19 красавiка 2024, Пятніца, 22:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гітанас Наўседа пра БелАЭС: Цягнік заехаў занадта далёка

14
Гітанас Наўседа пра БелАЭС: Цягнік заехаў занадта далёка
ГІТАНАС НАЎСЕДА
ФОТА: DELFI/KAROLINA PANSEVIČ

Каб спыніць небяспечны праект, мала толькі эканамічных захадаў.

Прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа кажа, што пастанова Латвіі супрацоўнічаць з Астравецкай АЭС, купляючы ў яе энэргію, яго асабліва не здзівіла. Як сцвярджае літоўскі прэзідэнт, спыніць будаўніцтва Астравецкай АЭС, толькі дэкларуючы планы не купляць энэргію, ужо занадта позна, паведамляе «Радыё Свабода».

«Спадзявацца толькі эканамічнымі рычагамі спыніць АЭС, пабудаваную ўжо на 90% скажам проста, трохі наіўна. Спыняць трэба было ў 2011-2012 гадах, калі мы яшчэ толькі падпісвалі камунікаты з Беларуссю ў галіне атамнай энэргетыкі», - сказаў літоўскім журналістам Наўседа падчас візіту ў Берлін, дзе ён сустрэўся з канцлеркай Нямеччыны Ангелай Мэркель.

І ўсё ж прэзідэнт Літвы паўтарыў, што Літва не мяняе сваёй рыторыкі ў дачыненні да Астравецкай АЭС, а пастанова Латвіі, са слоў Наўседы, прадыктаваная палітычнымі прычынамі.

«Сёння цягнік заехаў занадта далёка. Нягледзячы на гэта, я трымаюся думкі, што мы ўсё адно не павінны заахвочваць развіццё такога ненадзейнага і небяспечнага праекта. З гэтай прычыны пастанова Латвіі - гэта пастанова палітычная. Наколькі мне вядома, кансультацыі з латвійскім міністэрствам энэргетыкі праводзіліся, але яшчэ да заканчэння кансультацый усё ж была прынятая такая пастанова, і пра гэта можна толькі шкадаваць. Ці моцна гэта здзівіла? Мабыць, не...», - сказаў Наўседа.

Раней паведамлялася, што аператар латвійскіх размеркавальных сетак AST паведаміў, што калі Літва спыніць гандаль электраэнэргіяй з Беларуссю, гандаль электраэнэргіяй будзе весціся праз мяжу не Літвы, а Латвіі.

Прэзідэнт Наўседа, які ў сераду сустрэўся ў Берліне з канцлеркай Нямеччыны Ангелай Мэркель, папрасіў дапамогі ў спробах дамагчыся, каб яшчэ да пачатку эксплуатацыі Астравецкай АЭС былі гарантаваныя ўсе стандарты бяспекі.

Астравецкая атамная электрастанцыя, якая будуецца ля мяжы з Літвой, небяспечная, падкрэсліў літоўскі кіраўнік. Сама Мэркель на канферэнцыі сказала, што падтрымлівае занепакоенасць Літвы бяспекай Астравецкай АЭС.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках