24 красавiка 2024, Серада, 19:26
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Максім Вінярскі: Мы павінны змагацца з трыма слупамі каланіяльнай палітыкі

7
Максім Вінярскі: Мы павінны змагацца з трыма слупамі каланіяльнай палітыкі
МАКСІМ ВІНЯРСКІ

Кіраўнік Беларусі сёння - расейскі чыноўнік.

Пра гэта заявіў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Максім Вінярскі падчас выступу на канферэнцыі «Беларуская інтэлігенцыя ў падтрымку Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы». Прэс-служба Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу прыводзіць тэкст ягонага выступу:

- Яшчэ зусім маленькім, я час ад часу прыязджаў да бабулі, маці майго бацькі, у вёску. Я бачыў, як яна малілася, як яна сама казала, «па-польску». Другая бабуля, якая жыла ў Менску, малілася інакш, як яна казала, «па-расейску». І я ніяк не мог зразумець, чаму абедзве беларускі моляцца па-рознаму і чаму так пра гэта кажуць, чаму не моляцца па-беларуску? Прайшоў час, і з гісторыі майго народа я выдатна зразумеў, чаму так здарылася. Я даведаўся, як чужынцы знішчалі нашу царкву перад тым, як забраць наш дом. Як нашы продкі паміралі за свабоду сваёй краіны з рознымі малітвамі. Каталікі, праваслаўныя, уніяты. Беларусаў зноў і зноў змушалі выбіраць іншаземнае і не давалі прыжыцца нічому свайму. Для суседзяў з усходу гэта стала нават дзяржаўнай палітыкай, якая ўвасобілася ў знакамітай фразе:

«Што не даробіць расейскі штык, зробіць расейскі чыноўнік, расейская школа і расейскі поп».

Мы ўсе ведаем хто, калі і пры якіх умовах сказаў гэтую фразу. Яна чырвонай стужкай прайшла праз палітыку Масквы ў дачыненні да нашай краіны. Ёй, гэтай фразай, кіраваліся ў сваіх думках і дзеяннях і расейскія цары, і камуністычныя правадыры. Вынік добра памятаюць тыя, хто жыў у часы позняга Савецкага Саюза. Тады было адчуванне, што яшчэ дзесяцігоддзе, і з марамі аб незалежнасці Беларусь можна будзе развітацца назаўжды.

Але адбылося па-іншаму. Беларусь стала хаця б ненадоўга незалежнай дзяржавай. Фармальна мы не страцілі суверэнітэт і цяпер, але кожны дзень, на кожным кроку мы сутыкаемся з прадаўжэннем той жа палітыкі. Беларускія дзеці ідуць у расейскую школу, у расейскі ўніверсітэт. Расейскі чыноўнік сёння з'яўляецца кіраўніком каланіяльнай акупацыйнай адміністрацыі ў Беларусі. Мы ходзім маліцца ў расейскую праваслаўную царкву.

Барацьба за свабоду нашай краіны была непарыўна звязаная з барацьбой з гэтымі трыма слупамі каланіяльнай палітыкі. Пабудова нацыянальнай царквы - адзін з самых важных момантаў. Гэта разумелі літоўскія князі, калі дамагліся стварэння Наваградскай епархіі. Гэта разумелі патрыёты пачатку мінулага стагоддзя, калі спрабавалі заснаваць аўтакефалію ў жорсткіх і неспрыяльных варунках. Гэта разумеем мы - тыя, хто змагаецца за свабоду сёння.

Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква - адзін з галоўных слупоў, на якім будзе пабудаваная ў будучыні незалежная беларуская дзяржава. Я веру, што яна будзе пабудаваная на тым падмурку, які закладваецца сёння тут.

Жыве Беларусь!

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках