28 сакавiка 2024, Чацвер, 16:56
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Мне ж не адна пара абутку патрэбная, а пяць!»

25
«Мне ж не адна пара абутку патрэбная, а пяць!»

Шматдзетнай маці паўгода не сплачвае аліментаў праблемнае прадпрыемства.

Шматдзетная маці Наталля Акунец з Калінкавічаў амаль паўгода не можа дамагчыся аплаты аліментаў ад «Праммеханікі». У выніку жанчына сёння мае запазычанасць за камунальныя паслугі і не ведае, як без грошай рыхтаваць дзяцей да новага навучальнага года. Паведамляе «Белсат».

Наталля Акунец – маці пяцярых дзяцей. Цяпер яна ў дэкрэтным адпачынку для догляду за малодшаю дачкой. У дэкрэт Наталля пайшла адразу з біржы, але да выхаду ў адпачынак знайсці працы не змагла.

Муж Наталлі працуе на прадпрыемстве «Праммеханіка» . Летась муж з жонкай не знайшла паразумення ў фінансавых пытаннях. Таму ў лістападзе 2019 года жанчына падала дакументы на аліменты.

Разліковы ліст мужа за чэрвень, які пацвярджае, што грошы на аліменты адлічаныя

«Мы з мужам не скасоўвалі шлюбу. Але ў нас склалася такая сітуацыя, што я пастанавіла атрымліваць аліменты, – тлумачыць кабета. – Муж працуе на прадпрыемстве ў Гатаве, што каля Менску. Грошы на аліменты адлічваюць, гэта прыблізна 50 % ягонага заробку, але да мяне яны не даходзяць. Ягоную палову выдаюць, а маёй не выдаюць. На прадпрыемства я званіла: кажуць, што чакаюць аплатаў ці рахункі заблакаваныя. На пытанне, калі будуць грошы, адказваюць, што не ведаюць».

Паводле Наталлі, яна не атрымлівае аліментаў з сакавіка і прадпрыемства віннае больш за 3 000 рублёў – грошы, якія былі адлічаныя з заробку мужа. Акрамя аліментаў, прадпрыемства з траўня затрымала і дапамогу для гадавання малой дачкі. Жанчыне давялося пераафармляць дакументы, каб атрымаць «дзіцячыя» праз Калінкавіцкі райвыканкам. Каб выжыць, Наталля вымушаная звяртацца па дапамогу да сваёй маці – спадарыні Надзеі.

«Ужо паўгода без грошай. Заробку няма, аліментаў няма. «Дзіцячых» і тых няма! Нічога няма, – са слязьмі на вачах скардзіцца спадарыня Надзея. – Прыходзіцца дапамагаць, хоць я сама выхоўваю прыёмнага сына».

Не зважаючы на складанае фінансавае становішча, усе дзеці выглядаюць дагледжанымі. Кватэра, у якой жыве сям’я, невялікая, але ўтульная.

«У маці 300 рублёў пенсія. На хлеб, малако стае. Гарод яшчэ ёсць! Муж дапамагае, прыязджае, набывае што-небудзь дзецям, – кажа Наталля. – Золата ў ламбард пазакладала. Пазычаю грошы, вінная шмат каму. Я ж не магу дзяцей без хлеба пакінуць! Стараюся, каб дзеткі ні ў чым не мелі патрэбы. Хлопчыкі год у басейн хадзілі, пакуль не пачаліся гэтыя затрыманні. На баян ходзім бясплатна».

«А цяпер дзяцей трэба рыхтаваць да навучальнага года. Мне ж не адна пара ботаў патрэбная, а пяць!» – ледзь не плача кабета.

Бухгалтарка «Праммеханікі» Крысціна Кандратовіч пракаментавала сітуацыю «Белсату»:

«У нас яшчэ за травень не закрытыя заробкі. У нас цяпер арыштаваныя рахункі і ніякіх выплатаў няма. Мы чакаем грошай. Краснасельск [ААТ «Краснасельскбудматэрыялы». – Заўвага belsat.eu] нам вінен шмат грошай, яны не плоцяць. Таму мы і чакаем. Аліменты аплочваюцца цягам трох дзён пасля закрыцця заробку. Званкоў вельмі шмат, але ад нас нічога не залежыць. Я больш нічога не ведаю, трэба размаўляць з кіраўніцтвам».

Каментар дырэктара прадпрыемства Рамана Семянені аказаўся больш аптымістычным:

«Акунец – сапраўды вельмі добры працаўнік. Я іхную гісторыю добра ведаю. Я цудоўна ўсё разумею. У сувязі з тым, што ў нас заблакаваныя рахункі, мы яму аплочваем [Мікалаю Акунцу, мужу Наталлі. – Заўвага belsat.eu] трошкі больш як трэба, а потым закрыем і аліменты. Яны жывуць разам, яны ў любым выпадку адзіная сям’я.

У нас вельмі шмат крэдытораў, якія нам вінныя. Але я думаю, што да канца жніўня мы выйдзем на стабільны ўзровень».

Машынабудаўнічае прадпрыемства «Праммеханіка» ў Гатаве ўжо не аднойчы прыцягвала ўвагу медыяў. Сёлета ў чэрвені «Белсат» асвятляў праблему работнікаў прадпрыемства, якім не аплочвалі заробкаў. Дзеля атрымання грошай працаўнікі абвесцілі страйк.

З каментара дырэктара вынікае, што сітуацыя на прадпрыемстве хутка наладзіцца. У размове Раман Семяненя запэўніў, што Наталля атрымае аліменты напрыканцы жніўня.

Напісаць каментар 25

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках