах. Беспрацоўе, нізкія даходы, праблемы ў сферы ЖКГ. Сярэднія заробкі ў нашым рэгіёне - ад 250 да 350 рублёў. Дарогі жахлівыя. Крапівенскі мост на трасе Ворша-Дуброўна, па якім увесь час аўтамабілі, пасажырскія аўтобусы ездзяць, цяжкавікі, вось-вось абрынецца. Яго ні разу не рамантавалі! І пры гэтым кажуць пра ІТ-краіну.

Людзі спрабуюць шукаць працу за мяжой. Раней самым папулярным кірункам была Расея - да мяжы ўсяго пару дзясяткаў кіламетраў. Цяпер сітуацыя вельмі змянілася. Працы ў Расеі стала менш, скарацілася аплата. Сёння ў Воршы поўна аб'яваў аб працы ў Польшчы. Вялікая колькасць жыхароў едзе на заробкі на Захад.

У Воршы, насельніцтва якой перавышае 115 тысяч чалавек, няма ніводнай вышэйшай навучальнай установы, але ёсць дзве турмы. Ужо гэта кажа пра многае. Моладзь едзе вучыцца ў Менск ці Віцебск і імкнецца назад не вяртацца. Насельніцтва горада скарачаецца.

Лукашэнка ўжо шмат разоў абяцаў падняць Воршу з руін і попелу і нават афіцыйна сказаў, што зрабіў гэта, але напраўду, нічога ў лепшы бок не мяняецца. Наадварот, становіцца толькі горш. Заробкі і пенсіі не растуць, малы бізнэс не развіваецца, нягледзячы на заявы мясцовых чыноўнікаў. На паперы і ў іх справаздачах у нас усё выдатна. Уключаеш БТ - краіна для жыцця, але калі выходзіш на вуліцу - бачыш абсалютна супрацьлеглую сітуацыю. Людзі разгубленыя, абураныя, не бачаць перспектыў.

- Ці разумеюць жыхары горада, хто вінаваты ў гэтым?

- Выдатна разумеюць, што ўсё ідзе з цэнтра, што вінаваты Лукашэнка. Калі ўзяць кожную праблему - яна характэрная не толькі для Воршы, але і для ўсякага горада краіны, яна сістэмная. Калі за 25 гадоў праблемы не развязалі, калі іх становіцца з кожным днём усё больш, то вінаваты не начальнік райвыканкама, а той, хто прызначае такіх кіраўнікоў і праводзіць такую палітыку.

- Вы збіраецеся ўдзельнічаць у «парламенцкай кампаніі»?

- Сапраўдныя выбары пасля змены ўлады. А найбліжэйшую «парламенцкую кампанію» трэба выкарыстоўваць для таго, каб уключыць у актыўную дзейнасць як мага больш людзей, у першую чаргу тых, хто не карыстаецца інтэрнэтам, хто крытыкуе ўладу, але пакуль не бачыць альтэрнатыву. Мы будзем праводзіць пікеты на вуліцах і плошчах Воршы, на якіх абмяркуем сітуацыю ў горадзе з жыхарамі, збіраць подпісы, раздаваць улёткі, шукаць новых прыхільнікаў.

Адна з мэтаў гэтай кампаніі - не дапусціць запуску АЭС. Гэта тычыцца ўсёй краіны, не толькі Астраўца, дзе яна будуецца. Прывяду прыклад. Ворша з'яўляецца буйным транспартным вузлом. Толькі за апошні месяц тут двойчы сходзілі з рэек цягнікі. Ядзернае паліва для АЭС будуць везці праз наш рэгіён, таму ўявіце, што адбудзецца, калі раптам такое паўторыцца. Будзе экалагічная катастрофа. Ну а калі адбудзецца аварыя на самой АЭС, то нам пагражае другі Чарнобыль з нашмат больш страшнымі наступствамі.

- Вы ўжо сказалі пра змену ўлады. Наколькі доўгатэрміновая гэтая мэта?

- Ведаеце, недалёка ад населенага пункта, у якім я жыву, знаходзіцца Крапівенскае поле - месца Аршанскай бітвы, 505-ю гадавіну якой мы будзем адзначаць 8 верасня. Тады, у 1514 годзе, наша краіна знаходзілася ў вельмі цяжкім становішчы, велізарныя тэрыторыі былі акупаваныя. Але нашы продкі ў мякка кажучы неспрыяльных умовах змаглі нанесці паразу сілам ворага, якія іх перасягалі. Сёння Ворша, ды і ўся краіна захопленыя чыноўнікамі-прызначэнцамі. Людзі знемагаюць пад уладай акупантаў. Мы іх не выбіралі. Нам трэба вызваліць Беларусь, і я ўпэўнены, што мы справімся з гэтай задачай, як справіліся нашы продкі. Засталося няшмат, і мы пастараемся разам наблізіць гэты момант.