19 жнiўня 2019, панядзелак, 7:56
Мы ў адной лодцы
Рубрыкі

Экспэрты: Ёсць падазрэнне ў змове чыноўнікаў пры імпарце лекаў

12
Экспэрты: Ёсць падазрэнне ў змове чыноўнікаў пры імпарце лекаў

Міністэрства аховы здароўя адпраўляе імпартныя лекі на даследаванні, якія могуць каштаваць блізу $20 тысяч.

12 ліпеня міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік распавёў, як будуць змагацца з карупцыяй у сістэме аховы здароўя: створаць дакладную сістэму рэгістрацыі лекаў і медычных вырабаў, дэцэнтралізуецца закупкі і створаць з дапамогай праграмістаў «разумную сістэму аналізу звестак».

Сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Віктар Маргелаў у каментары udf.by адзначыў, што яшчэ заўчасна казаць пра перамогу над карупцыяй у сістэме аховы здароўя.

Ён падаў у прыклад кошты лекаў, якія дагэтуль не прыведзеныя ў адпаведнасць з коштамі ў краінах-суседзях.

«На сёння ёсць падазрэнне ў змове пры імпарце лекаў. Мы назіралі на шэрагу нарад, калі абмяркоўвалі новую сістэму рэгістрацыі лекаў, якая дзейнічае з новага года: быццам бы ідэі закладваліся нармальныя, але ўсё адно атрымалася, што лекі ў нашай краіне дарагія», - сказаў Маргелаў.

Назваў адну з прычын іх дарагоўлі:

«Кожны імпартны прэпарат з пэўнай перыядычнасцю нашае Міністэрства аховы здароўя адпраўляе на даследаванне, якое можа каштаваць блізу 20 тысяч даляраў. Адпаведна гэта закладваецца ў сабекошт з боку імпарцёраў і сур'ёзна падвышае кошт ўнутры Беларусі».

Як адзначыў сустаршыня Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва, найбліжэйшым часам плануецца прыняць пастанову, што сертыфікаты ЕЗ не будуць ставіцца пад сумнеў.

«Ёсць надзея, што выдаткі на даследаванні зменшацца», - сказаў ён.

Віктар Маргелаў таксама распавёў:

«Мы задавалі пытанне: Расея цэнтралізавана закупляе лекі значна танней. Дык мы ж Саюзная дзяржава, чаму мы не можам сваю невялікую партыю далучыць да Расеі? Зразумела, што будзе дорага, калі браць малымі партыямі. Вось такія простыя рэчы нашы чыноўнікі не могуць арганізаваць. Таму працы яшчэ шмат».

Міністр аховы здароўя заявіў аб стымуляванні прамых паставак ад вытворцаў медтэхнікі, што дазволіць знізіць на яе кошт. Але Маргелаў у гэтым сумняваецца.

«У нас вельмі прымітыўнае і спрошчанае разуменне гандлю ў свеце. Танна аддаюць таму, хто шмат бярэ. Напрыклад? Свайму дылеру. На спецыялізаванае медыцынскае абсталяванне адназначна многія кампаніі-пасярэднікі могуць даваць значныя зніжкі ад завадскога кошту. Таму гэта самападман, што калі возьмеш наўпрост, то атрымаецца танней. Не выключана, што будзе танней ў пасрэдніка, які гандлюе з усім светам. Таму трэба працаваць гнутка і з улікам нацыянальных інтарэсаў», - адзначыў Маргелаў.

«Заробкі «падвысіць» інфляцыя»

Міністр Уладзімір Каранік заявіў журналістам, што заробкі медыцынскім работнікам у Беларусі да 2025 года плануецца падвысіць удвая, што стане сур'ёзным стымулам для таго, каб лекары не з'язджалі за мяжу.

Доктар эканамічных навук Барыс Жаліба заявіў, што за ўлады гэта зробіць інфляцыя.

«Я трошкі ўтрырую, але вялікую ролю інфляцыя адыграе без ўмяшання дзяржаўных органаў. Мяркую, што заробкі ўсіх, хто працуе ў галіне аховы здароўя і ў галіне адукацыі, трэба падвышаць заўтра, а не праз пяць гадоў - гэта проста смешна», - сказаў Жаліба.

Паводле звестак Белстату ў чэрвені сярэдні заробак лекараў склаў 1 439 рублёў, а медперсаналу - 896 рублёў. Чаму заробкі хочуць павысіць, калі лекары зарабляюць вышэй за сярэдні ў краіне?

«Гэтыя звесткі трэба ацэньваць з папраўкай на тое, што немалая частка, а можа быць і большасць медыкаў, працуе як мінімум на паўтары стаўкі і да таго ж падзарабляе ў прыватных медыцынскіх цэнтрах. Калі б яны працавалі на адну стаўку, гэты заробак можна было б паніжаць у паўтара-два разы», - растлумачыў эканаміст.