25 красавiка 2024, Чацвер, 20:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Паядынак Зяленскага і Пуціна

13
Паядынак Зяленскага і Пуціна

Гульня паміж кіраўніком Крамля і прэзідэнтам Украіны пачалася пасля перамогі апошняга на выбарах.

Расейцы, якія зазнаюць палітычны пераслед», могуць у паскораным парадку атрымаць украінскае грамадзянства: указ аб гэтым падпісаў прэзідэнт Уладзімір Зяленскі, які такім чынам зрэагаваў на аналагічную заканадаўчую ініцыятыву Крамля, піша Міхал Кокат для польскага выдання Gazeta Wyborcza, (пераклад - inosmi.ru).

Пуцінскі ўказ з'явіўся месяц таму: цяпер жыхары Данецкай і Луганскай абласцей Украіны могуць атрымаць расейскі пашпарт паводле спрошчанай сістэмы. Гэта падзея адбылася за тыдзень да парламенцкіх выбараў ва Украіне, таму ўсе былі перакананыя ў тым, што рэйтынг сіл, якія займаюць рэзка антырасейскую пазіцыю, падвысіцца, а прэзідэнцкага руху «Слуга народа» панізіцца. У выніку прагнозы не спраўдзіліся: партыя Зяленскага атрымала ў парламенце большасць месцаў і, прынамсі, тэарэтычна, здабыла такую свабоду дзеянняў, якой не было ў аніводнай іншай палітычнай групе за ўсю гісторыю існавання Украіны.

Новы ўказ Зяленскага дазваляе выдаваць пашпарты ў паскораным парадку замежнікам і асобам без грамадзянства, якія ваявалі на ўкраінскім фронце на баку Кіева або зазналі палітычны пераслед у сябе на радзіме.

Прахалодныя стасункі Пуціна і Зяленскага

Гульня паміж Пуціным і Зяленскім пачалася ў той момант, калі апошні з вялікай перавагай атрымаў перамогу на выбарах. Дачыненні паміж двума лідарамі з самага пачатку былі прахалоднымі: расейскі прэзідэнт нават не накіраваў новаму кіраўніку Украіны афіцыйнае віншаванне.

Пасля інаўгурацыі Зяленскі размаўляў са сваім калегам з Расеі ўсяго двойчы. Апошнім разам ён рабіў гэта на мінулым тыдні пасля нападу сепаратыстаў на чатырох украінскіх марскіх пяхотнікаў, якія займаліся інжынернымі працамі ў ваколіцах Паўлопаля Данецкай вобласці: у выніку разрыву артылерыйскіх боепрыпасаў яны загінулі на месцы. Зяленскі ў тэлефоннай размове прасіў Пуціна схіліць сепаратысцкія сілы спыніць абстрэлы і выконваць рэжым спынення агню.

Расейскі прэзідэнт, у сваю чаргу, запатрабаваў правядзення ў жыццё менскіх дамоўленасцей 2015 года, згодна з якімі Данецкая і Луганская вобласці павінны стаць напалову аўтаномнымі рэгіёнамі. Зяленскі, як і ягоны папярэднік Пятро Парашэнка, не збіраецца на гэта пагаджацца. Ён заявіў Пуціну проста, што для гэтага давялося б змяніць канстытуцыю, а ён не бачыць у такім кроку неабходнасці, бо ў цяперашнім выглядзе яна гарантуе роўныя правы ўсім украінцам па-за залежнасцю ад таго, на якой тэрыторыі яны знаходзяцца.

Чарговым разам рэжым спынення агню пачаў дзейнічаць на Данбасе ў канцы ліпеня, і хоць ён выконваўся ўсяго цягам 17 дзён, ваенная актыўнасць з абодвух бакоў у параўнанні з папярэднімі месяцамі значна знізілася. Зяленскі ўжо папрасіў прэзідэнта Францыі і канцлерку Нямеччыны вярнуцца да перамоваў у нармандскім фармаце, каб забяспечыць рэгіёну ўстойлівае замірэнне.

Затрыманы расейскі танкер

У якасці прэзідэнта Зяленскі стараўся прыцягнуць увагу Захаду, а адначасова зарэкамендаваць сябе ў ролі палітыка, які займае ўмераную пазіцыю. Такую мэту пераследавала нядаўняя аперацыя арышту танкера, што блакаваў у канцы мінулага года карабель з украінскімі маракамі ў Керчанскай пратоцы, які расейцы ў аднабаковым парадку прызналі часткай уласнай тэрыторыі.

Украінскія маракі дагэтуль знаходзяцца ў расейскай турме. Тэарэтычна ім пагражае шматгадовае турэмнае зняволенне за парушэнне мяжы РФ. Міжнародны трыбунал ААН у марскім праве абавязаў Расею іх вызваліць, але Крэмль пра гэта не хоча і чуць. У сваю чаргу, украінцы, якія арыштавалі расейскі танкер, які браў удзел у інцыдэнце, у адрозненне ад расейцаў пасля допыту вызвалілі маракоў, якія знаходзіліся на ім.

Напісаць каментар 13

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках