23 жнiўня 2019, Пятніца, 11:23
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Актывіст злавіў «палатачніка» Марзалюка на парушэнні закона

19
Актывіст злавіў «палатачніка» Марзалюка на парушэнні закона
ІГАР МАРЗАЛЮК
ФОТА: SVABODA.ORG

Аляксандр Хамратаў хоча прыцягнення «дэпутата» да адказнасці.

6 траўня 2019 года «дэпутат» «палаты прадстаўнікоў» Ігар Марзалюк, гендырэктар ЗАТ «ЦІС-Магмет» Валер Гусарэвіч і некалькі чалавек сталага ўзросту ўрачыста адкрылі парэнчы ў парку ў раёне вуліцы 30-ці гадоў Перамогі, піша mspring.online. Атрымалася рэзанансна - Марзалюк і Гусарэвіч нават перарэзалі чырвоную стужку, пасля чаго сталі мемам Байнэта.

Актывіст Аляксандр Хамратаў звярнуў увагу, што падчас мерапрыемства адсутнічалі супрацоўнікі міліцыі, хуткай дапамогі і МНС. Ён звярнуўся ў Ленінскі РАУС з просьбай правесці праверку ў дачыненні да «дэпутата» Ігара Марзалюка і пачаць адміністрацыйны працэс за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.

Міліцыя адмовілася пачынаць працэс, спаслаўшыся на «адсутнасць складу адміністрацыйнага правапарушэння».

Хамратаў не пагадзіўся з пастановай Ленінскага РАУС і абскардзіў яе ў судзе Ленінскага раёна Магілёва. Суддзя Ігар Шведаў пацвердзіў, што міліцыя не мае рацыі. На ягоную думку, не быў устаноўлены статус мерапрыемства, а ў міліцэйскай пастанове ўтрымліваліся памылкі.

Ён адправіў матэрыялы справы на дапрацоўку. Хамратаву, як заяўніку, павінна была прыйсці паўторная пастанова з Ленінскага РАУС. Пасля месяца чакання актывіст звярнуўся ва УУС Магілёўскага аблвыканкама, каб даведацца, чаму ж міліцыя не рэагуе на пастанову суда і ягоную скаргу.

Намеснік начальніка УУС Уладзімір Рыжанкоў у адказ заявіў яму, што Ленінскі РАУС не павінен быў высылаць пастанову на ягоную скаргу, бо Хамратаў - усяго толькі сведка.

Актывіста такі падыход абурыў:

- Я ацэньваю адказ спадара Рыжанкова як палітычна матываваны. У першым выпадку мне далі і саму пастанову, і суправаджальны ліст з адказам. Цяпер жа адмыслова нічога не даслалі, ды яшчэ і зацягнулі тэрміны, каб я не мог абскардзіць іх дзеянні ў 15-дзённы тэрмін, - пракаментаваў сітуацыю Хамратаў. Ён мае намер звярнуцца ў МУС, каб дамагчыся справядлівасці.

Што тычыцца ўрачыстага адкрыцця парэнчаў, то міліцыя і другім разам не знайшла віны Марзалюка.

- Сустрэча «дэпутата» «палаты прадстаўнікоў» з выбаршчыкамі выбарнай акругі ў загадзя ўстаноўленым, альбо неўсталяваным месцы, у тым ліку пад адкрытым небам, не з'яўляецца масавым мерапрыемствам, - заявіў Рыжанкоў.