19 жнiўня 2019, панядзелак, 3:55
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Ці прыпыняць ЗША будаўніцтва «Паўночнай плыні - 2»?

6
Ці прыпыняць ЗША будаўніцтва «Паўночнай плыні - 2»?

ЗША разумеюць стратэгічнае значэнне энэргасыравіны.

Не сакрэт, што стаўленне да будаўніцтва газаправода «Паўночная плынь-2» дзеліць краіны Еўрапейскага звязу. Некаторыя краіны, у тым ліку Польшча, выступаюць супраць рэалізацыі гэтага праекта.

Нагадаем, што газаправод «Паўночная плынь - 2» будуецца ад Расеі да Нямеччыны па дне Балтыйскага мора.

Акрамя рознагалоссяў перашкодай на шляху да завяршэння будаўніцтва «Паўночнай плынь - 2» стала патрабаванне ў сакавіку гэтага года Дацкага агенцтва энэргетыкі (DEA) падаць дакументацыю, якая пацвердзіла б, што пракладка газаправода па маршруце, які абмінае дацкі востраў Борнхальм, не пашкодзіць экалогіі. Кампанія «Паўночная плынь - 2» падала такую дакументацыю ў красавіку. Аднак дацкія ўлады яшчэ не выдалі афіцыйнага пацверджання, што пракладка газаправода праз асаблівую эканамічную зону Даніі будзе бяспечнай для навакольнага асяроддзя.

Яшчэ адной сур'ёзнай перашкодай стала тое, што Камітэт амерыканскага Сената міжнародных спраў ухваліў санкцыі супраць удзельнікаў будаўніцтва газаправода «Паўночная плынь - 2». Паводле прынятага законапраекта, санкцыйны рэжым распаўсюджваецца на прыватных асоб і фірмы, якія ўдзельнічаюць у пракладцы марской часткі газаправода. Дакумент прадугледжвае забарону на ўезд у ЗША і замарозку актываў. На чарговым этапе заканадаўчых работ, законапраект будзе вынесены на галасаванне Сената ЗША ў поўным складзе, затым Палаты прадстаўнікоў. Пасля гэтага дакумент павінен быць зацверджаны прэзідэнтам Дональдам Трампам.

Ці можа ў сувязі з гэтым дайсці да адмовы еўрапейскіх фірмаў, якія супрацоўнічаюць з Расеяй, ад рэалізацыі праекта, які на 70% ужо гатовы? Ці зменіць палітыка ЗША ў дачыненні да дзяржаў, якія маюць залежы прыродных рэсурсаў, асабліва газу, сітуацыю на сыравінных рынках? Польское Радио запрасіла да размовы экспэртку Агату Лоскат-Страхоту з Цэнтра ўсходніх даследаванняў.

- Пачнём з таго, у чым сутнасць амерыканскіх санкцый у дачыненні да «Газпрама» і заходніх фірмаў, якія супрацоўнічаюць з ім пры будаўніцтве газаправода «Паўночная плынь - 2»? Ці азначае ён, што гэтыя фірмы не могуць гандляваць з расейцамі, калі хочуць гандляваць з амерыканцамі?

- Цяпер у Кангрэсе знаходзяцца праекты двух вельмі падобных законаў. І калі казаць коратка, то яны ўдараюць па будаўніках газаправода «Паўночная плынь - 2», якія пракладваюць трубы па дне мора. Такіх фірмаў, якія маюць спецыялізаваныя судны для пракладкі трубаправодаў, вельмі няшмат. Сярод іх падрадчыкі «Паўночнай плыні - 2» - Allseas са Швейцарыі і італьянская Saipem. Калі санкцыі будуць зацверджаны Кангрэсам, падпісаныя прэзідэнтам Трампам і ўвайшлі б у законнае дзеянне, то гэта, вядома, ударыла б па гэтых фірмах, але не ўдарыла б па традыцыйных партнёрах «Газпрама», якія ўдзельнічаюць у эксплуатацыі.

- Тым не менш, раней ці пазней іх гэта таксама б закранула, таму Еўропа па-рознаму рэагуе на пазіцыю ЗША. Вядома, у Польшчы няма праблем са згодай на тое, каб такія санкцыі ў дачыненні да партнёраў «Паўночнай плыні - 2» ужыць. Але ёсць галасы, напрыклад, з боку Нямеччыны, якія кажуць, што нельга так паддавацца Амерыцы, таму што ЗША хоча, каб у Еўропу ішоў амерыканскі газ. А мы хочам дыверсіфікацыі, - кажуць немцы. Што Вы думаеце на гэты конт?

- Еўропа сапраўды падзеленая, падзеленая, калі казаць пра «Паўночную плынь - 2», бо Польшча, Славакія, Украіна, краіны Балтыі і Скандынавіі відавочна супраць гэтага праекта. Але нягледзячы на гэты пратэст, будаўніцтва ідзе. А ёсць краіны, якія двума рукамі галасуюць «за», і галоўнай сярод іх з'яўляецца Нямеччына. Прыхільнікам будаўніцтва з'яўляецца таксама Аўстрыя. Абедзве гэтыя краіны атрымалі б выгаду ад гэтага праекта, узрос бы іх долевы ўдзел на еўрапейскім рынку газу, і, акрамя таго, у гэтых краінах газ стаў бы таннейшым. Нямецкія фірмы і спажыўцы атрымалі б перавагу хоць бы перад італьянскімі спажыўцамі. І гэта, дарэчы, прычына таго, што Італія, якая, у прынцыпе не мае нічога супраць эканамічнага супрацоўніцтва з расейцамі, адмоўна выказваецца з нагоды «Паўночнай плыні - 2». Бо калі гэты праект будзе рэалізаваны, а прыпынены транзіт праз Украіну, то Італія – другі па велічыні пакупнік расейскага газу ў Еўразвязе, атрымлівала б гэты газ даражэй, таму што, прасцей кажучы, аказалася б «далей ад трубы».

- Галоўная, на Ваш погляд, мэта ЗША ў кантэксце санкцый супраць краін, якія маюць энэргарэсурсы? Бо ў ЗША і так моцная пазіцыя як вытворцы і экспарцёра звадкаванага газу, ці не так?

- З нядаўніх часоў ЗША сталі найбуйнейшым здабытчыкам газу ў свеце, але таксама вялізным спажыўцом, таму гэты амерыканскі экспарт зусім не так вялікі. І, безумоўна, акт дапамогі і падтрымкі свайго экспарту - гэта вельмі важны элемент амерыканскай палітыкі. Пытанне толькі ў тым, наколькі палітычныя крокі ў стане паўплываць на павелічэнне экспарту? Бо многае на гэтым рынку залежыць ад глабальнай сітуацыі, на якую Амерыка мае ўплыў, але не такі ўжо вялікі. Але ёсць яшчэ адзін вельмі важны аспект амерыканскай палітыкі. А менавіта - разуменне стратэгічнага значэння энэргасыравіны. Бо яно можа зрабіць Еўропу залежнай ад расейскага газу. А Расея, у сваю чаргу, можа выкарыстоўваць энергасыравіну як сродак палітычнага ўплыву. І мы гэта бачым у выпадку Нямеччыны. З моманту пачатку эксплуатацыі «Паўночнага газаправода - 1» залежнасць Нямеччыны ад расейскага газу расце, як і прысутнасць Расеі ў Нямеччыне ў якасці інвестыцый і пэўнага лобі.