19 красавiка 2024, Пятніца, 12:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як «брудная нафта» падтачыла беларускую эканоміку

6
Як «брудная нафта» падтачыла беларускую эканоміку

Валютныя прыбыткі краіны змяншаюцца.

Экспартны прыбытак Беларусі зніжаецца з траўня. Падзенне звязанае са зніжэннем аб'ёмаў экспарту нафтапрадуктаў, сведчаць звесткі статыстыкі. Моц беларускай эканомікі падтачыла брудная расейская нафта, піша «Незалежная газета».

У першым паўгоддзі Беларусь зарабіла 20 млрд даляраў. За кошт валютных паступленняў, вынікае са статыстычных звестак Нацыянальнага банка. Гэта больш за мінулагодні ўзровень на 1%, аднак у параўнанні з пачаткам гэтага года дынаміка адмоўная. Чэрвеньскі паказчык ніжэйшы за красавіцкі на 10%.

Паступлення замежнай валюты скараціліся ў сувязі са зніжэннем экспарту тавараў. У параўнанні з першым паўгоддзем мінулага года ў студзені-чэрвені 2019 года Беларусь ад продажу тавараў зарабіла на 4,1% сродкаў менш - 15,9 млрд даляраў. Зніжэнне пачалося з траўня, сведчаць звесткі статыстыкі. У чэрвені экспартны прыбытак тавараў зменшыўся на 11,3% - да 2,39 млрд даляраў у параўнанні з красавіком.

Нагадаем, што аб будучых стратах для эканомікі Беларусі гаварылі і чыноўнікі, і экспэрты, каментуючы вясной сітуацыю са з'яўленнем у нафтаправодзе «Дружба» забруджанай нафты і прыпыненнем аб'ёмаў нафтаперапрацоўкі і экспарту ў сувязі з гэтым. Паводле статыстычных звестак, экспарт нафтапрадуктаў з траўня знізіўся на 20% - да 4,57 млн т у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Раней у канцэрне Белнафтахім прагназавалі, што па выніках года зніжэнне можа скласці больш за 1 млн т, калі, вядома, расейскі пастаўшчык не кампенсуе недапастаўленыя ў траўні-чэрвені, калі ў трубе стаяла забруджаная нафта. Як паведамлялася, цалкам ачысціць беларускую частку нафтаправода «Дружба» ад забруджанай нафты ўдалося толькі ў пачатку жніўня.

Пакуль агульны замежнагандлёвы баланс выраўноўвае экспарт паслуг - плюс ад продажаў за мяжу складае 310 млн даляраў. Пры гэтым паслуг Беларусь прадае на 1,8 млрд даляраў больш, чым купляе. Тады як мінус за тавары, паводле звестак Белстата, ужо перавысіў 2,7 млрд даляраў (год таму было 2,3 млрд даляраў). Асноўны ўклад у гэты паказчык уносіць гандаль з Расеяй. Беларусь купляе тут тавараў амаль на 4 млрд даляраў больш, чым прадае.

Зніжэнне валютных даходаў пагражае складанасцямі з выплатай замежных валютных абавязанняў, па якіх Беларусь павінна ў 2019 годзе заплаціць блізу 3,5 млрд даляраў. Гаворка не ідзе пра тое, што ўрад не зможа з імі разлічвацца, - адпаведныя сродкі часткова зарэзерваваныя ў бюджэце. Акрамя таго, як пісала «НГ», Мінфін пазычае сродкі на фінансавых рынках, на расейскім, шляхам размяшчэння дзяржаўных аблігацый. У выніку намаганняў урада ў кансалідацыі сродкаў золатавалютныя рэзервы краіны дасягнулі свайго максімуму за апошнія шэсць гадоў. Згодна са статыстычнымі звесткамі, на 1 жніўня яны склалі 8,6 млрд даляраў пры плане ўрада мець да канца года запасаў не менш як 7,1 млрд даляраў. Не выключана, што гэтая розніца ў выпадку патрэбы можа быць накіравана на выплату замежных абавязанняў.

У той жа час, на думку экспэртаў, зніжэнне экспартных даходаў можа ў канчатковым выніку адбіцца на суме заробку і ўзроўні жыцця насельніцтва. Заробак у першым паўгоддзі не меў устойлівага трэнду росту. Ён зніжаўся ў пачатку года, затым рос у сакавіку і красавіку і зноў падаў ў траўні. Пакуль ён перавышае запланаваны ўрадам ўзровень і эквівалентны 500 далярам. Праўда, на ўзровень жыцця рызыкуюць паўплываць кошты. У гадавым вылічэнні паказчык інфляцыі ў ліпені склаў 6% пры плане ўрада 5% па выніках года. Прычым больш за ўсё падаражэла харчаванне - на 6,5%. Гэта адзначыла Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ). Прычым, з іх звестак, сацыяльна значныя прадукты харчавання за паўгода падаражэлі на 9-11%. МАРГ прыстрашыў увядзеннем коштавага рэгулявання, калі ў жніўні трэнд падаражэння малака, мяса, хлеба, яек і г.д не спыніцца. Зрэшты, экспэрты не выключаюць, што ў жніўні, як і ў мінулым годзе, будзе назірацца сезоннае зніжэнне коштаў на гародніну і садавіну, што спыніць інфляцыю.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках