23 красавiка 2024, aўторак, 9:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускі бюджэт падае сігналы пра новую дэвальвацыю?

17
Беларускі бюджэт падае сігналы пра новую дэвальвацыю?
Карыкатура: CARTOON.KULICHKI.COM

Выдаткі ўладаў неабгрунтавана ўзраслі.

Беларускі бюджэт з'яўляецца зводным паказчыкам, што характарызуе фінансавую сістэму дзяржавы, і, здавалася б, непасрэдна не закранае канкрэтнага беларуса. У той жа час просты макраэканамічны аналіз даходнай і расходнай частак бюджэту дазваляе вызначыцца з тым, якія эканамічныя працэсы адбываюцца ў эканоміцы і чаго варта чакаць канкрэтнаму чалавеку ў найбліжэйшай перспектыве. Каб зразумець, як гэта адбываецца на практыцы, прааналізуем выкананне беларускага бюджэту за першае паўгоддзе 2019 года, піша Аляксандр Жук у артыкуле для выдання «Белрынок».

Даходы растуць нераўнамерна

За першае паўгоддзе 2019 года даходы бюджэту сектара дзяржаўнага кіравання, гэта значыць фактычныя прыбыткі дзяржавы, склалі 25,9 млрд рублёў або 110,6% да аналагічнага перыяду 2018 года. Гэты рост даходаў перавышае ўзровень інфляцыі ў краіне, а значыць, рэальныя даходы дзяржавы ў 2019 годзе павялічыліся.

Асноўны прырост даходаў дзяржавы забяспечаны за кошт росту адлічэнняў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН), якія павялічыліся за год на 0,9 млрд. рублёў або на 113,4% і забяспечылі 36% усяго прыросту даходаў дзяржавы. Паказаны прырост даходаў у ФСАН наўпрост звязаны з рэальным ростам заробку ў дзяржаве, які істотна перавышае рост ВУП у дзяржаве, а значыць, чарговым разам можна казаць пра «штучнае» павелічэнні даходаў насельніцтва, не падмацаваных ростам прадукцыйнасці працы.

Таксама істотна, на 116,7%, у першым паўгоддзі 2019 года ўзраслі паступленні ў бюджэт ад падатку на прыбытак. Гэтак істотны рост рэнтабельнасці беларускага бізнэсу можа быць абумоўлены, як спрыяльнай замежнаэканамічнай кан'юнктурай, так і новымі падатковымі льготамі. Нагадаем, што з 1 студзеня 2019 года для беларускага бізнэсу ўстаноўлены льготныя 0% стаўкі па падатку на прыбытак і падаходным падатку пры размеркаванні дывідэндаў адзін раз на 5 гадоў. Відавочна гэтая льгота прастымулявала частку беларускага бізнэсу вывесці свае прыбыткі «з ценю» і паказаць рэальную рэнтабельнасць сваёй дзейнасці.

Менш істотна ў першым паўгоддзі 2019 года выраслі паступленні ад акцызаў і ПДВ. Яны склалі 108,3% і 105,9% адпаведна ў дачыненні да аналагічнага перыяду мінулага года. Гэтыя падаткі наўпрост звязаныя з рэалізацыяй тавараў (работ, паслуг) і характарызуюць узровень спажывання ў краіне. Апераджальны рост акцызаў над ПДВ сведчыць пра тое, што насельніцтва ў большым аб'ёме набывала падакцызныя тавары (алкаголь, тытунь, бензін), чым іншыя непадакцызныя групы тавараў.

У сваю чаргу рост паступленняў ад ПДВ і акцызаў трэба параўноўваць з ростам ВУП, які павялічыўся з пачатку года ў супастаўных коштах на 0,9%, і ростам спажывецкіх коштаў на тавары і паслугі, якія з пачатку года выраслі на 2,9%.

Супастаўленне гэтых звестак сведчыць аб тым, што прырост, як паступленняў акцызаў, так і ПДВ, звязаны з ростам выдаткаў насельніцтва. Фактычна насельніцтва аддае перавагу больш выдаткоўваць, чым ашчаджаць, што і дазваляе дзяржаве забяспечваць прырост даходаў бюджэту за кошт ПДВ і акцызаў.

Адзінай прыбытковай крыніцай, якая скарацілася ў 2019 годзе сталі даходы ад замежнаэканамічнай дзейнасці, якія склалі толькі 85,2% ад узроўню мінулага года. На гэтую акалічнасць паўплываў расейскі манеўр з коштамі нафты, які скараціў паступленні ад мыт. Агулам жа зніжэнне ад даходаў ад замежнаэканамічнай дзейнасці за першае паўгоддзе 2019 года склала 0,4 млрд рублёў у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

Апераджальны рост выдаткаў

Яшчэ больш істотна, чым даходы, раслі выдаткі дзяржавы. Так рост выдаткаў дзяржавы ў першым паўгоддзі 2019 года склаў 11,4% да аналагічнага ўзроўню мінулага года. Агульныя выдаткі дзяржавы ў 2019 годзе склалі 23,4 млрд рублёў і таксама павялічваліся нераўнамерна.

Так, найбольш істотна за 2019 год павялічыліся выдаткі ФСАН - на 17,2% ад аналагічнага перыяду мінулага года. Пры гэтым прырост расходаў ФСАН на 1,1 млрд рублёў перавысіў адзначаны вышэй прырост даходаў фонду на 0,2 млрд рублёў, а значыць, дэфіцыт сродкаў у ФСАН павялічваецца. Фактычна дзяржава ў 2019 годзе павялічвае сумы выплат сацыяльных дапамог і пенсій без уліку рэальнага фінансавага стану даходаў фонду. Відавочна, што бясконца такі «дэфіцытны» рост выдаткаў ФСАН доўжыцца не можа, а значыць, дзяржаве трэба будзе прыдумляць новыя крыніцы фінансавання для выплаты пенсій.

Другой паводле росту выдаткаў у 2019 годзе стала сацыяльная сфера. Так, павелічэнне выдаткаў на сацыяльную сферу, і найперш на рост аплаты працы ў адукацыі, ахове здароўя і гэтак далей, павялічыўся на 13,3%.

Менш істотна павялічваліся выдаткі на нацыянальную эканоміку на 8,7% і на агульнадзяржаўную дзейнасць на 5,9%. Апошняе сведчыць аб тым, што прыярытэтам для дзяржавы ў 2019 годзе стала забеспячэнне росту даходаў насельніцтва над іншымі выдаткамі дзяржавы.

Пры гэтым варта адзначыць, што перавышэнне тэмпу росту выдаткаў над даходамі ў першым паўгоддзі 2019 года прывяло да скарачэння прафіцыту дзяржаўных фінансавых рэсурсаў з 3,4 млрд рублёў у 2018 годзе да 2,5 млрд рублёў у 2019 годзе. Вядома, што прафіцыт бюджэту накіроўваецца пераважна на выплату замежнай запазычанасці дзяржавы.

Адпаведна, скарачэнне прафіцыту дзяржаўнага бюджэту азначае, што дзяржава сёлета будзе імкнуцца пераважна не выплачваць замежную запазычанасць, а рэфінансаваць яе за кошт новых запазычанняў або падаўжэння тэрмінаў выплаты старых пазык. Фактычна праблема выплаты дзяржаўнай запазычанасці пераносіцца на будучыя перыяды.

Аналіз дзяржаўных фінансаў першага паўгоддзя 2019 года сведчыць аб тым, што дзяржава імкнецца выкарыстоўваць даходы дзяржаўнага бюджэту без уліку рэальнай эканамічнай сітуацыі ў краіне, змены прадукцыйнасці працы. У тым ліку, на дасягненне запланаванага Лукашэнкам сярэдняга ўзроўню аплаты працы «1 000 рублёў».

Практыка мінулых дзесяцігоддзяў паказвала, што эканамічна неабгрунтаваны рост аплаты працы заўсёды вёў да дэвальвацыі беларускага рубля, інфляцыі і новага вітка эканамічнага крызісу. Ці атрымаецца дзяржаве пазбегнуць гэтай негатыўнай традыцыі, пакажа найбліжэйшы год.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках