29 сакавiка 2024, Пятніца, 15:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пісьменства ў спячым рэжыме

7
Пісьменства ў спячым рэжыме
ФОТА: GS.BY

Эх, нялёгкая ж доля беларускага пісьменства ў Беларусі!

На мінулым тыдні завяршылася шматмесячная эпапея, у цэнтры якой апынуўся слаўны град Слонім, дзе рыхтуюцца да святкавання Дня беларускага пісьменства. Свята пройдзе ў верасні, але прыводзіць горад у парадак мясцовыя ўлады пачалі яшчэ вясной. У траўні адну са сцен дома на вуліцы Чырвонаармейскай было вырашана ўпрыгожыць маштабным графіці з выявай тэатра, які ў XVIII стагоддзі заснаваў у горадзе Міхаіл Казімір Агінскі, піша «БелГазета».

Ідэя добрая, і ўсё б нічога, ды толькі надпіс пад выявай быў зроблены на расейскай мове. У іншым кантэксце гэта не выклікала б нараканняў, але святкаваць-то ў горадзе рыхтуюцца дзень пісьменства беларускага, а не расейскага!

Па байнэту пракацілася хваля здзіўлення, і слонімскія ўлады яе пачулі, а як пачулі, паабяцалі надпіс выправіць. «Пераробім, бо гэта ўсё ж Дзень беларускага пісьменства, - дакладна разважыла намесніца начальніка ўпраўлення ідэалогіі Слонімскага райвыканкама Наталля Ганчарук. - Мы наважылі прыслухацца да людзей - чыталі водгукі ў сацыяльных сетках, маніторылі».

Байнэт уздыхнуў з палёгкай, але, аказалася, рана піць шампанскае. У газету «Наша нiва» звярнуўся сланімчанін Аляксей Дужы, які паведаміў, што графіці завяршылі, будаўнічае рыштаванне прыбралі, а надпіс так і не перарабілі: «Я накіраваў зварот у Слонімскі райвыканкам, мне паабяцалі, што да 1 чэрвеня надпіс выправяць, але што я бачу па факце? Учора, 16 ліпеня, надпіс застаўся такім жа. Атрымліваецца, улады нас падманулі?»

Журналісты звязаліся з намеснікам старшыні райвыканкама Уладзімірам Катом, і той паспяшаўся іх супакоіць: «Да 1 жніўня графіці будзе па-беларуску. Справа ў тым, што на сцяне насупраць тыя ж мастакі, якія малявалі тэатр Агінскага, будуць рабіць графіці з выявай Францыска Скарыны. І, каб не выклікаць мастакоў па дзесяць разоў, мы вырашылі, што, калі яны пачнуць наступную працу, тады і выправяць гэты надпіс. Да Дня пісьменства ўсё будзе зроблена».

Але і на гэтым кропка не была пастаўленая. Тэрэса Юшкевіч, новая намесніца старшыні, перадумала выконваць абяцанні папярэдніцы. «Апошнім часам у адрас райвыканкама паступіла некалькі зваротаў з нагоды захавання надпісу на расейскай мове, спасылаючыся на гістарычныя факты і заканадаўства Беларусі, а таксама захаванне нацыянальна-моўнага парытэту ў грамадстве. Таму райвыканкамам прынятая пастанова пакінуць без змен надпіс на графіці», - паведаміла яна.

Жыхары Слоніма абурыліся такім паваротам, і 5 жніўня ў байнэце з'явілася петыцыя з патрабаваннем выправіць расейскамоўны надпіс. Адначасна неабыякавыя грамадзяне сталі звяртацца наўпрост у райвыканкам. Гэта прынесла свой плён. 8 жніўня «Газета Слонімская» размясціла ў інстаграме здымак, на якім бачна, што надпіс усё ж такі перарабілі. Прычым пад покрывам ночы, як партызаны, ці падпольшчыкі. Эх, нялёгкая жа доля беларускага пісьменства ў Беларусі!

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках