29 сакавiка 2024, Пятніца, 3:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка і піянеры-дазорныя

38
Лукашэнка і піянеры-дазорныя
ІРЫНА ХАЛІП

Неўзабаве ў Беларусі пачнуць саджаць за каласкі?

Гляджу часам на тое, што творыць улада, - барацьбу з «дармаедствам», касаванне армейскіх адтэрміновак, школьныя экскурсіі ў АМАП, бітву за ўраджай, суботнікі - і думаю: ну калі ж яны нарэшце пачнуць саджаць за каласкі? Усё нібыта паводле схемы ідзе, а вось за каласкі яшчэ не саджаюць. А гэта ўжо невыкананне законаў жанру і наогул непарадак.

Але вось нарэшце дачакаліся. Дайшлі да каласкоў, не пасарамацілі гонар бацькоў і дзядоў. «Разгільдзяйства насельніцтва надзвычайнае. Не хачу сказаць, што ўсе дрэнныя. Але крадзеж квітнее. Мне нават сорамна як прэзідэнту пра гэта гаварыць. Прытым крадуць усё, пачынаючы ад дызельнага паліва і бензіну. Нядаўна выявілі: проста з поля збожжа вязуць дадому. Знахабіліся да такой ступені, што нават не тояцца. Бяруць, як усё сваё. Вось гэта мы выкарчуем з коранем». Цытата з прамовы Лукашэнкі падчас паездкі ў Магілёўскую вобласць. Вам гэтыя словы нічога не нагадалі? Асабіста мне - нагадалі.

«Пачаліся крадзяжы калгаснага хлеба, цягалі кілаграмамі, вядзерцамі, цягалі ў кішэнях, халявах ботаў, цягалі ў мяшках». Гучыць, як прадаўжэнне прамовы правадыра на Магілёўшчыне. Быццам перавёў ён дыханне, глынуў вадзіцы крынічнай і прадоўжыў выкрываць ворагаў народа. Але гэта ўжо не зусім Лукашэнка. Гэта цытата з артыкула ў газеце «Пионерская правда» ў студзені 1933 года, якая заклікае піянераў сачыць за калгаснымі палеткамі і даносіць на тых, хто выносіць з палеткаў зерне.

І цяпер я разумею, навошта ў сучаснай Беларусі вярнулі піянераў і стварылі БРСМ: для таго ж самага. Для даносаў з наступным сядзеннем у прэзідыуме. Для выкрыцця тых, хто цягне каласкі, бо менавіта гэтыя ворагі народа і вінаватыя ў тым, што год за годам бітва за ўраджай застаецца прайгранай.

Звярніце ўвагу на прамовы Лукашэнкі і параўнайце з выступамі неадукаваных дзяржаўных дзеячаў трыццатых гадоў. Гэта тая ж рыторыка, тая ж крывадушнасць, тыя жа метады пошуку вінаватых, тое ж імкненне ўцягнуць у дзяржаўную брыдоту ўсіх, хто яшчэ не акунуўся туды з галавой, у тым ліку дзяцей, каб сапраўды, як у трыццатыя, палова насельніцтва сядзела, другая палова ахоўвала, а потым яны мяняліся б месцамі.

Прызнаць уласны непрафесіяналізм і абскурантызм нашы прызначэнцы сапраўды гэтак жа не ў стане, як іх папярэднікі з савецкіх трыццатых. Таму і шукаюць, зусім як тады, вінаватых. Узгадайце: за гэтыя чвэрць стагоддзя вінаватымі ў неплатаздольнасці беларускай эканомікі пабывалі амерыканцы ды палякі, журналісты і прадпрымальнiкi, апазіцыя і асабіста Зянон Пазьняк, праваабаронцы і аўтааматары - спіс можна прадаўжаць і дапаўняць. Цяпер вось яшчэ і тыя, хто цягне каласкі, дадаліся. Але іх будуць «выкарчоўваць з коранем», як паабяцаў дыктатар. Зусім як калісьці таварыш Сталін: «Ворагаў не трэба шукаць далёка ад калгасу, яны сядзяць у самым калгасе».

Адразу ўспомнілася гісторыя тых каласковых расстрэлаў. У СССР на пачатку трыццатых галадала не толькі Украіна. Галадалі Паволжа, Чарназем'е, Урал, Паўночны Каўказ, Беларусь, Казахстан, Крым. Больш за сем мільёнаў чалавек за два гады памерлі ад голаду ў вялікай савецкай краіне. А сталінскія няздары абвінавачвалі ў гэтым тых, хто выносіць з палеткаў каласкі, і заклікалі дзяцей даносіць на іх. У выніку газета «Пионерская правда» стала цэнтрам дзіцячага стукацтва пад патранатам добрых дзядзькам-камісараў. Лісты-даносы туды прыходзілі мяшкамі і перасылаліся ў НКУС. Фатаграфіі юных даносчыкаў публікаваліся ў газеце, а некаторых шчасліўчыкаў адпраўлялі на злёт піянераў-дазорных і нават у Артэк. Напрыклад, увесь Савецкі Саюз тады чытаў артыкулы пра гераічнага хлопчыка Проню Калыбіна, які данёс на ўласную маці. Яна збірала ў полі апалыя каласы і збожжа, але сын быў пільны. Маці пасадзілі на дзесяць гадоў, а героя Проню адправілі спачатку ў Артэк, потым у дзіцячы дом. Іншы піянер Міця Гардзіенка застукаў на калгасным полі за тым жа заняткам суседзяў - яны таксама збіралі апалыя каласы. У выніку суседа расстралялі, суседку адправілі ў лагер на дзесяць гадоў, а Міцю падарылі імянны гадзіннік і гадавую падпіску на газету «Ленинские внучата».

Сёння яму б падаравалі падпіску на «Юный спасатель».

Ірына Халіп, спецыяльна для Charter97.org

Напісаць каментар 38

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках