28 сакавiка 2024, Чацвер, 22:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Студэнты з Магілёва: Я пастанавіў не чакаць, калі з неба ўпадуць смелыя людзі

3
Студэнты з Магілёва: Я пастанавіў не чакаць, калі з неба ўпадуць смелыя людзі
ІЛЮСТРАЦЫЙНАЕ ФОТА

Аляксей Майсееў змагаецца супраць закона аб адтэрміноўцы.

Актывісты, якія выступаюць супраць нядаўна прынятага закона «Аб адтэрміноўцы», працягваюць сутыкацца з ціскам з самых розных бакоў. Як паведамляе «Радыё Свабода», днямі навучэнец Магілёўскага дзяржаўнага эканамічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа Аляксей Майсееў падаў заяўку ў Магілёўскі гарвыканкам на правядзенне адзіночнага пікету. Яго мэта - праінфармаваць грамадзян аб новым законе, які тычыцца службы ў войску.

«Хочацца неяк супрацьстаяць гэтаму закону, а многія людзі, мабыць, баяцца падаваць заяўкі на такія акцыі. Я надумаў не чакаць, калі з неба ўпадуць смелыя людзі», - сказаў Аляксей Майсееў.

Са слоў Аляксея, на ініцыятыву адрэагавала адміністрацыя каледжа.

«Мяне выклікалі ў каледж наконт правядзення пікету. Дырэктар таксама спрабаваў даць мне «рэкамендацыі», што гэтага рабіць не варта, бо на мне будзе нейкае «таўро» і навошта падстаўляць каледж. Спрабавалі мне растлумачыць непазбежнасць службы ў войску, і што я туды пайду ў кожным выпадку, таму якая розніца», - сказаў Аляксей.

Атрымаць каментар у дырэктара каледжа Алега Бахановіча журналістам не ўдалося, ён патлумачыў, што «заняты».

Гэта не першы выпадак ціску, з якім сутыкаюцца актывісты кампаніі «Пратэст BY», што выступае супраць закона «Аб адтэрміноўцы». Калі раней студэнт з Менска Валянцін Мялешка таксама падаў заяўку на правядзенне адзіночнага пікету ў дазволеным месцы, ідэолаг Заводскага раёна літаральна ўгаворвала яго адклікаць паведамленне на пікет. У Гародні былі затрыманыя тры хлопцы, якія распаўсюджвалі ўлёткі аб кампаніі і пра шкоднасць новага закона. Хлопцаў распытвалі пра дзейнасць кампаніі і адпусцілі без складання пратаколаў. Таксама праваабаронцам вядома аб падобным выпадку, які адбыўся з юнакамі ў Слоніме.

Чыноўнікі фактычна праігнаравалі петыцыю супраць закона «Аб адтэрміноўцы», якая сабрала 10 тысяч подпісаў. Аднак абыякавасць чыноўнікаў не спыніла неабыякавых грамадзян. Яны пачалі актыўна каардынавацца праз інтэрнэт і разам планаваць шэраг актыўнасці, каб усё ж дамагчыся таго, каб іх меркаванне было пачутае.

Паводле новага закона адтэрміноўка ад войска для атрымання адукацыі будзе давацца толькі адзін раз. У Мінабароны новаўвядзенні патлумачылі бракам навабранцаў і адзначылі, што новыя правілы дазволяць кожны год набіраць на 4,5 тысячы жаўнераў болей, чым раней.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках