19 красавiка 2024, Пятніца, 22:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Народы цяжка і пакутліва, але ўстаюць з каленяў

1
Народы цяжка і пакутліва, але ўстаюць з каленяў
Сяргей Законнікаў

Аўтарытарныя правіцелі не заўважылі, як вырасла новае пакаленне.

Для таго, каб зразумець сітуацыю ў постсавецкім рэгіёне і даць адказ на пытанне, трэба глядзець на яе аб’ёмна, уважліва, без хлуслівай патэтыкі. Пасля распаду СССР усе народы суверэнных краін марылі, што пабудуюць уласны дом і будуць мець прыстойнае жыццё. Але ў многіх выйшла іншае.

Мой асабісты ўдзел у палітычным і грамадскім жыцці ў час перабудовы і ў першыя гады суверэннасці выразна паказаў, што шлях беларусаў на свабоду, вызваленне ад страху, нагнанага сталінскімі рэпрэсіямі, калгасна-саўгаснай рабскай доляй, а таксама брэжнеўскім «мяккім таталітарызмам», будзе надта цяжкім. Тады напісаўся верш «Прыкуты»:

Воляй Вышэйшай навечна прыкуты

Я да гаротнай зямлі,

Дзе ўслед за мною знявага, пакуты

Ад нараджэння ішлі.

Гэтая існасць выцягвае жылы,

Трушчыць і плоць, і душу…

Хоць да Галгофы прастуе сцяжына,

Іншае — не папрашу.

Што можна здзейсніць?

Пад назіркам згубы

Вершыць жыццёвы свой круг:

Сціснуць да болю,

да скрыгату зубы

І мацаваць вольны дух.

Бо давядзецца знявагу, пакуты,

Хоць не мая ў тым віна,

Як непазбежнасць,

як кубак атруты,

Выпіць да самага дна.

На жаль, радкі спраўдзіліся. Але ў 1992 годзе, калі яны пісаліся, я яшчэ спадзяваўся на мудрасць народа, на тое, што ён будзе кіравацца здаровым сэнсам. Натуральна, не ўяўляў, да якой неверагоднасці дойдзе нахабства, цынізм і сквапнасць амбіцыйных уладалюбцаў і новых капіталістаў на постсавецкім абсягу, іх здзек над звычайнымі людзьмі. Тады нават падумаць не мог, што сустрэну старасць ва ўмовах татальнай, беспрасветнай знявагі над роднай Айчынай, нацыянальнымі святынямі, над маёй чалавечай годнасцю.

Нехта скажа: а чаго ўжо цяпер старому дзеду, пенсіянеру турбавацца? Грошай на «камуналку», батон і кефір хапае, сядзі ціхенька ў сваёй бярлозе, глытай пілюлі і сапі сабе, як мядзведзь, у дзве дзюркі.

Безумоўна, так існаваць — карысней для нерваў, здароўя. Але не магу, інакш выхаваны. Яшчэ з юнацтва змагаўся за праўду і здаровы сэнс у жыцці. Як можна сёння спакойна слухаць афіцыйную хлусню, глядзець на здзек над Канстытуцыяй, законамі, выбарамі, правамі і свабодамі? Мяне абражае, што родная зямля стала адстойнікам для рознага роду злачынцаў, на якіх у іхніх краінах заведзены крымінальныя справы. Зневажае, што ў сябры Беларусі без нашай згоды правіцель навязвае адыёзных індывідаў, раздае направа і налева народную маёмасць.

Затое свае грамадзяне знаходзяцца пад моцным адміністратыўным і сілавым уціскам. Дайшло да таго, што народнае патрабаванне сумленных выбараў аўтарытарная ўлада лічыць крымінальным злачынствам, жорстка падаўляе мірныя пратэсты.

Падзеі, звязаныя з выбарамі, паказваюць: афіцыйныя Мінск і Масква не хочуць разумець, што самі штурхаюць народы да рэвалюцыйных дзеянняў. Расійскі псіхолаг і палітык Л. Гозман піша пра чыноўніцкія бар’еры ў выбарчай кампаніі і садысцкі разгон маскоўскіх дэманстрантаў: «Не допуская кандидатов на выборы, Собянин и его кремлевские начальники совершили попытку государственного переворота. Они пытаются удержать власть вопреки закону и с помощью насилия. Для достижения своих преступных целей они используют подчиненные им органы правопорядка, вовлекая в преступление тех, кто обязан защищать граждан, а не преследовать их, а также, контролируемые государством СМИ, которые по их приказу стараются обмануть тех самых людей, на налоги которых они существуют... Те, кто выходят сегодня против власти, не бунтовщики, а защитники Конституции, государства и порядка».

Аўтарытарныя правіцелі доўга кіравалі запалоханымі людзьмі, якія, напэўна, не выйдуць з «саўковасці» да самай смерці. Імі камандаваць было лёгка. Але засядзеўшыся на высокіх крэслах, яны і не заўважылі, як вырасла новае пакаленне. Састарэлым аўтакратам здаецца, што яно таксама глядзіць ім у рот, палае да іх любоўю. Гэта не так, у моладзевым асяроддзі пры з’яўленні на маніторах кампутараў або на тэлевізійных экранах фізіяномій узурпатараў улады пастаянна гучыць смех, жорсткая, з’едлівая крытыка. Безумоўна, многія юнакі і дзяўчаты, хоць і разумеюць заганнасць, бесперспектыўнасць аўтарытарызму, але стараюцца прыстасавацца да яго, меркантыльна займаюцца канфармізмам, робяць любымі спосабамі кар’еру і «куюць бабло».

Аднак значная частка свядомай, палітычна адукаванай моладзі прыкладае намаганні, каб у Беларусі і Расіі было свабоднае, годнае жыццё. У гэтым імкненні, нягледзячы на ўзрост, я станаўлюся разам з сумленнымі, мужнымі юнакамі і дзяўчатамі ў адзін строй.

У. Пуцін і яго ідэолагі, прапагандысты хочуць, каб Расія «ўзнімалася з каленяў». Гэты працэс у іх звязваецца з мілітарызацыяй, умацаваннем арміі і флота, захопам падманным і вераломным чынам чужых земляў, вядзеннем ваенных дзеянняў на тэрыторыі суседніх суверэнных краін або ў далёкім замежжы. Але чаму ж яны так баяцца, калі палітычную волю выяўляе сам народ?

Бюракраты і алігархі ў Расіі і Беларусі «ўсталі з каленяў» яшчэ ў мінулым стагоддзі. Сведчанне — іхняе фантастычнае багацце, якое расце. Але ёсць мільёны бедных людзей, што жывуць у глыбінцы ў жахлівых умовах. Калі алігархам, якія для сабак купляюць персанальныя самалёты, напляваць, што ў 12% расіян няма туалетаў, то сучасная моладзь саромеецца такой краіны.

Перад Расіяй стаіць задача рацыянальнага, эфектыўнага выкарыстання незлічоных прыродных рэсурсаў, росту вытворчасці і прадукцыйнасці працы, выпуску канкурэнтных тавараў, харчу, лекаў. Яе эканоміка слабая, бо задушаны ініцыятыўнасць і прадпрымальніцтва людзей. Пакуль з каленяў не ўстане народ, як магутная дзяржава ніколі не паўстане Расія. Яна так і будзе заставацца вялікай толькі неабсяжнасцю прастораў, разнастайнасцю кліматычных паясоў, колькасцю жыхароў.

Беларусі няма патрэбы, як Расіі, гнацца за веліччу, за імперскасцю, быць уплывовай ва ўсім свеце. Яна па еўрапейскіх мерках — сярэдняя краіна ў плане тэрыторыі і эканамічнага патэнцыялу. Наша місія не маштабная і не амбіцыйная, бо проста неабходна ўсталяваць дэмакратыю, прывесці да ладу родную зямлю, каб на ёй можна было разумна, камфортна і культурна жыць. Але, улічваючы беларускую ментальнасць, зрабіць гэта, як паказаў вопыт, не менш складана.

Многія з нас думаюць, што нягоды, звязаныя з адыёзным палітычным уладкаваннем краіны, якраз яго, канкрэтнага, абмінуць. Але так не бывае. Чым бы чалавек ні займаўся, палітыка абавязкова яго знойдзе, прыліпне і дапячэ. Калі не самога, то дзяцей, унукаў. Такая ўжо ў яе агрэсіўная, хцівая натура.

Як мяркуюць людзі на дэмакратычным Захадзе, калі бачаць, што выбралі не таго чалавека на пасаду кіраўніка або не тых прадстаўнікоў у парламент? Што ж, некалькі гадоў патрываем, а пасля перавыберам, будуць новыя, надта перажываць няварта. Самі памыліліся, самі і выправім становішча. Якраз дэмакратычныя выбары ратуюць грамадства ад радыкалізму, ваяўнічай нянавісці.

У постсавецкім рэгіёне, дзе ў многіх краінах улада ўзурпіравана, спакваля выспела іншая сітуацыя. Хоць алігархічна-бюракратычна-паліцэйская хэўра ў Расіі і «жалеза-бетонная» вертыкаль у Беларусі лупяць людзей дубінкамі па галовах, адбіваючы здольнасць думаць і будаваць для сябе лепшае жыццё, народы цяжка і пакутліва, але ўстаюць з каленяў.

Сяргей Законнікаў, sn-plus.com

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках